Крычаўскія міліцыянты знайшлі ў кіроўцы 100 кілаграм насвая

Крычаўскія міліцыянты знайшлі ў кіроўцы 100 кілаграм насвая

У раёне чыгуначнага вакзала міліцыя спыніла машыну і ў багажным аддзяленні знайшла каля 100 кілаграм насвая. Кіроўцу пагражае буйны штраф.

Каля чыгуначнага пераезду ў Крычаве па вуліцы Моладзевая супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтамабіль «Джылі Атлас», у багажным аддзяленні якога знаходзілася 10 чорных поліэтыленавых пакетаў. Іх змесціва – цвёрдае, сыпкае рэчыва зялёнага колеру – прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў. Не выклікаў даверу і агульны аб’ём – каля 100 кілаграм.

Згодна з экспертызай, дадзеным рэчывам аказаўся некурыльны тытунёвы выраб, прызначаны для смактання і (або) жавання тыпу снюс альбо насвай. У выніку кіроўцу, які перавозіў насвай у сваёй машыне, пагражае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 20 базавых велічыняў з канфіскацыяй некурыльнага тытунёвага вырабу – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота ілюстратыўнае