Абласны турзлёт “Чэрыкаўскі прывал-2023” пройдзе ў пятніцу 23 чэрвеня на тэрыторыі зоны адпачынку ў вёсцы Горкі Чэрыкаўскага раёна. Ён збярэ каманды з Горак, Клімавіч, Краснаполля, Круглага, Слаўгарада, Чавус і Чэрыкава – паведамляюць мясцовыя СМІ.
Турыстычны злёт праводзіцца з 2016 года сярод грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, рэабілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце- 2030”.
У праграму турзлёту ўключаны творчыя конкурсы, спартыўныя, інтэлектуальны і гастранамічныя спаборніцтвы.
Мэта спартыўнага форума – прыцягнуць грамадзян пажылога ўзросту, сеньёраў, да рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і спортам, далучэння да здаровага ладу жыцця, павышэння працаздольнасці і даўгалецця.
Арганізатары запэўніваюць, што такія мерапрыемствы развіваюць камандны дух, садзейнічаюць устанаўленню кантактаў, умацаванню сувязей паміж сеньёрамі розных рэгіёнаў краіны.
Святочныя мерапрыемствы ў Чавусах і раёне пройдуць на бліжэйшых выходных 24 і 25 чэрвеня.
Яны распачнуцца ў суботу а 19:00 у Ратушным скверы. Тут пройдзе раённы фестываль-конкурс маладзёвай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў”.
На наступны дзень, 25 чэрвеня, у Дзень вызвалення Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбудуцца аўтапрабег Чавусы – в. Дрануха, мітынг на месцы ўсталявання памятнага знака загінуўшым байцам Чырвонай Арміі ў 1943-1944 гадах у баях на рацэ Проня, канцэрты, дзіцячы фестываль яркіх фарбаў, дыскатэка.
Нагадаем, што 25 чэрвеня 1944 года, пасля 9-месячнага стаяння фронта, Чавусы былі вызвалены часткамі 330-й і 385-й стралковых дывізій 50-й арміі.
За праяўлены гераізм у баях за вызваленне раёна больш за 40 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за 18 000 воінаў загінулі ў баях на тэрыторыі раёна.
За гады акупацыі фашыстамі былі пакараныя 1 786 жыхароў раёна, 3 472 былі сагнаны ў Германію. Больш за 25 000 чавушчан загінулі на франтах Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. Поўнасцю спалены 22 вёскі раёна.
Пастановай Савета Міністраў ад 15 чэрвеня 2023 г. вызначаны пералік праектаў, што рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёнаў, якія падвергліся радыёктыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У прыватнасці, у пералік уключаны праекты: па стварэнню комплексу па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім раёне паблізу ракі Палуж вытворчай магутнасцю 1000 тон. Таксама – па будаўніцтве рэабілітацыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, па будаўніцтве басейна ў Слаўгарадзе.
Таксама ў пералік уключаны праект па рэканструкцыі Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, якая ўжо вядзецца – паведамляе краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.
Актыўны продаж унікальных артэфактаў заўважылі стваральнікі ініцыятывы “Спадчына” на платформе Telegram – магілёўскія прадаўцы выставілі на расійскіх інтэрнэт-пляцоўках пячныя “кароны”, кафлю. Мінкульт – “фактаў крадзяжу не зафіксавана”.
“Шэры” продаж беларускіх артэфактаў на папулярных інтэрнэт-пляцоўках цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі, і гэты стыхійны працэс усё часцей вядзе да паступовага вымывання каштоўнасцяў з тэрыторыі нашай краіны. Характэрную карціну зафіксавалі энтузіясты, стваральнікі папулярнага Telegram-канала “Спадчына”.
“Аднойчы на аўкцыёне натыкнуўся на прыгожую кафляную карону. – піша аўтар канала – Яна была выраблена на знакамітым заводзе Песельніка ў Копысі. Прадукцыя завода ў 1896 была адзначана бронзавым медалём Усерасійскай выстаўкі ў Магілёве за высокую якасць. Яе пастаўлялі ў сам Пецярбург.”
Падобная пячная кафля – рэдкая сямейная спадчына, але ўсё ж яна часам сустракаецца ў старых пабудовах з пячным абсталяваннем. Верагодна, у Магілёве сфармавалася пэўная колькасць прыхільнікаў ці калекцыянераў, якія сталі ўласнікамі падобных упрыгожванняў і цяпер распрадаюць свае здабыткі.
Разрабаваная Беларусь застаецца донарам культурных каштоўнасцей
“На [розных] пляцоўках адшукалася з паўтузіны падобных высокамастацкіх вырабаў, як асобных карон і кафляў, так і поўных пячных камплектаў. Амаль на ўсіх клеймы копыскага завода. – працягвае аўтар канала “Спадчына”.
