У Магілёве паставілі памятны знак медычнай вучэльні. Ёй аддалі будынак, у якім вучылі мясцовых кадэтаў

Магілёўскі дзяржаўны медычны каледж адлічвае сваю гісторыю ад 1865 году, калі была адкрыта павівальная школа, як самастойная навучальная ўстанова. Для яе тады выдзелілі асобны будынак. Вучыліся ў ёй жанчыны векам ад 20 да 35 гадоў. На кожны курс прымалася 18 чалавек: 14 сялянак і 4 вольнаслухальніцы з аплатай па 40 рублёў за курс навучання.

На сайце вучэльні значыцца і яшчэ адна дата. У 1847 годзе, паводле некаторых крыніц, пры мясцовай больніцы сталі рыхтаваць павітух – спэцыялістак-акушэрак, здольных прымаць роды. Іх вучылі ў «родадапаможнай» школе.

Гэтая дата пазначаная на памятным знаку першай. Выходзіць, што вучэльня збіраецца адзначыць 175 гадавіну сваёй гісторыі. І, да гэтага юбілею прымеркавалі ўсталяванне памятнага знаку.

Этапы станаўлення вучэльні пазначаны на табліцы, прымацаванай да вялізнага каменя.

Памятны знак паставілі ў баку ад гістарычнага будынку вучэльні на вуліцы Карла Маркса. Камень з табліцай побач з домам, у якім некалі вучыліся кадэты. Іх перасялілі ў іншае месца, а будынак аддалі будучым медыкам.

На сайце вучэльні заяўлена, што каледж найстарэйшы і адзін з самых прэстыжных медычных каледжаў Еўропы.