Армагедон на Магілёўшчыне – самы моцны ўдар стыхіі прыйшоўся на Асіповічы. Фота, відэа

Днём 14 ліпеня на Магілёўшчыну абрынуўся жорсткі ўдар стыхіі. Навальніца, якая прайшла па паўднёвых рэгіёнах нашай краіны, закранула таксама некаторыя ўчасткі Магілёўшчыны. Сярод раённых цэнтраў самы моцны ўдар стыхіі адчулі на сабе жыхары Асіповіч.

Так, сапраўдная паніка пачалася ў наведвальнікаў цырка, калі ад моцнага ветра тут пачало проста рваць сам шацёр. Відэа, знятае гледачамі прадстаўлення, а таксама іншыя наступствы стыхіі на вуліцах Асіповіч і на дарогах Магілёўскай вобласці – у нашай відэападборцы.

У Асіповічах стыхія ламала дрэвы ў парку і на вуліцах. Увесь вечар 14 ліпеня і сёння раніцай у горадзе камунальныя службы і іншыя арганізацыі займаліся разборам завалаў.

На некаторых трасах рэгіёна паваленыя дрэвы заблакавалі рух транспарта. Гэта назіралася на трасе Гомель-Магілёў, на дарозе пад Чавусамі – пісалі карыстальнікі Тэлеграм-канала “ДАІ Магілёў ДПС”. 

У Бабруйску пасля навальніцы заліло некалькі гарадскіх вуліц – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Нажаль, у піянерскім лагеры пад Рэчыцай ахвярай навальніцы стаў 13-гадовы хлопчык.

АБНОЎЛЕНА:
Ахвярай стыхіі таксама стала 5-гадовая дзяўчынка ў Магілёўскім раёне – паведамляе Следчы камітэт.

Фота, відэа: “Асіповіцкі край”.

Уласнікі арэнднага жылля павінны будуць паведамляць пра іншаземцаў на працягу трох гадзін

Пачынаючы з 7 ліпеня ў Беларусі уступае ў сілу новая рэдакцыя закона “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”. Паводле новай рэдакцыі ўсе юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, не пазней за тры гадзіны пасля здачы ў арэнду жылля на суткі і болей павінны паведаміць пра гэта ў міліцыю.

Спосабаў прадстаўлення такой інфармацыі некалькі – расказалі газеце “Родная ніва” ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі: бязвыплатна з дапамогай інфармацыйных рэсурсаў  Міністэрства ўнутраных спраў, адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы або шляхам дастаўкі кур’ерам.

За невыкананне прадугледжваецца штраф на дваццаці базавых велічынь.

Фота ілюстрацыйнае

Camel, Pall Mall, Vogue, Lucky Strike, Rothmans, Richmond i Sobranie падаражэюць з 1 чэрвеня

У Беларусі пройдзе чарговае павышэнне коштаў на цыгарэты. Раней кошты ўжо падрасталі месяц таму – з 1 траўня. Цяпер жа Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” павялічвае на 15 капеек кошт Pall Mall Superslims Azure і на 10 капеек некаторыя віды лінейкі Rothmans. Значна падаражэюць цыгарэты Vogue, якія ўвозяцца ДП “Беларусьгандаль” – на 1,7 рублі. 

“Тытунь інвест” павялічвае кошт на 10-15 капеек на некалькі пазіцый лінейкі Camel, а таксама на Pall Mall Superslims Azure, Richmond Compact Special Blue і Sobranie Caster.

“Сентоні ПРА” павышае на 10 капеек усе віды цыгарэт, якія ўвозяцца – гэта Camel Yellow, Blue, Compact, Compact Blue, Richmond Compact Special Blue і Sobranie Caster, а таксама Pall Mall Superslims Azure на 15 капеек. Кампанія ўстанаўлівае кошт новых цыгарэт Lucky Strike Aroma Ruby – Br5,8, паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Кіраўніком банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях?

“Наша ніва” апублікавала сенсацыйны матэрыял, што бандай рабаўнікоў фур, што арудавала ў тым ліку і на Магілёўшчыне, аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС.

Паводле інфармацыі выдання, супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага затрымаў КДБ. Міліцыянера абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў з Оршы, пра затрыманне якой стала вядома нядаўна. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў. Усяго гаворыцца пра шэсць такіх эпізодаў.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага саўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі. Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў – 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.

Выданне піша, што Згірскі не толькі даводзіў ўдзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.

Вядома, што пасля пратэстаў 2020 года Міхаіл Згірскі прымаў удзел у рэпрэсіях супраць беларускага народа. Крымінальная справа супраць яго знаходзіцца на асаблівым кантролі у кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхілены ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.

Фота: “Наша ніва”, МУС

Як выраслі кошты з пачатку года ў Беларусі – у лідарах гародніна

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў справаздачу па росце коштаў на спажывецкім рынку ў краіне за бягучы год і ў параўнанні з красавіком 2023 года.