І амаль усе прадаваліся з Магілёва. Можа б і прайшоў міма “прыватнай уласнасці”, але, па-першае, для мяне відавочна, што такая кафля знятая не з сялянскай хаты, а з інтэр’ераў забяспечаных мяшчан, а мо і нават з прызнаных помнікаў архітэктуры Падняпроўскага рэгіёна. Па-другое, што мела вырашальнае значэнне, прадаўцы прапаноўвалі даставіць беларускую кафлю ў Маскву… Бедная, разрабаваная ўсімі Беларусь у 2023-м застаецца донарам культурных каштоўнасцей!”
Што варта адзначыць – бізнэс у магілёўскіх прадаўцоў (ці прадаўца) цягнецца і даўно, і досыць млява. Як бачна з даціроўкі на фотаздымках, выстаўленых на інтэрнэт-аўкцыёнах, асобныя экспанаты рахтаваліся да продажу яшчэ ў 2013 годзе.
Аўтар канала “Спадчына” напісаў звароты ў Магілёўскі і Віцебскі аблвыканкамы, каб праверылі, ці можна гэтыя культурныя каштоўнасці вывозіць з Беларусі без дазволу Міністэрства культуры, праверылі адкуль іх знялі, і паглядзелі ці не варта выкупіць іх для музеяў.
Аблвыканкамы тэмай не зацікавіліся
Аблвыканкамы, гледзячы па адказах, асабліва тэмай не зацікавіліся – маўляў, гаспадры каштоўнасцяў знялі элементы аздаблення са сваіх дамоў, у музях такая кафля і так ёсць, а грошай, каб яе выкупляць, як заўсёды няма. У ведамствах унутраных спраў адказалі, што заяваў аб выкраданні не было, значыць – усё законна. Адзінае, што даведаўся аўтар – што традыцыі копыскай кафлі рыхтуюцца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Больш парадаваў адказ з міністэрства культуры. Там адказалі: “У дачыненні да пячных кафляў, згаданых у вашым звароце, магчымы толькі часовы вываз па-за межы Рэспублікі Беларусь.» Пераважнае права набыцця культурных каштоўнасцей застаецца за беларускай дзяржавай.
“У цяперашні час адна з усталяваных асоб звярнулася ў Музей гісторыі Магілёва з мэтай перадачы кафлі, другая – будзе выкарыстоўваць у інтэр’еры уласнага дома.”
То бок, выглядае, што міністэрства культуры і іншыя інстанцыі змаглі звязацца з людзьмі, якія выставілі на продаж беларускую кафлю з опцыяй дастаўкі ў Маскву, але службовых асоб задаволілі вусныя тлумачэнні пра добрыя намеры.
У студзені 2023 года жыхар Бабруйска, супрацоўнік адной з бюджэтных арганізацый, скраў на працы ноўтбук “Acer Aspire 3” коштам каля 1 300 рублёў і здаў яго ў ламбард. Грошы ён адразу пратраціў на спартыўныя стаўкі і прайграў іх усе. Калі крадзёж быў выяўлены кіраўніцтвам арганізацыі, бабруйчаніну давялося выкупаць ноўтбук назад і звольніцца.
Але ўжо праз месяц мужчына заявіўся зноў ва ўстанову і падмануў ахоўніка, быццам бы ўсё яшчэ працуе. І зноў – скраў той жа самы ноўтбук, здаў у ламбард і спусціў усе грошы на стаўкі. Яшчэ на стадыі разгляду яго крымінальнай справы бабруйчанін кампенсаваў кошт ноўтбука арганізацыі. Паводле пастановы суда яму вынесены штраф у 35 базавых велічынь, што складае амаль тыя самыя 1 300 рублёў – піша выданне “Бабруйскае жыццё”.
Жыхароў Бабруйска Галіну Смірнову, Андрэя Сініцу і Аляксандра Лявоненку абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных маршах пратэста ў Мінску ў жніўні 2020 года, паведамляюць праваабаронцы. Пракурор запытваў для іх наступныя тэрміны: Галіне і Аляксандру – па 2 гады «хатняй хіміі», а Андрэю – 3 гады калоніі.
19 чэрвеня быў вынесены прысуд. Галіне Смірновай прызначылі 2 гады хатняй “хіміі”. Андрэю Сініцы – 3 гады “хіміі” з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Аляксандру Лявоненка далі 1,5 гады хатняй “хіміі”.
Андрэй Сініца і Галіна Смірнова з пачатку сакавіка ўтрымліваліся ў СІЗА і прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
На сямі пляжах рэгіёна – у абласным цэнтры і ў раёне Шклова – уведзены абмежаванні на адпачынак на вадзе.
На чатырох пляжах Магілёўскай вобласці дзейнічае поўная забарона на купанне дарослых і дзяцей, на заняткі воднымі відамі спорту. Гэта Святое возера і кар’еры ў пасёлку Брады ў Магілёве, гарадскі пляж на Дняпры ў Шклове і пляж на правым беразе пруда каля вёскі Путнікі пад Шкловам.
