Дзень у гісторыі. Дзень незалежнасці ЗША. Перапахаванне Адама Міцкевіча. Тэракт на Дзень Незалежнасці. Плюшавы дэсант

4 ліпеня 1776 года прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Дзень незалежнасці ЗША.

Дэкларацыю зацвердзілі на Другім Кантынентальным кангрэсе, з’ездзе дэпутатаў ад 13 амерыканскіх калоніяў Вялікабрытаніі. 13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць 13 калоніяў (штатаў).

Абвяшчэнне незалежнасці стала вынікам дзесяцігадовага змагання еўрапейцаў, якія нарадзіліся ў Амерыцы, за існаванне іх краіны незалежна ад метраполіі.

external.polskieradio.pl


4 ліпеня 1890 года адбылося перапахаванне Адама Міцкевіча ў Вавельскім саборы ў Кракаве.

Польскі літаратар, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры.

Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ягоная «Ода да маладосці» была ўспрынятая як маніфест паўстання 1830–1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэм «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец вёскі Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі з Канстанцінопалю (Стамбул, Турцыя), дзе памёр.

У Наваградку, Стамбуле працуюць музеі Адама Міцкевіча. Яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі ў гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, помнік у Парыжы.

Вавельскі сабор, ці Сабор Святых Станіслава і Вацлава – пахавальня польскіх каралёў. Акрамя МІцкевіча там спачывае яшчэ адзін знаны польскі літаратар Юлівуш Славацкі.

wikimedia.org


4 ліпеня 1952 года памёр Язэп Варонка.

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст.

Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР. 

У ЗША ўзначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету «Беларуская трыбуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Памёр у ЗША.

wikimedia.org


4 ліпеня 2008 года адбыўся тэракт на святочным канцэрце да афіцыйнага Дня незалежнасці.

Выбухнула самаробная прылада, начыненая металічнымі гайкамі і цвікамі.

Пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

Падазраванымі ў тэракце пабывалі 120 чалавек. Іх трымалі па 10 сутак у СІЗА. Адбіткі пальцаў узятыя ў 1,3 мільёна чалавек. 12 тысячаў чалавек адмовіліся ад гэтай працэдуры.

2 ліпеня 2009 году Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Вінаватыя да гэтага не ўстаноўленыя, таксама як і не раскрытыя выбухі ў Віцебску. Гэта ганьба для праваахоўных органаў».

nmn.by


4 ліпеня 2012 года адбыўся «Плюшавы дэсант» альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія перасеклі мяжу беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом, даляцелі да мінскага Сухарава, скінулі з самалёта на парашутах цацачных мядзведзікаў. Да іх прывязаныя былі ўлёткі з надпісамі, якія заклікалі да выканання свабоды слова ў краіне.

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць факт пранікнення замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору парушэннем яе цэласнасці

26 ліпеня 2012 года Аляксандр Лукашэнка прызнаў факт парушэння мяжы, а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага пагранічнага камітэту генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады і віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса.

bnp.by


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц