Дзень у гісторыі. Узгадайма апякунку Беларусі Еўфрасінню Полацкую, памятайма, што 74 гады таму заснаваная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, адзначайма народзіны беларускага мастака, дзеяча яўрэйскага рэнесансу Іегуды Пэна

5 чэрвеня ў праваслаўных і грэка-каталікоў Дзень ушанавання апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца. У паломніцтва ў 1167 году ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе цяпер Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру.

У 1910 годзе па вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы.

mijory.by


5 чэрвеня (24 мая) 1854 года нарадзіўся Іегуда Пэн (1854-1937).

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч «яўрэйскага рэнесансу» у беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя.

Уладальнік першай у Беларусі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі Восіп Цадкін, Леў Лейтман, Марк Шагал, Саламон Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 г. мастак быў забіты ў сваёй віцебскай хаце. Паводле некаторых версіяў, да забойства мог быць датычны НКУС. У гонар мастака адкрыта ў Віцебску адчынена мемарыяльная дошка.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1919 года ў Вільні выйшаў першы нумар грамадска-палітычнага і літаратурнага часопісу нацыянальна-дэмакратычнага кірунку «Беларускае жыццё».

Выдаваўся на беларускай мове лацінкай, а з верасня 1919 – кірыліцай.

Рэдактар-выдавец Францішак Аляхновіч, з 1920 г. літаратурны кіраўнік Змітрок Бядуля.

Часопіс пазіцыянаваў сябе, як пашыральнік ідэяў стварэння самастойнай беларускай дзяржавы або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога Вялікага Княства Літоўскага. У ім падаваліся матэрыялы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва.

kamunikat.org


5 чэрвеня 1923 года ў Вільні пабачыў свет першы нумар газеты беларускіх эсэраў «Вольны сцяг», наўзамен зачыненай «Наша будучыня».

Выходзіла тры разы на тыдзень. Апошні нумар выйшаў 14 кастрычніка 1923 году.

Па закрыцці 25 кастрычніка польскімі ўладамі працягвала выхад пад рознымі назвамі «Наш Сцяг», «Падняты сцяг» і іншыя.

itgu.ru


5 чэрвеня 1942 года – 80 гадоў Вячаславу Рагойшы.

Беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, член вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Францыска Скарыны, старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы, арганізатар міжнароднай навуковай канферэнцыі «Ракаўскія чытанні» (з 1996).

Першым дасканала даследаваў рукапісы Янкі Купалы, даследчык паэтыкі Максіма Танка.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1945 году нарадзілася Ядвіга Яловічава.

Лідарка навуковай школы эвалюцыйнай геаграфіі Беларусі, доктарка геаграфічных навук, прафесарка, даследчыца адкладаў 307 геалагічных разрэзаў, салістка народнага ансамбля танца «Крыжачок» (1964-1972).

Даследавала Шклоўскія міжледавіковыя адклады, Ніжнінскі Роў у Шклове, навуковую спадчыну ўраджэнца Магілёўшчыны – акадэміка Гаўрылы Гарэцкага.

encrypted-tbn0.gstatic.com


5 чэрвеня 1948 года ў Заходняй Германіі адбыўся з’езд, на якім была заснавана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Рэлігійная арганізацыя беларусаў, якая мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове.

БАПЦ займаецца і культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай у 1330 г. Канстанцінопальскім патрыярхам па просьбе вялікага князя Гедзіміна.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1969 года нарадзіўся Андрэй Рыбакоў.

Беларускі вучоны ў галіне геральдыкі і генеалогіі, справаводства. Першым у Беларусі стаў кандыдатам гістарычных навук па спецыяльнасці «Дакументалістыка, дакументазнаўства і архівазнаўства».

Даследуе пытанні гісторыі архіўнай справы і справаводства ў Беларусі, методыкі і практыкі сучаснага справаводства.

belniidad.by