Прадуктыўнасць прамысловай вытворчасці зменшылася на 6,2 працэнты, паказвае статыстыка Белстату

Апрацоўчая прамысловасць зменшыла абароты на 7,1% у параўнанні з мінулым годам. А горназдабыўчая – адзіная з усіх галін беларускай прамысловасці, якая паказала рост – 2,2%.

Рэсурс Myfin прааналізаваў сітуацыю ў эканоміцы сыходзячы з апублікаваных звестак Белстату. Паводле іх, за сем месяцаў гэтага года прамысловая вытворчасць скарацілася на 6,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года, у супастаўных цэнах – да 95,2 мільярды рублёў.

Згодна з дадзенымі статыстычнага ведамства, піша Myfin, нізкія паказчыкі назіраюцца і ў сельскай гаспадарцы. За студзень-ліпень вытворцы ўсіх катэгорый выпусцілі адпаведнай прадукцыі толькі на 12,2 мільярды рублёў – гэта на 10,4% менш, чым у мінулым годзе.

Найістотнейшае падзенне зазнала апрацоўчая прамысловасць – 7, 1%. Горназдабыўчая адзіная з усіх галін прамысловасці паказала рост – 2,2%.

Myfin выснуе, што прамысловасць і сельская гаспадарка ў чырвонай зоне – у апошнім выпадку прычынай можа быць позняя ўборачная, адзначае выданне.

Як сведчыць статыстыка ў параўнанні з леташнім перыядам, сёлетняе жніво павольнейшае.

На 1 жніўня 2022 года з 20,3% запланаваных плошчаў было ўбрана 1,7 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы); а на 2 жніўня 2021 года было сабрана амаль 3,4 мільёны тон збожжа з 48,7% плошчаў.

Жывёлы і птушкі ў жывой вазе ў гаспадарках за студзень-ліпень 2022 года атрымана больш за 1 тысячу тон, малака выраблена 4,6 тысяч тон, а яек – 2,017 мільярды штук.

На 1 жніўня ў сельскагаспадарчых арганізацыях налічвалася 4,1 мільёны галоў буйной рагатай жывёлы і 2,3 мільёны свіней.

фота: myfin.by