Дзень у гісторыі: 10 жніўня. Абвешчана аб стварэнні Часовага беларускага нацыянальнага камітэту і Беларускай аўтакефальнай царквы. Нарадзіўся Ігнат Даніловіч, даследчык беларускіх праўных статутаў і Геранім Філіповіч, руплівец магілёўскай мінуўшчыны. У Магілёве першы раз паказалі кіно

1787 год. Нарадзіўся Ігнат Даніловіч.

Гісторык і правазнаўца.

Даследчык летапісных і заканадаўчых актаў Вялікага Княства Літоўскага. Апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ. Падрыхтаваў яго першае навуковае выданне.

Даказаў самабытнасць права ВКЛ, апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 году.

Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.

 

1878 год. Нарадзіўся Еўсцігней Міровіч.

Драматург, тэатральны рэжысёр.

Мастацкі кіраўнік, рэжысёр Беларускага тэатру імя Янкі Купалы.

Аўтар п’ес на беларускай мове: «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», пастаноўшчык мюзікла «На Купалле», спектакля «Паўлінка».

1898 год. Нарадзіўся Тадэвуш Даленга-Мастовіч.

Польскі пісьменнік, журналіст.

Яго родныя мясціны ў Глыбоцкім раёне. Загінуў у верасні 1939 годзе, калі ў Польшчу ўварваліся з захаду Гітлераўская Германія, а з Усходу – Савецкі Саюз.

Да 1939 з 16 яго твораў было экранізавана 8. Найбольш папулярныя, напісаныя ім сцэнарыі для фільмаў: «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур».

Беларускім гледачам найбольш вядомы фільм «Знахар» па яго кнізе.

У Глыбокім у яго гонар усталявана мемарыяльная дошка.

1903 год. У Магілёве першы раз паказалі кіно.

Кінасеанс адбыўся ў тэатры. Праз шэсць гадоў на Дняпроўскім праспекце (цяпер – Першамайская) узвялі кінатэатр «Чары», які ў 1932 годзе стане «Чырвонай Зоркай».

1912 год. Нарадзіўся Геранім Філіповіч.

Магілёўскі краязнавец.

Адшукаў арыгінал Магілёўскай хронікі Сурты і Трубницких у падмаскоўнай Салтыкоўскай бібліятэцы. 8 месяцаў карпеў над аднаўленнем плану магілёўскага замка. Аднавіў у эскізах будынкі, плошчы і вуліцы гораду.

Аўтар кніг: «Калі ўзнік Магілёў», «Міфы і праўда аб Магілёве».

1919 год. Створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт.

Каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху з мэтай «падняцця нацыянальнага самапачуцця, духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народу, а таксама абароны нацыянальных, культурных і рэлігійных яго інтарэсаў».

Старшыняваў у ім літаратар, дзеяч беларускага адраджэння пачатку 20 стагоддзя Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун).

У складзе Камітэту былі: Уселавад Ігнатоўскі, які пазней стане першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук; Антон Аўсянік, стане дэпутатам польскага сейму; Язэп Фарботка – паэт, літаратуразнавец; Ядвіга Луцэвіч-Іваноўская, выкладчыца Менскай беларускай гімназіі і журналістка. Ганаровым чальцом быў – пісьменнік Янка Купала.

1927 год. Завяршыўся з’езд праваслаўных святароў і вернікаў.

На ім была абвешчана аўтакефалія Беларуская праваслаўнай царквы. (БАПЦ).

Ініцыяваў з’езд Бабруйскі епіскап Філарэт.

БАПЦ мела ў БССР 344 прыходы з 399 святарамі. Маскоўская патрыярхія аўтакефаліі не прызнала, падтрымка савецкага беларускага кіраўніцтва спынілася ў 1929 годзе разам з палітыкай беларусізацыі.

БАПЦ мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове. БАПЦ займаецца таксама культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

2016 год. Памёр Алесь Рашчынскі.

Кампазітар, фалькларыст, дырыжор, педагог.

Музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы–капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень».

Аўтар больш за 400 апрацовак народных песень, 8 фальклорных зборнікаў.

У 2016 г. у Мінску створаны народны хор імя Рашчынскага.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў