Дзень у гісторыі: 7 верасня. Паставілі помнік літары «Ў». Нарадзіліся: дзяячка БНР Палута Бадунова і палітык Віктар Ганчар. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім

Міжнародны дзень знішчэння ваеннай цацкі.

Адзначаецца ад 1988 году з ініцыятывы Сусветнай асацыяцыі дапамогі сіротам і дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі.

З ідэяй прапаноўваць дзецям абмяняць «ваенныя» цацкі на іншыя не звязаныя з вайной, гэта арганізацыя выступіла ў 1987 годзе. У яе знайшліся прыхільнікі, якія сталі штогод праводзіць акцыі па адмове ад ваенных забавак.

Сусветны дзень знішчэння ваеннай цацкі – гэта, найперш, нагода падумаць аб тым, якімі цацкамі і ўва што гуляюць дзеці.

1764 год. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Пры ім Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Тэрыторыя краіны была падзеленая між Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй.

У кастрычніку 1795 году па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі выракся каралеўскай пасады.

1885 год. Нарадзілася Палута Бадунова.

Дзяячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца.

Член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску, намесніца старшыні Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У лістападзе 1925 году Бадунова з Польшчы перабіраецца ў савецкую Беларусь. У 1937 годзе яе абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Спачатку адпраўляюць на 10 гадоў у лагеры, а ў 1938-ым расстрэльваюць.

Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году.

1919 год. Нарадзіўся Алесь Асіпенка.

Пісьменнік, сцэнарыст.

Працаваў галоўным рэдактарам часопісу «Маладосць», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», сцэнарнага аддзелу «Беларусьфільм».

Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцяў, сцэнарыяў мастацкіх фільмаў.

8 год. Нарадзіўся Віктар Ганчар.

Палітык, правазнаўца.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году ўвайшоў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Па яго перамозе быў прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра. З гэтай пасады яго звольніў Лукашэнкам.

Ганчар уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. У 1995-ым абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склікання і стаў старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Не прызнаў вынікі рэферэндуму 1996 году і Лукашэнка зняў яго сваім указам з пасады старшыні ЦВК.

16 верасня 1999 году Віктар Ганчар знік у Мінску, разам са сваім сябрам – бізнесменам Анатолем Красоўскім.

1989 год. Памёр Анатоль Трус.

Актор. Народны артыст Беларусі.

Служыў у драматычным тэатры імя Якуба Коласа, выконваў ролі ў спектаклях «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Несцерка» Віталя Вольскага.

З 1943 году здымаўся ў кіно.

У яго гонар у Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка.

2003 год. Паставілі помнік літары «Ў».

Падзея адбылася ў Полацку на «Дзень беларускага пісьменства».

На помніку верш Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».

2011 год. Загінуў у авіякатастрофе хакеіст Руслан Салей.

Першым з беларускіх гульцоў дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.

Гулец амерыканскіх «Анахайм Майці Дакс», «Фларыда Пантэрз», «Каларада Эвеланш», «Дэтройт Рэд Уінгз», яраслаўскага «Лакаматыва».

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ігар Леднік

Асуджаны на 3 гады калоніі.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку.

Паводле праваабаронцаў, справу разглядала суддзя Тацяна Шоцік з суда Ленінскага раёну Мінска.

Мікіта Слепянка

Асуджаны на 3 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу стала адміністраванне ім культурна-гістарычнага тэлеграм-каналу.

Слепянку прызналі вінаватым у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім».

Уладзімір Бранавіцкі

Асуджаны на 1 год калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу стала вывешванне ім бел-чырвона-белай сімволікі.

Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве». Справу разглядала суддзя Аксана Копыч.

Уладзімір Целяпун

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, абвінавачаны ў «распаўсюджванні экстрэмісцкай інфармацыі». Падчас разгляду справы яму выклікалі хуткую дапамогу.

Таццяны Пячко

Аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3200 рублёў).

Праваабаронцы пішуць, што кіраўніцу грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» абвінавацілі ў «парушэнні парадку арганізацыі або правядзенні масавых мерапрыемстваў».

Сафія Малашэвіч, Аляксей Зікееў

Выйшлі на волю, адбыўшы прысуджанае. Абодва прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.

Малашэвіч пасадзілі за тое, што ў 2020 годзе на «Маршы адзінства» зрабіла графіці на шчытах міліцыянтаў.

Зікееў быў чальцоў вылучэнца на прэзідэнцтва Валерыя Цапкалы.

Праваабаронцу Марфу Рабкову адправілі ў калонію на 15 гадоў

Іншым фігурантам справы далі ад 5 да 17 гадоў. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.

27-гадовай актывістцы выставілі абвінавачванні па дзесяці артыкулах крымінальнага кодэксу. Да суду маладую жанчыну трымалі ў няволі амаль два гады.

Каардынатарку Валанцёрскай службы адной з беларускіх праваабарончых арганізацыяў разам з мужам схапілі 17 верасня 2020 году. Пазней мужа адпусцілі, а Марфу Рабкову затрымалі ў межах крымінальнай справы за «навучанне, ці іншую падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці».

Праз год няволі актывістка напісала сваякам, што яе збіраюцца судзіць па 11 артыкулах крымінальнага кодэксу. Сярод якіх традыцыйныя для палітычна матываваных справаў: «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб» і іншыя.

Паводле калегаў Рабковай, матэрыялы справы супраць яе налічвалі 160 тамоў.

З патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць Марфу Рабкову звярнуліся аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі.

Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу 25 красавіка 2022 года. З хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка працэс зрабілі закрыты. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы “ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці”. Суддзя Сяргей Хрыпач задаволіў хадайніцтва пракурора.

Фігурантамі адной з Рабковай справы былі яшчэ 9 чалавек. Як пішуць праваабаронцы агулам іх асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі.

  • Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
  • Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
  • Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
  • Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк– па 6 гадоў;
  • Андрэй Марач, Даніла Чуль – па 5 гадоў.

 

Улады абяцаюць амніставаць да 8,5 тысяч асуджаных, якія раскаяліся і папрасілі Лукашэнку аб памілаванні

Чакаецца, што амністыю абвясцяць да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня.

Паводле Генеральнага пракурора Андрэя Шведа, пад амністыю могуць трапіць 8 тысяч чалавек, а паводле Міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова іх будзе 8,5 тысяч.

Андрэй Швед кажа, што на амністыю могуць разлічваць толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца да Лукашэнкі з просьбаю аб памілаванні.

«Говорка пра прыкладна ад 8 тысяч чалавек і вышэй. Гэта як класічныя падыходы, якія тычацца вызвалення ад адказнасці інвалідаў, шматдзетных, адзінокіх маці і гэтак далей, так і асоб, якія ўчынілі іншыя злачынствы», – цытуе Генеральнага пракурора інфармацыйная агенцтва «БЕЛТА».

Па яго словах у 2019-2020 гадах пад амністыю трапілі больш за 30 тысяч асуджаных. Частку з іх вызвалілі з месцаў пазбаўлення волі, а камусьці скарацілі на год тэрмін пакарання.

Міністр Іван Кубракоў кажа, што амністыю мяркуецца «выкарыстаць да катэгорыі грамадзян, якія не ўчынілі цяжкіх злачынстваў, раскаяліся і, да якіх няма пытанняў у адміністрацыі калоніяў, дзе яны адбываюць пакаранне».

«Прыкладная лічба на сённяшні дзень, да якіх можа быць ужыты акт амністыі, – 8500 чалавек. Гэта, вядома, недзе ў два разы больш, чым тая, якая была ў 2020 годзе», – даводзіць ён.

Паводле Кубракова, амніставаць збіраюцца асуджаных за незаконнае абарачэнне наркотыкаў і ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросце. Такіх на сённяшні дзень 95 чалавек.

Акрамя таго, па словах Кубракова, амніставаць збіраюцца асуджаных за карупцыйныя злачынствы, якія раскаяліся і кампенсавалі нанесеную дзяржаве шкоду.

Паводле Вольгі Чупрыс, намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, законапраект аб амністыі яшчэ адсутнічае.

У 2020 годзе амністыю прымеркавалі да 75-годдзя Перамогі. Пад яе трапілі больш за 11 тысяч чалавек. На волю вышлі каля 2,6 тысяч асуджаных. Для больш як 4,5 тысяч скарацілі тэрміны пакарання.

У Беларусі колькасць прададзеных легкавікоў зменшылася амаль на 84 працэнты. Аднаўленне рынку эксперты не прагназуюць

Паводле Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў, «жнівень 2022 году адзначыўся падзеннем узроўню продажу новых легкавых аўтамабіляў на 83,9%, або на 2834 штук у параўнанні са жніўнем 2021 году. Продажы склалі 542 аўтамабіля».

