Выміраючыя вёскі Магілёўшчыны: цана «адраджэння», якога не адбылося

У раённай газеце «Асіповіцкі край» выйшаў кранальны рэпартаж пра дзве вёскі Асіповіцкага раёна – Бродзішча і Засялечча.

Журналісты асіповіцкай “раёнкі” расказалі пра шэсць жыхароў Бродзішча і трох – Засялечча. Пра тое, што аўтобусныя зносіны з райцэнтрам адсутнічаюць, і да чыгуначнай станцыі старым даводзіцца дабірацца самім. Пра тое, што адзіны мужчына на ўсю акругу развозіць суседзяў у недалёкую Татарку на мотаблоку.

Пра 95-гадовую жыхарку, якая перажыла акупацыю і ўсё жыццё пражыла на роднай зямлі. Пра закінуты дом з таблічкай «Маёмасць застрахавана. Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнага страхавання СССР» – краіна знікла, а бляшаны ромбік застаўся.

страхаванне

Усё напісана з цеплынёй і павагай да герояў. Але за настальгічнай інтанацыяй прыкметна іншае: гэтыя вёскі выміраюць не таму, што «ў кожнага населенага пункта свой лёс». Яны выміраюць таму, што палітыка «адраджэння вёскі», якая абышлася беларускім падаткаплацельшчыкам у дзясяткі трыльёнаў, аказалася дэкарацыяй.

Праграма на 70 трыльёнаў і 1,3 мільёна зніклых сяльчан

У 2005 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 150 «Аб Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады». На яе рэалізацыю, згодна з праграмай, планавалася ўкласці каля 70 трыльёнаў рублёў. Затым рушылі Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады, Дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнесу на 2016-2020 гады. і «Аграрны бізнес» на 2021-2025 гады

Афіцыйныя вынікі ў падачы дзяржаўных СМІ выглядаюць уражліва. Па стане на лістапад 2025 года ў краіне створана 1 426 аграгарадкоў.

Лукашэнка абяцае яшчэ больш радыкальную будучыню: праз 10-15 гадоў вёскі ў Беларусі ператворацца ў камфортныя аграгарадкі, падобныя па ўзроўні жыцця да гарадоў.

А цяпер факты, якія не трапляюць у парадныя справаздачы. Паводле даных выдання ThinkTanks са спасылкай на Белстат, за апошнія пяць гадоў з карты Беларусі знікла 60 вёсак.

У 2024 годзе ў сельскай мясцовасці пражывала 1,942 мільёна беларусаў. За апошнія дзесяць гадоў вёскі страцілі 270 тысяч жыхароў, а за 30 гадоў – 1 мільён 300 тысяч чалавек: у 1996 годзе колькасць сельскіх жыхароў яшчэ дасягала 3,2 мільёна.

Карціна яшчэ больш жорсткая, калі глядзець па раёнах. Незалежнае выданне «Люстэрка» адзначае горкую рэч: «менавіта эканамічныя, дэмаграфічныя і сацыяльныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі, змаглі зрабіць тое, чаго не здолелі нацысцкія акупанты».

Бродзішча і Засялечча – не выключэнне, а правіла. Гэта і ёсць вынік «адраджэння», на якое пайшлі дзясяткі трыльёнаў рублёў падаткаплацельшчыкаў.

Чарнобыль як рытуал: прапагандысты супраць рэальнасці

Паралельна з гэтым у дзяржавы знайшліся сілы і рэсурсы на маштабную інфармацыйную кампанію. 16 красавіка 2026 года – за дзесяць дзён да 40-годдзя чарнобыльскай катастрофы – па ўсёй краіне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Тэма: «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця».

Інфармацыйна-прапагандысцкія групы выступаюць у школах, каледжах, на прадпрыемствах, у ЖКГ і ветстанцыях. У метадычках – стандартныя тэзісы: амаль чвэрць тэрыторыі Беларусі, на якой пражывала пятая частка насельніцтва краіны, апынулася забруджанай радыенуклідамі; спынілі існаванне 479 населеных пунктаў (у Магілёўскай вобласці – 173). І далей – пра гераічнае пераадоленне і шэсць дзяржаўных праграм.

Пра што прапагандысты не гавораць? Пакуль яны расказваюць працоўным калектывам пра «ўстойлівае развіццё» пацярпелых рэгіёнаў, у гэтых самых рэгіёнах вёскі працягваюць выміраць – проста ўжо не ад радыяцыі, а ад дэмаграфічнай катастрофы, якую ўлада не змагла спыніць. І што паралельна ў краіне разгортваецца новы, ужо «мірны» ядзерны сцэнарый.

