Гурт «Бі-2» упершыню выйшаў на сувязь пасля затрымання ў Тайландзе

Канцэрты праходзілі законна. Да гурта пусцілі ізраільскага консула, а аўстралійскага – не пусцілі.

Удзельнікі групы “Бі 2” паведамілі, што знаходзяцца ў цэнтры затрымання міграцыйнай паліцыі вострава Пхукет у Тайландзе. У бліжэйшы час іх адправяць у Бангкок для вырашэння пытання аб дэпартацыі. 24 студзеня музыкаў затрымалі за парушэнне правілаў правядзення канцэрта.

«Мы на сувязі з МЗС Ізраіля, яго прадстаўнікі ў Тайландзе ўдзельнічаюць у вырашэнні сітуацыі. Разам з тым, аўстралійскага консула, які прыехаў да месца нашага затрымання, да нас не пусцілі» — гаворыцца ў паведамленні групы ў сацсетцы X.

Музыкі гурта ўпершыню пракаментавалі сваё затрыманне. Пасля канцэрту ў Пхукет 24 студзеня паліцыя заявіла, што арганізатары мерапрыемства некарэктна аформілі неабходныя дакументы. Пры гэтым музыкі сцвярджаюць, што ўсе канцэрты гурта ў Тайландзе “праводзяцца ў адпаведнасці з мясцовымі законамі і практыкамі”. Раней СМІ са спасылкай на турыстычную паліцыю Пхукет паведамлялі, што прычынай затрымання была адсутнасць дазволу на працу.

«Першую ноч мы правялі ў камеры паліцэйскага ўчастку. Былі затрыманыя ўсе ўдзельнікі групы, сярод якіх грамадзяне Расіі, Ізраіля і Аўстраліі. Салісты і заснавальнікі групы, Лёва і Шура, — не грамадзяне РФ. На наступны дзень адбыўся суд: было вынесенае рашэнне аб штрафе, які быў аплачаны на месцы», — гаворыцца ў паведамленні групы. Азнаёміцца з матэрыяламі справы яны не змаглі, бо ім не далі перакладчыка.

У склад групы “Бі-2” ўваходзяць шэсць чалавек. Ягор Бортнік (Лёва Бі-2) і Аляксандр Уман (Шура Бі-2) паходзяць з Бабруйска. Таксама ў гурце граюць: Андрэй Званкоў, Максім Андрушчанка, Ян Нікаленка і Барыс Ліфшыц. Пасля пачатку баявых дзеянняў у Украіне салісты “Бі-2” з’ехалі з Расіі і адмянілі ўсе свае канцэрты на тэрыторыі краіны. У Тайландзе яны правялі два канцэрты — 22 студзеня ў Патаі, а 24 студзеня на Пхукеце.

Фота: afisha.ru