«Усяго з пачатку году прададзена 11764 новых легкавых аўтамабіляў», гаворыцца на сайце асацыяцыі.

«На жаль, продажы новых легкавых аўтамабіляў у жніўні пакуль не сігналізуюць аб пачатку аднаўлення рынка», – адзначае асацыяцыя.

Яна прагназуе, што «чаканы ўзровень продажаў у бліжэйшыя месяцы шмат у чым будзе вызначацца аб’ёмам рэалізацыі Geely. Без уліку продажаў айчыннага вытворцы рынак наўрад ці пераадолее мяжу ў 500 легкавых аўтамабіляў за месяц».

Асартымент новых аўтамабіляў ад дылераў працягвае скарачацца.

«Калі годам раней дылерамі – членамі Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў на рынку былі прадстаўлены 112 мадэляў новых аўтамабіляў, то ў жніўні 2022 года толькі 36», – канстатуе асацыяцыя.

Па выніках 8 сёлетніх месяцаў на рынку лідаруе расійская LADA. Машын гэтай маркі прададзена 3490 адзінак. У тройцы лідараў брэнды Geely і Kia.

Восень. Дажджоў сіноптыкі не абяцаюць і лясы наведваць забаронена

У Магілёве 6 верасьня надвор’е будзе прахалодным і без форс-мажору. Імавернасць дажджоў 5-10 працэнтаў.

Паводле Белгідрамету цягам дня будзе воблачна з праясненнямі. Без істотных ападкаў. Тэмпература паветра +14…+16°C. Вецер паўночна-заходні, 3-8 м/с.

Актуальнымі застаюцца для Магілёўскага рэгіёну пастановы аб недапушчальнасці перабывання ў лясах. Яны прынятыя выканкамамі ўсіх 21 раёну вобласці ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі. На карце Міністэрства лясной гаспадаркі Магілёўшчына – «чырвоная».

Тым часам, на большай частцы Гомельскай, Мінскай абласцей і ў Мінску чакаецца надзвычайная з 5 класам пажарная небяспека. На сайце Белгідрамету пазначана «штармавое папярэджанне аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве! (Чырвоны ўзровень небяспекі)». Зважайце на сябе.

фота з адкрытых крыніц

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ілля Гольцаў, Аляксей Рэзнікаў, Анастасія Лазарэнка, Наталля Лашч і Дзмітрый Іванчанка.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Ілля Верамееў

Асуджаны да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі паведамленні ў тэлеграм-каналах. Яго прызналі вінаватым у «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. На працэсе старшыняваў суддзя Анатолій Сотнікаў.

Павел Варапай

Асуджаны да 3,5 гады калоніі і штрафу на больш як 20 тысяч рублёў.

Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзі, паклёпе».

Праваабаронцы пішуць, што Варапай у тэлеграм-каналах пакідаў «абразлівыя» каментары не толькі на Лукашэнку, але яшчэ на Ярмошыну, Качанаву, Шведа, Макея і іншых чыноўнікаў.

Валянцін Музыкін

Асуджаны на 2 гады калоніі.

Праваабаронцы паведамляюць, што яго асудзілі за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», а таксама «абразу прадстаўніка ўлады».

На закрытым працэсе старшыняваў суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў.

Віктар Кулінка

Асуджаны да трох гадоў калоніі.

Яго звінавацілі ў перадачы аднаму з тэлеграм-каналаў фота расійскай вайсковай тэхнікі і асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», пішуць праваабаронцы.

Праваабарончай супольнасцю Кулінка прызнаны палітвязнем. Яго затрымалі 30 сакавіка і запісалі з ім «пакаяльнае відэа».

Паліна і Станіслаў Кабешавы

Мужа і жонку асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію («хатняй хіміі»).

Паводле праваабаронцаў іх вызвалілі ў залі суда, а ўтрымлівалі ў няволі чатыры месяцы.

Нагодай для крымінальнага пераследу Кабешавых стаў удзел у пратэстах 2020 году. Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Спачатку Кабешавых асудзілі па адміністрацыйнай справе і адправілі на «суткі», а потым перавялі ў сталічнае СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.

Ігар Банцэр

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў у судзе Цэнтральнага раёну Мінска адбыўся чарговы працэс над Ігарам Банцэрам. Яго абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» і асудзілі яшчэ на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

З улікам гэтага тэрміну Банцэр застанецца ў ізалятары як сама мала 45 дзён.

Ганна Тукава

Аштрафавана, але застаецца ў няволі.

