Новы інавацыйны мікрараён у Магілёве аказаўся з кучай праблем

Плавіліся разеткі, не працуюць канвектары, працякае дах і неадрэгуляваныя вокны – гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкнуліся жыхары мікрараёна “Талісман” у Магілёве.

Новы мікрараён “Талісман” на вуліцы Першамайскай у Магілёве пачалі будаваць у канцы 2022 года. Ён знаходзіцца за чыгуначным вакзалам, у раёне праезда Віцебскі тупік. Для пабудовы мікрараёна тут закрылі бальніцу сястрынскага нагляду і высеклі сад Бекарэвіча – пісалі mogilev.media.

Праблемнай зонай месца будаўніцтва стала яшчэ ў пачатку 2023 года. Падчас пракладкі камунікацый тут надоўга перакрывалі Віцебскі тупік, вельмі ажыўленую дарогу праз Дачны пасёлак, якая звязвае Першамайскую з праспектам Міра праз вуліцу Сурганава. Аднак, не паспелі Віцебскі тупік адкрыць для праезду, як у першыя ж дні на ім захрасла машына. Яміны на толькі што адкрытай дарозе дазвалялі “праглынуць” кола аўтамабіла так, што легкавыя падвісалі на днішчы.

Да канца 2023 года “Талісма” – новы мікрараён з электрадамоў па вуліцы Першамайскай – быў здадзены ў эксплуатацыю і ў ім пасяліліся першыя жыхары. Трэба адзначыць, што засяленне пачалося яшчэ да таго, як на мікрараёне правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Яна не даведзеная да ладу і зараз – людзям прыходзіцца дабірацца да сваіх дамоў па вязкай гліністай глебе. Гэта толькі першая частка скаргаў ад жыхароў “Талісмана”, што абрынуліся на гарадское кіраўніцтва.

“Ад гарачыні плавяцца разеткі” – скардзіліся жыхары інавацыйнага мікрараёна ў кастрычніку 2023 года. Пасля звароту жыхароў у Магілёўскі домабудаўнічы камбінат, што з’яўляецца забудоўшчыкам комплекса, высветлілася, што ва ўсіх дамах ёсць праблемы з канвектарамі. Пры максімальнай тэмпературы ішло яе перавышэнне на 9 градусаў. Так, пры дапушчальных 95 градусаў канвектар выдаваў 104 – а гэта ўжо недапушчальная тэмпература, вышэй за тэмпературу кіпення вады – пісалі mogilev.media.

Адразу пасля шквалу крытыкі за якасць інавацыйнага будаўніцтва, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама сабрало камісію па даследаванні недапрацовак, члены якой заявілі – “усё нармальна”. Сканцэнтраваўшыся на спецыфічнай рабоце канвектараў – абагравальнікаў жытла – камісія прыйшла да высновы, што работа прыладаў, аднак, адпавядае нарматывам. Так, прадстаўнікі камісіі адзначалі, што паводле тэхнічных характарыстык дапускаецца, каб тэмпература паветра, што выходзіць з канвектара, дасягала 130°С. Таксама, што ў мэтах бяспекі забараняецца падпускаць да канвектара дзяцей, і зноў жа – трымаць блізка прадметы, якія лёгка загараюцца.

Прайшло некалькі месяцаў, і высветлілася, што інавацыйны мікрараён дагэтуль мае кучу праблем. Скаргі жыхароў на работу канвектараў прывялі да іх поўнай замены на працягу студзеня ў тых кватэрах, куды меўся доступ. Ляцелі таксама абагравальнікі ў памяшканнях агульнага карыстання – і іх таксама прыйшлося мяняць. 

“Яшчэ адным праблемным пытаннем у жыхароў “Талісмана” былі шматлікія агульнабудаўнічыя недапрацоўкі” – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. “Шмат нараканняў ад уласнікаў кватэр было на вокны. Для выкаранення няспраўнасцяў на працягу двух дзён на адрас выязджалі спецыялісты, якія ажыццяўлялі рэгуляванне вокнаў.” Акрамя гэтага, у некаторых кватэрах на самых верхніх паверхах пачалі працякаць столі. Няякасна зроблены дах, аднак, зараз рамантаваць не будуць – забудоўшчыкі павінны дачакацца спрыяльнага надвор’я.

Фота: mogilev.media