Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання лічыць, што санкцыі не перашкодзілі пастаўкам сельгаспрадукцыі ў Еўропу

Пастаўкі прадукцыі ў краіны Еўрапейскага Звязу, нягледзячы на санкцыі, выраслі больш, чым на палову, заяўляе міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Службовец, сцверджанне якога падае газета «СБ. Беларусь сегодня», не тлумачыць, як так выйшла. Ён акцэнтуе ўвагу на супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі. Па ягоных словах інтарэс расіян да беларускай прадукцыі значна вырас на фоне заходніх санкцыяў. Іх цікавяць камбайны, аўтобусы, харчы.

Паводле яго за чатыры сёлетнія месяцы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нагандлявалі на 2,2 мільярды долараў, што на 11 працэнтаў больш за аналагічны перыяд 2021 году. Летась экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі склаў 6,7 мільярдаў долараў.

Ігар Брыло лічыць, што сёлета ёсць магчымасць перавысіць 7 мільярдны рубеж у пастаўках прадукцыі аграпрамысловага комплексу за мяжу. Які аб’ём прыпадзе на краіны Еўрапейскага Звязу чыноўнік не ўдакладняе, але настойвае, што нягледзячы на санкцыі продажы павялічыліся больш чым на палову.

Інтэрнэт-рэсурс 1prof.by, спасылаючыся на Ігара Брыло адзначаў, што ў Еўропу прадавалася сельскагаспадарчай прадукцыі на больш чым 300 мільёнаў долараў. Ва Украіну пастаўлялася харчоў на 240 мільёнаў. З пачаткам вайны малочная і мясная прадукцыя, якая ішла на ўкраінскі рынак, была пераарыентаваная ў Расею.

Ігар Брыло таксама казаў, што беларуская прадукцыя прысутнічае на рынках 112-116 краін, але асноўным застаецца расійскі, а за ім кітайскі. Для іх,паводле службоўцы, пашыраецца асартымент сельскагаспадарчай прадукцыі і прыкладаюцца высілкі, каб займець дакументы на права продажу яго там.

У Магілёве дождж адмяніў бюракратычную частку Апошняга званка

Намаганні чыноўнікаў, каб Апошні званок выглядаў пафасна аказаліся марнымі. Калі выпускнікі пачалі збірацца ў вызначаным месцы пайшоў дождж. Бюракратычнай частцы Апошняга званка такім чынам перашкодзіла непагадзь.Цэнтральнай часткай свята меліся стаць імпрэзы на галоўных плошчах гарадоў.

Магілёўскія ўлады вымушаныя былі адмянілі прадстаўленне на плошчы Славы. Выпускнікі паразыходзіліся па гораду, заняўшы кавярні і, каб не намокнуць аркі. Дождж не сапсаваў ім настрой. Моладзь радасна віншавала сябе і дзякавала настаўнікам за навучанне.

У некаторых гарадах начальства так старанна рыхтавалася да Апошняга званка, што правяло нават генеральныя рэпетыцыі.

У Бабруйску, прыкладам, некалькі сотняў выпускнікоў сабралі ў суботу на плошчы Перамогі і трэніравалі прадстаўленне са спяваннем гімна, уручэннем асабліва таленавітым грамат, дыпломаў і прамоў «айцоў гораду».

Спяванне гімну выглядала надта пакузушна. Вядучая ўвесь час перапыняла выпускнікоў рэплікамі: «Правы край спявайце! Хор, уключыліся! Цяпер добра! Левы фланг! Чаму не ведаеце словаў! Каб да панядзелка ўсе вывучылі тэкст!».

Школьнікі вяла рэагавалі і а мінакі ахвотна фатаграфавалі тое дзейства, перапытваючы адзін аднаго: «Што гэта за цуд?».

У панядзелак быў забаронены продаж спіртнога. Хаця, даўно не таямніца, што на Апошні званок, а затым выпускны алкаголь закупляецца загадзя. Большасць начных клубаў, рэстаранных комплексаў ужо зарэзервавана. Занятыя нават прыгарадныя аграсядзібы.

Абедзве імпрэзы абыдуцца бацькоў не танна. 50 долараў трэба выкласці ім на віншаванні, падарункі настаўнікам і фатаграфаванні. Пагулянка будзе каштаваць пад 100 долараў. Выпускнікі гімназіяў, напрыклад, ацэньваюць кошт двух імпрэзаў у 300 долараў.

 

Медычныя ўстановы Магілёўшчыны рыхтуюцца да ўздыму ковіднай інфекцыі

Шэсць кіслародных газіфікатараў установяць да канца году ў больніцах вобласці. 

Падчас піку пандэміі Covid-19 у многіх гарадах Беларусі былі перабоі з кіслародам, які жыццёва неабходны для лячэння хворых. Выглядае, што цяпер улада стараецца ўлічыць памылкі, каб быць гатовай да магчымага ўздыму захворванняў. У некаторых больніцах, якія прымалі на лячэнне пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, адбываецца мадэрнізацыя больніц.

На закуп пяці газіфікатараў сродкі выдзеленыя з абласнога бюджэту, а набыць абсталяванне для вырабу медычнага кіслароду ў Касцюковіцкую больніцу дапамагла спонсарская дапамога Беларускай цэментнай кампаніі, адзначана на афіцыйным партале Магілёўскага аблвыканкаму. Кошт мэдычнай тэхнікі вагаецца ад 120 да 530 тысяч рублёў.

Паводле начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Аляксандра Старавойтава новыя ўстаноўкі запрацуюць у Бялыніцкай, Чавускай, Касцюковіцкай, Шклоўскай раённых больніцах, а таксама Бабруйскай гарадской больніцы хуткай дапамогі і Магілёўскім шпіталі інвалідаў вайны.

