Гэты дзень у гісторыі: 22 красавіка

22 красавіка – Міжнародны Дзень Зямлі. Святкуецца з 2009 года.

22 красавіка 1794 года пачалося антырасійскае паўстанне Т. Касцюшкі ў ВКЛ, якое ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

22 красавіка 1863 года каля мястэчка Азёры адбыўся бой паміж аддзелам Аляксандра Лянкевіча і расійскімі войскамі.

22 красавіка 1870 года нарадзіўся У. Ленін (1870-1924), стваральнік савецкай ідэалогіі, дзяржаўнасці. Самы папулярны беларускі персанаж, чэмпіён па колькасці помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, прадпрыемстваў у яго гонар. У Магілёве 3 помнікі, плошча, вуліца, бульвар, абласная бібліятэка яго імя, “Хімвалакно” імя У. Леніна і іншыя аб’екты.

22 красавіка 1879 года ў Магілёве нарадзіўся Леанід Мандэльштам (1879-1944), фізік, адзін з заснавальнікаў савецкай радыёфізікі, акадэмік АН СССР, намінант на Нобелеўскую прэмію (1930) за адкрыццё камбінацыйнага рассеянага святла.

22 красавіка 1891 года нарадзіўся Мікола Сака (1891-1927), амерыканскі рабочы-анархіст італьянскага паходжання. У гонар яго і ягонага паплечніка ў Магілёве названы завулкі Сака, Ванцэці паміж вуліцамі Касманаўтаў і Будаўнікоў.

22 красавіка 1915 года адбылося першае выкарыстанне хімічнай зброі. Германія выкарыстала хлор супраць англа-французскіх войск каля бельгійскага горада Іпр. Атраўленне атрымалі 15000, памерла 5000 чалавек.

22 красавіка 1918 года ў Савецкай Расіі ўведзена ўсеагульнае ваеннае навучанне працоўных – Усеобуч. У 1923 года быў адменены і адроджаны ў верасні 1941 года. Адгалоскам гэтай праграмы з’яўляюцца ваеназаваная піянерская гульня “Зарніца”, ваенныя кафедры пры ВНУ, вучэнні па грамадзянскай абароне.

22 красавіка 1921 года ў магілёўскай газете “Саха і молат” надрукавана патрабаванне да ўстаноў, грамадзян праводзіць уборку. Установы павінны яе ажыццяўляць за ўласныя сродкі, грамадзяне павіны наводзіць парадак ў сваіх дварах. Усіх тых, хто не падпарадкуецца прапаноўвалася выселяць на ўскраіны города, кватэры канфіскаваць на карысць рабочых.

22 красавіка 1931 года Саўнаркам СССР прыняў пастанову аб савецкім грамадзянстве. У саюзных рэспубліках свайго грамадзянства не прадугледжвалася.

22 красавіка 1937 года застрэліўся Язэп Адамовіч (1897-1937), беларускі  палітычны дзеяч, старшыня СНК БССР (1924-1927), актыўны дзеяч палітыкі беларусізацыі ў БССР, удзельнік узбуйненняў тэрыторыі БССР. Рэпрэсаваны.

22 красавіка 1954 года памёр Сяргей Сахараў (1880-1954), беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

22 красавіка 1994 года ў Мінску распачалася першая сустрэча беларускай моладзі свету.

22 красавіка 2006 года ў Магілёве закладзены першы камень у падмурак “SOS-Дзіцячая вёска”.

фота з адкрытых крыніц