У Беларусі колькасць прададзеных легкавікоў зменшылася амаль на 84 працэнты. Аднаўленне рынку эксперты не прагназуюць

Паводле Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў, «жнівень 2022 году адзначыўся падзеннем узроўню продажу новых легкавых аўтамабіляў на 83,9%, або на 2834 штук у параўнанні са жніўнем 2021 году. Продажы склалі 542 аўтамабіля».

«Усяго з пачатку году прададзена 11764 новых легкавых аўтамабіляў», гаворыцца на сайце асацыяцыі.

«На жаль, продажы новых легкавых аўтамабіляў у жніўні пакуль не сігналізуюць аб пачатку аднаўлення рынка», – адзначае асацыяцыя.

Яна прагназуе, што «чаканы ўзровень продажаў у бліжэйшыя месяцы шмат у чым будзе вызначацца аб’ёмам рэалізацыі Geely. Без уліку продажаў айчыннага вытворцы рынак наўрад ці пераадолее мяжу ў 500 легкавых аўтамабіляў за месяц».

Асартымент новых аўтамабіляў ад дылераў працягвае скарачацца.

«Калі годам раней дылерамі – членамі Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў на рынку былі прадстаўлены 112 мадэляў новых аўтамабіляў, то ў жніўні 2022 года толькі 36», – канстатуе асацыяцыя.

Па выніках 8 сёлетніх месяцаў на рынку лідаруе расійская LADA. Машын гэтай маркі прададзена 3490 адзінак. У тройцы лідараў брэнды Geely і Kia.