У прыватных гутарках магілёўскія медыкі адзначаюць, што на піку пандэміі расход кіслароду быў велічэзным. У многіх медычных установах былі з ім перабоі. Пацыенты, якім не маглі наладзіць падачу кіслароду гінулі. У больніцах, каб уратаваць больш жыццяў даводзілася змяншаць аб’ём падачы кіслароду пацыентам. 


Кісларод патрэбны для лячэння хворых з дыхальнай нястачай. У медычных установах ён выкарыстоўваецца ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі, хірургіі, рэанімацыях і ў радзільнях. Падчас лячэння каронавіруснай інфекцыі кісларод дапамагае купіраваць гіпаксію (паніжанае ўтрыманне кіслароду ў арганізме, або ў асобных органах і тканках). Калі ж пацыент не можа дыхаць самастойна, то яго пераводзяць на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Найбольш чуйныя да браку кіслароду цэнтральная нервовая сістэма, мышца сэрца, тканкі нырак і пячонкі.


У кастрычніку 2021 году ўрад у сувязі з пандэміяй каронавірусу вывозіць медычны і тэхнічны кісларод з краіны на шэсць месяцаў забараніў. У снежні 2021 году міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч казаў у інтэрв’ю Белта, што спажыванне медычнага кіслароду на піку захворвальнасці COVID-19 павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з даэпідэміялагічным перыядам.

Паводле Міністэрства аховы здароўя у чацвёртую хвалю каронавірусу пацыенты найбольш былі залежныя ад кіслароднай падтрымкі.

Незалежныя мэдыі пісалі, што вытворчых магутнасцяў для вылучэння медычнага кіслароду не хапала. Яго ў Беларусі вырабляе толькі акцыянернае таварыства «Крэон». Таму, ліцэнзіі на яго вытворчасць атрымалі былі прадпрыемствы, якія такую прадукцыю раней не выпускалі.

 

Гэты дзень у гісторыі: 5 красавіка

5 красавіка Міжнародны дзень маральнасці (International Day of Conscience, Пастанова 25 ліпеня 2019 г. ГА ААН).

5 красавіка Міжнародны дзень супу. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін свету, дзе не ўяўляюць харчаванне без супу. На 1-м месцы па супаўжыванню знаходзяцца кітайцы. Супы знойдзем у рацыёне жыхароў краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, Усходняй Азіі, укл. Японію, Карэю, Паўднёва-Усходняй, Цэнтральнай Азіі, Каўказа. Заходнееўрапейцы ўжываюць супы ў меншай ступені, але Францыя – гастранамічная мека: лукавы, вішысуаз, кансамэ, крэм-пюрэ-суп. Вельмі папулярна першае ва Украіне, Польшчы. Шануюць супы ў Чэхіі і Бельгіі, якія гатуюцца на піве. Фінскія супы больш экзатычныя нават за японскія. Італьянцы не з’яўляюцца вялікімі фанатамі супоў, але чаго каштуюць іх мінестроне! Смузі – той жа суп, толькі з садавіны. 

5 красавіка у Расіі – Дзень рускай нацыі. Святкуецца ў гонар Лядовага пабоішча (бітва на Чудскім возеры) 1242 г. –  лакальнай бітвы наўгародцаў. У лівонцаў было 40 рыцараў, 160 слуг і наёмнікі-эсты. У Аляксандра Неўскага, зяця князя Брачыслава Полацкага, было войска ў 40 разоў большае – каля 800 чалавек. У бітве загінула 20 рыцараў і 6 патрапіла ў палон.

5 красавіка 1585 года кароль Стэфан Баторый задаволіў просьбу гараджан Магілёва і забараніў габрэям набываць землі і нерухомасць у горадзе.

5 красавіка 1697 года рускі пасол стольнік Пётр Талстой наведаў абедню ў магілёўскім Мікольскім жаночым манастыры.

5 красавіка 1766 года памёр дзяржаўны дзеяч ВКЛ і Польшчы Станіслаў Чартарыйскі.

5 красавіка 1801 года нарадзіўся адзін з лідараў паўстання 1831 года Вінцэнт Матусевіч (1831-1862).

5 красавіка 1889 года ў Друцку Магілёўскай губерні (зараз – Талочынскі раён) нарадзіўся Іосіф Кардовіч (1889-1967), адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Магілёўшчыне, генерал-маёр, старшыня Магілёўскага (1943-1948), Віцебскага (1949-1953) аблвыканкамаў.

5 красавіка 1914 года ў в. Пустынкі Мсціслаўскага павета (зараз – раёна) нарадзіўся Васіль Луцкін (1914-1981), выхаванец Мсціслаўскага педтэхнікума,  старшыня Магілёўскага аблвыканкама (1964-1974).

5 красавіка 1916 года ў Магілёў на асабістым цягніку прыбыла імператрыца Аляксандра Фёдараўна з дзецьмі. Са світай прыбыў і санітар – паэт Сяргей Ясенін (1895-1925). Цікава, але ў Магілёве няма вуліцы ў гонар паэта.

5 красавіка 1937 годаЦВК зацвердзіў новы малюнак гербу БССР, мадыфікацыя якога з 1995 году зяўляецца афіцыйным гербам Беларусі

5 красавіка 1990 года парламентам Беларусі дзень 26 красавіка абвешчаны Днём Чарнобыльскай трагедыі.

5 красавіка 2015 года памёр Сергіуш Плева (1940-2015), польскі грамадзкі і палітычны дзеяч, актыўны дзеяч беларускае дыяспары ў Польшчы, кааператыў, дэпутат Сейму, сенатар.

5 красавіка 2022 года адбудзецца пасяджэнне СБ ААН па Украіне.