Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання лічыць, што санкцыі не перашкодзілі пастаўкам сельгаспрадукцыі ў Еўропу

Пастаўкі прадукцыі ў краіны Еўрапейскага Звязу, нягледзячы на санкцыі, выраслі больш, чым на палову, заяўляе міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Службовец, сцверджанне якога падае газета «СБ. Беларусь сегодня», не тлумачыць, як так выйшла. Ён акцэнтуе ўвагу на супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі. Па ягоных словах інтарэс расіян да беларускай прадукцыі значна вырас на фоне заходніх санкцыяў. Іх цікавяць камбайны, аўтобусы, харчы.

Паводле яго за чатыры сёлетнія месяцы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нагандлявалі на 2,2 мільярды долараў, што на 11 працэнтаў больш за аналагічны перыяд 2021 году. Летась экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі склаў 6,7 мільярдаў долараў.

Ігар Брыло лічыць, што сёлета ёсць магчымасць перавысіць 7 мільярдны рубеж у пастаўках прадукцыі аграпрамысловага комплексу за мяжу. Які аб’ём прыпадзе на краіны Еўрапейскага Звязу чыноўнік не ўдакладняе, але настойвае, што нягледзячы на санкцыі продажы павялічыліся больш чым на палову.

Інтэрнэт-рэсурс 1prof.by, спасылаючыся на Ігара Брыло адзначаў, што ў Еўропу прадавалася сельскагаспадарчай прадукцыі на больш чым 300 мільёнаў долараў. Ва Украіну пастаўлялася харчоў на 240 мільёнаў. З пачаткам вайны малочная і мясная прадукцыя, якая ішла на ўкраінскі рынак, была пераарыентаваная ў Расею.

Ігар Брыло таксама казаў, што беларуская прадукцыя прысутнічае на рынках 112-116 краін, але асноўным застаецца расійскі, а за ім кітайскі. Для іх,паводле службоўцы, пашыраецца асартымент сельскагаспадарчай прадукцыі і прыкладаюцца высілкі, каб займець дакументы на права продажу яго там.