У будынку прадпрыемства “Метыз”, якое належыць Таварыству глухіх, адкрыўся малітоўны пакой ад Беларускага экзархата РПЦ.
Малельню асвяціў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, паведамляе Instagram таварыства. У той жа час, сайт Магілёўскай епархіі сцвярджае, што чын асвячэння пакоя здзейсніў протаіерэй Аляксандр Ралюк, які духоўна акармляе калектыў прадпрыемства. У сваю чаргу архіепіскап Сафроній пасля заканчэння малебна прамовіў пропаведзь, пасля чаго пагутарыў з завадчанамі.
Падзея адбылася напрыканцы мінулага года – 30 снежня.
Паводле тэлеграм-выдання Mayday, на малебен у працоўны час начальнікі знялі з вытворчасці змену прадпрыемства. Якім будзе рэжым працы малітоўнага пакоя і як ён будзе выкарыстаны – пакуль няясна. У той жа час, на “Метызе” адзначаюць, што гэта тое месца, дзе людзі з парушэннем слыху змогуць знайсці суцяшэнне, падтрымку і магчымасць памаліцца ў цішыні.
Фотаздымак: Instagram Беларускага таварыства глухіх