Адна АЭС, другая на падыходзе, могільнік у працэсе выбару

БелАЭС у Астраўцы ўведзена ў эксплуатацыю. Але гэтага мала. 25 верасня 2025 года Лукашэнка заявіў пра планы дамовіцца з Пуціным аб будаўніцтве ў Беларусі другой АЭС. 26 верасня ў Крамлі ён наўпрост сказаў: «Калі будзе рашэнне, мы адразу пачнём новы энергаблок або новую станцыю ставіць, калі будзе патрэба на захадзе Расіі і ў вызваленых рэгіёнах» – маючы на ўвазе акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі.

Паводле даных РБК, Лукашэнка прапанаваў узвесці атамную станцыю на ўсходзе краіны, яна магла б забяспечваць энергіяй у тым ліку захад Расіі і тыя самыя «новыя рэгіёны». Дзеючая АЭС знаходзіцца на захадзе краіны, каля мяжы з Літвой.

Лагічна задаць пытанне: навошта краіне, якая губляе насельніцтва (і не толькі сельскае), пры дзеючай БелАЭС, якая пакрывае па афіцыйных даных каля 40 працэнтаў унутраных патрэб у электраэнергіі, другая атамная станцыя? Адказ, мяркуючы па словах самога Лукашэнкі, утылітарны: каб прадаваць электраэнергію Расіі і яе «новым рэгіёнам».

А паралельна вырашаецца пытанне, якое традыцыйна замоўчваецца ў «адзіных днях інфармавання»: дзе хаваць радыеактыўныя адходы.

Паводле даных BELPOL, у сярэдзіне жніўня 2025 года прынята канчатковае рашэнне: сховішча размесцяць каля Астравецкай АЭС, усяго ў 22 кіламетрах ад мяжы з Літвой. На праект плануюць вылучыць 941 мільён беларускіх рублёў, увод у эксплуатацыю намечаны на 2030 год. Рэалізацыяй зоймецца дзяржаўнае прадпрыемства «БелРАА».

Але разглядаюцца і іншыя варыянты. Для будаўніцтва ядзернага могільніка выбіраюць пляцоўку з трох варыянтаў. Магілёўская вобласць разглядаецца як адна з пляцовак для захавання ядзерных адыходаў.

Кола замкнулася

Атрымліваецца паказальная карціна. Дзяржава сорак гадоў расказвае пра ахвяры Чарнобыля і свае намаганні па «адраджэнні» пацярпелых тэрыторый.

На праграмы «адраджэння вёскі» патрачаны дзясяткі трыльёнаў. Аграгарадкоў пабудавана амаль паўтары тысячы. А паралельна – сельскае насельніцтва за 30 гадоў скарацілася на 1,3 мільёны чалавек.

Вёскі Бродзішча і Засялечча ў Асіповіцкім раёне – шэсць і тры жыхары адпаведна, без аўтобусных зносін.

Пабудавана адна АЭС, абмяркоўваецца другая – на ўсходзе, для экспарту электраэнергіі ў Расію і на акупаваныя ёю тэрыторыі.

Выбіраецца месца для захавання радыеактыўных адыходаў – сярод варыянтаў Магілёўская вобласць. А раз на месяц па ўсёй краіне збіраюць людзей паслухаць пра «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця».

Вернемся да лёсу вёскі. Няма ніякага лёсу. Гэта вынік злачыннай палітыкі – цалкам канкрэтнай, з указамі, лічбамі бюджэтных выдаткаў і мільёнамі зніклых жыхароў.

Старая жанчына, якой 95 гадоў, і якая перажыла акупацыю, тыф, пасляваенны голад, працу санітаркай у бальніцы, заслугоўвае не рэпартажу пра яе дажыванне ў спусцелай вёсцы. Яна заслугоўвае, каб яе зямля жыла. Але пакуль дзясяткі трыльёнаў укладваліся ў прыгожыя шыльды аграгарадкоў і паказныя справаздачы, Бродзішча, Засялечча і тысячы падобных ім вёсак Магілёўшчыны ціха зніклі з карты.

А на гэтай карце вось-вось з’явіцца новая кропка – пункт захавання радыеактыўных адходаў. Магчыма, якраз у Магілёўскай вобласці.

Адраджэнне

Фота раённай газеты “Асіповіцкі край”.