Харчовыя тавары за год падаражэлі на 6,2%, нехарчовыя на 3,9%, а лідарам росту стала сфера паслуг. Тут кошты выраслі ў параўнанні з красавіком 2023 года на 6,9%.

Інфаграфіка: Нацыянальны статыстычны камітэт

Сярод харчовых тавараў самы значны рост цэн з пачатку года назіраецца за зелянінай, што ў прынцыпе не дзіўна, улічваючы сезоннасць гэтых коштаў. Так, салодкі перац падаражэў пачынаючы з 1 студзеня 2024 года на 46, 3%. Таксама істотна падаражэлі морква – на 34,8%, буракі – на 25,4%, белакачанная капуста – на 22%, рэпчатая цыбуля – на 19,3%.

Фота: mogilev.media

Пара валіць – самым папулярным прадметам на ЦТ стала англійская мова

Упершыню англійская мова аказалася ў лідарах сярод прадметаў, да якіх рыхтуюцца беларускія абітурыенты.

Вынікі рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне падвялі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. Большасць абітурыентаў у якасці прадмета для іспыту выбралі англійскую мову – 14,4 тысячы чалавек. На другім месцы паводле папулярнасці фізіка – 13,4 тысяч абмтурыентаў. Летась менавіта фізіка была ў лідарах сярод прадметаў, на якія рэгістраваліся будучыя студэнты.

Тэсціраванне пройдзе з 27 мая па 6 чэрвеня. На некаторыя прадметы будзе выдзелена па два дні. Графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2024 годзе:

– беларуская мова – 30 траўня

– руская мова – 30 траўня

– фізіка – 27 траўня, 6 чэрвеня

– матэматыка – 27 траўня, 3 чэрвеня

– хімія – 27 траўня, 6 чэрвеня

– біялогія – 27 траўня, 3 чэрвеня

– замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) – 27 мая, 3 чэрвеня

– гісторыя Беларусі – 27 траўня, 6 чэрвеня

– грамадазнаўства – 27 траўня, 6 чэрвеня

– геаграфія – 27 траўня, 3 чэрвеня

– сусветная гісторыя (найноўшы час) – 27 мая, 3 чэрвеня.

Фота: 024.by

Пенсію пачнуць выплочваць толькі праз банк – пачынаючы з 1 ліпеня

Пасля ўступлення ў сілу Закона аб пенсійным забеспячэнні, пачынаючы з 1 ліпеня беларускія пенсіянеры змогуць атрымліваць сваю пенсію толькі цераз банк. Гэта адносіцца да людзей не старэйшых за 70 гадоў а таксама тых, хто не з’яўляецца інвалідамі І і ІІ груп.

Continue reading “Пенсію пачнуць выплочваць толькі праз банк – пачынаючы з 1 ліпеня”

Магілёўскім каталікам дазволілі мяса на 8 сакавіка

Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзаф Станеўскі выдзеліў вернікам вызваленне ад пятнічнага паста на Міжнародны жаночы дзень.
Continue reading “Магілёўскім каталікам дазволілі мяса на 8 сакавіка”

У прытулку пад Асіповічамі ратуюць лебедзяў – адзін умерз у лёд, у другога адмовілі лапы

Трох лебедзяў з-пад Мінска перавезлі на лячэнне ў прыватны прытулак у Асіповіцкім раёне. Пра двух хворых лебедзяў на водасховішчы Дразды паведамілі мясцовыя жыхары. Калі выратавальнікі вызвалілі іх з ледзянога палону, аказалася, што ў аднаго пашкоджана шыя, а ў другога не дзейнічаюць лапы. Прычыну таго, што лебедзі не паляцелі ў вырай, спецыялісты звязваюць з чалавечым фактарам. Мінакі часта кормяць лебедзяў хлебам, з-за чаго птушкі тлусцеюць і не могуць падняцца ў паветра. 

Яшчэ аднаго лебедзя ў крытычным стане заўважылі на вадасховішчы каля санаторыя “Беларусачка”. Ён умёрз у лёд і так аслабеў, што не мог рухацца. Для выратавання выкарыстоўвалася судна “Марс” на паветранай падушцы. Спецыялісты выратавальнай станцыі разбівалі лёд вакол птушкі, а потым за ёй у ваду спускаўся вадалаз – расказвае газета “Асіповіцкі край”. У страваводзе лебедзя знайшлі рыбалоўны кручок з грузікам.

Усіх трох выратаваных лебедзяў адвезлі ў прыватны прытулак пад Асіповічамі, які спецыялізуецца на дапамозе птушкам. Тут лебедзяў выходжваюць. Першага пацярпелага з вадасховішча Дразды туды даставілі яшчэ ў 2021 годзе – у яго было некалькі пераломаў шыі.

Фота: БелТА

Расце папулярнасць беларускай мовы сярод моладзі – даследаванне

Валоданне роднай мовай беларуская моладзь і школьнікі лічаць маркерам інтэлігентнасці і патрыятызма, а кожны трэці рэгулярна ёй карыстаецца.
Continue reading “Расце папулярнасць беларускай мовы сярод моладзі – даследаванне”