Магілёўскіх бацькоў масава папярэджваюць, у Гомелі затрымалі 200 “анімэшнікаў”

Магілёўскіх бацькоў масава папярэджваюць, у Гомелі затрымалі 200 “анімэшнікаў”

Першы беларускі збор фанатаў анімэ “Рэдан” адбыўся ў Гомелі 28 лютага. Каля гандлёвага цэнтра “Сакрэт” былі затрыманы 200 падлеткаў, якіх праваахоўнікі атаясамілі з папулярнай субкультурай – паведамляе Тэлеграм-канал МУС Рэспублікі Беларусь. 183 чалавекі сярод затрыманых аказаліся непаўналетнімі.

“Субкультура ПВК “Рэдан” узнікла ў якасці пераймання японскай мультыплікацыі Hunter x Hunter аб злачыннай групоўцы “Геней Рэдан” і адзначаецца магчымым удзелам яе прыхільнікаў у масавых бойках у гандлёвых цэнтрах.” – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Улічваючы магчымы збор прыхільнікаў “Рэдан” у Магіёве 1 сакавіка каля гандлёвага цэнтра “Атрыум”, пра што пісалі mogilev.media, бацькам школьнікаў у абласным цэнтры пачалі прыходзіць папярэджвальныя паведамленні. Узор такога паведамлення размясціў Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”.