Праваабаронцы пішуць, што Тукава правяла 1 верасня ў гімназіі №1 Наваполацку антываенную акцыю. Яе аштрафавалі, але на волю з ізалятару не выпусцілі. На яе складзены яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Тукава гадуе дзіця.

Уладзіслаў Рабіч

Трапіў пад пераслед.

Паводле праваабаронцаў мужчына з першай групай інваліднасці, які мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок, адрэагаваў у сацыяльнай сетцы на допіс пра Лукашэнку.

9 жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Рабіч і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Пагражаючы яны змушалі яго, адрачыся ад каментару. Рабіч адмовіўся выконваць загад міліцыянтаў. Тыя ў адказ паабяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу.

Судзіць Рабіча за абразу Лукашэнкі будуць 12 верасня на трэцім паверсе тэрытарыяльнага Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, дзе няма пандуса.

Недалёкае замежжа. Латвійскія пагранічнікі выявілі 38000 пачак кантрабандных цыгарэт з Беларусі

20 скрынак цыгарэт былі схавалі ў чатырох вагонах з чыгунам. Адшукалі не дэклараваны тавар з дапамогаю службовага сабакі.

i.imgur.com

«Кінолаг са службовым сабакам знайшоў у грузе чыгуну схаваныя тытунёвыя вырабы – 380 000 цыгарэт «Прэм’ер», NZ, «Мінск» і Queen з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь», – піша выданне «Наш горад».

Сума нявыплачаных дзяржаве падаткаў за канфіскаваныя цыгарэты складае каля 134.000 еўра. Матэрыялы, распачатай справы, перададзены ва Упраўленне падатковай і мытнай паліцыі службы дзяржаўных даходаў для прыняцця рашэнняў аб пачатку крымінальных працэсаў.

фота: gorod.lv

Кантрабандыстам не ўдалося накарміць Расію беларускім сырам. Яго канфіскавалі дарогаю

Вывесці ў суседнюю краіну збіраліся больш за 1 тону сыру, на які не было суправаджальных дакументаў. Ладунак ацэнены ў 15 тысяч рублёў. А выкрылі кантрабанду ў Мсціслаўскім раёне.

На перавозчыкаў складзены пратакол і ім пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмету адміністрацыйнага правапарушэння, паведамляе інтэрнэт-рэсурс GOLK.by.

Паводле выдання кантрабандыстаў выкрылі падчас «спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з кантрабандай Магілёўскай мытні сумесна з супрацоўнікамі абласнога ДАІ Мсціслаўскага РАУС».

У Расію, на мяжы з якою адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль кантрабандай вязуць металалом, мясныя харчы ды іншыя грузы, пісаў Магілёў.media. 

Двое грамадзян суседняй краіны нават спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне. Як вынікае з публікацыяў праўладных мэдыяў у гэтым раёне найбольш затрымліваюць кантрабандыстаў.

фота: golk.by

«Нам чужыя еўрапейскія ідэалогія і каштоўнасці», міністр адукацыі пра сямейнае выхаванне беларусаў

Андрэй Іванец заяўляе, што Міністэрства адукацыі будзе жорстка кантраляваць і каардынаваць працу ў сямейным выхаванні.

На што будзе нацэленая дзейнасць ведамства ўрадовец згадаў у інтэрв’ю тэлеканалу «БТ», гаворачы пра ўвядзенне ў школах «гендарнага курсу». 

Паводле Іванца «міністэрствам адукацыі не рэкамендавана ніякага гендарнага курсу». Ім распрацавана шэсць факультатываў для вучняў розных класаў аб сямейных каштоўнасцях, якія заснаваны на традыцыйнай культуры, традыцыйных каштоўнасцях беларускага народу».

«Бо не проста так мы ў Канстытуцыі замацавалі ўжо тое, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны», – адзначае ён.

«У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі будзе вельмі жорстка кантраляваць і каардынаваць працу ў сямейным выхаванні. Таму што нам чужая еўрапейская ідэалогія, чужыя еўрапейскія каштоўнасці, і мы проста не маем права дапусціць таго, каб яны ўсяляк праніклі ў розумы нашай моладзі», – настойвае Андрэй Іванец.

Ён лічыць, што прынятыя яго ведамствам захады не дазволяць «еўрапейскім каштоўнасцям» нейкім чынам трапіць «і ў беларускую сістэму адукацыі, і ў грамадства ў цэлым».

фота: ont.by