Гэты дзень у гісторыі: 19 красавіка

19 красавіка – Дзень расійскай поліграфіі. Устаноўлены ў гонар ліцвінаў-беларусаў Іван Фёдарава (1510-1583) і Пятра Мсціслаўца (?-1577), якія ў  1563 г. пачалі друкаваць першую ў Маскоўскай дзяржаве друкаваную кнігу “Апостал”. Выданне пабачыла свет у Маскве 1 сакавіка 1564 года.

19 (9) красавіка 1655 года адбыўся штурм Магілёва войскамі вялікага гетмана Літоўскага Януша Радзівіла і польнага гетмана Вінцэнта Гансеўскага, які не даў станоўчых вынікаў.

19 красавіка 1734 года справаводам Магілёўскага магістрата абраны Юры Трубніцкі, адзін з аўтараў “Магілёўскай хронікі». Вёў запісы за 1701-1747 гг.

19 красавіка 1773 года ў Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай (адбыўся ў 1772 г.). Да Расіі адыйшлі беларускія землі ў 92 тыс. км² з 1 млн 300 тыс. чалавек – па Дзвіне, Дняпру, Сожу, уключая Віцебск, Полоцк, Мсціслаў, Магілёў, Гомель.

19 красавіка 1783 года прыняты Маніфест і адбылася анэксія Крымскага ханства Расійскай імперыяй пад час спецаперацыі Г. Пацёмкіна (з польска-літоўскай шляхты) па “уціхамірванню Крыма” 1782-1783 гг. На далучанай тэрыторыі ў 1784 г. утворана Таўрычаская вобласць.

19 красавіка 1881 года нарадзіўся Валянцін Волкаў (1881-1964), народны мастак БССР, прафесар, аўтар выяў герба БССР (1927, 1938), мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

19 красавіка 1881 года нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931), беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928-1931), яе акадэмік і акадэмік Усеўкраінскай акадэміі навук.

19 красавіка 1918 года ў Кіеве адбылося першае супольнае паседжанне прадстаўнікоў урадаў БНР і УНР аб межах і фармальным узаемным прызнанні, вырашаліся рознагалоссі ў дачыненні да Палесся. Дзеячы УНР прагнулі далучэння Мазыра і Гомеля.

19 красавіка 1924 года польскія ўлады зачынілі газету “Голас беларуса”, якая выдавалася ў Вільні 2 разы на тыдзень 14 лютага-19 красавіка 1924 г.

19 красавіка 1927 года заснаваны Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларусі.

19 красавіка 1939 года прынята пастанова ЦК ВКП(б) і Саўнаркама СССР “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы БССР». Пытанне аб пераносе сталіцы было пастаўлена яшчэ 16 снежня 1937 г. Пратаколам палітбюро № 56 ЦК ВКП(б) за 11 снежня 1937-21 студзеня 1938, у п. 114 запісана: “Прыняць прапанову… аб пераводзе сталіцы…”.

19 красавіка 1970 года на Волжскім аўтазаводзе (пабудаваны італьянцамі) на базе “ФІАТ” быў сабраны першы ВАЗ-2101 – у народзе “капейка”. У розных мадэфікацыях выраблена ў 1970-1988 гг. 4,85 млн аўтамабіляў. Аўтамабілі на базе ВАЗ-2101 выпускаліся да 17 верасня 2012 года.

19 красавіка 1980 года нарадзіўся Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ.

19 красавіка 2022 года –  Вялікі аўторак у праваслаўных хрысціян. У гэты дзень Ісус Хрыстос апошні раз прапаведаваў у Іерусалімскім храме. Пад забаронай любая весялосць, асабліва шлюб і святкаванне дня нараджэння. Не варта апранаць цёмнае адзенне – чорнае, сіняе і шэрае, але можна карычневае (сімвал зямлі).