Яшчэ на трох пляжах дзейнічае абмежаванне на купанне дзяцей. Гэта пляж у Палыкавічах пад Магілёвам, Пячэрскае водасховішча і затока на вуліцы Фаціна ў абласным цэнтры. Актуальную мапу забарон можна пабачыць тут.
Ва ўсіх матчах, што адбыліся ў зоне “Усход” Магілёўскай вобласці гаспадары прайгралі, не забіўшы ніводнага мяча, а ў зоне “Захад” адбыліся матчы з самымі буйнымі вынікамі 6-га тура.
Найбольш упартым матчам усходняй зоны турніра сталася сустрэча паміж чавускай “Нівай” і футбольным клубам “Краснаполле”.
У першым тайме гаспадары супраціўляліся гасцям, ніяк не жадаючы аддаваць ініцыятыву ў матчы. Аднак, усё ж краснапольскія футбалісты аказаліся мацнейшымі і не толькі змаглі навязаць свой малюнак матча, але і рэалізаваць галявыя моманты. У сваю чаргу чавускія футбалісты таксама мелі пару небяспечных момантаў каля брамы суперніка, але ж не змаглі іх завяршыць голам. У выніку мацнейшыя госці перамаглі чавускіх футбалістаў на чужым полі 0-2.
Усе астанія матчы ў зоне “Усход” былі пад поўным кантролем гасцей. Сустрэча паміж лідарамі турнірнай табліцы футбольнымі клубамі “Клімавічы” і “Сервалюкс Агра” скончылася перамогай апошняга.
Яна была насычаная небяспечнымі момантамі і стандартамі. Клімавіцкія футбалісты спрабавалі агрызацца і контратакаваць, але ж госці выглядалі мацнейшымі на працягу ўсёй гульні, пагэтаму заканамерна перамаглі з лікам 0-3.
Яшчэ больш драматычная сустрэча была паміж мсціслаўскай “Віхрой” і гасцямі са Слаўгарада. Матч быў дастаткова відовішчным і цікавым.
Мсціслаўскія футбалісты пераважна валодалі мячом і стварылі некалькі небяспечных момантаў каля брамы суперніка. Аднак удача была на баку слаўгарадскіх гульцоў. Яны адкрылі лік, паспяхова рэалізаваўшы пенальці. А потым тройчы ўмацавалі поспех, выдатна згуляўшы на контратаках.
Хатняя гульня не прынесла чаканага выніку для мсціслаўскіх заўзятараў і завяршылася з лікам 0:4 на карысць гасцей. Футбольны клуб “Віхра” па-ранейшаму з трыма баламі замыкае турнірную табліцу.
Зусім бясвольна праявілі сябе каманда з Дрыбіна. Дрыбінскія футбалісты на хатнім стадыёне глядзеліся зусім слаба ў параўнанні з касцюковіцкімі гульцамі, якія танкам прайшліся па сваіх суперніках, забіўшы пяць галоў, што засталіся без адказу.
Футбалісты крычаўскага “Сожа” дома з буйным лікам 0-6 саступілі горацкім гульцам, але матч для гаспадароў стаўся драматычным з-за чырвонай карткі.
З першых хвілін матчу, як і належыць намінальнаму фаварыту сустрэчы, футбалісты “Горак” прыняліся абложваць вароты гаспадароў. Аднак брамнік “Сожа” па-майстэрску адбіваў небяспечныя выпады гасцей. Праўда, у самым канцы першага тайма горацкія футбалісты змаглі забіць гасападарам. Аднак аказалася, што гэта яшчэ не ўсё.
На апошняй хвіліне першага тайма за знос горацкага форварда ў штрафной плошчы брамы гаспадароў арбітр сустрэчы прызначыў адзінаццаціметровы штрафны ўдар, які быў дакладна рэалізаваны. Акрамя таго, за фол крычаўскі абаронца атрымаў чырвоную картку і быў выдалены з поля.
У другім тайме горацкія футбалісты поўнасцю дамінавала на полі і забілі яшчэ чатыры галы ў вароты гаспадароў.
Аднак яшчэ з большым лікам скончыліся дзве сустрэчы ў зоне “Захад”. Глускія футбалісты на дамашнім стадыёне былі разгромлены гасцямі з бялыніцкай “Друці”. Гаспадары хоць і змаглі забіць адзін гол, аднак на працягу гульні не маглі нічога супрацьпаставіць гасцям, якія абрушвалі шквалы атак і небяспечных момантаў на працягу ўсёй гульні і заканамерна выйгралі 1-7.
А вось бабруйскае “Тарпеда” дома яшчэ з большым лікам выйграла гасцей з Кіраўска. Сваёй гульнёй тарпедаўцы паказвалі, што яны – адна з наймацнейшых каманд зоны “Захад”, размазаўшы супернікаў без адзінага шанцу захаваць прыстойны лік гульні. Бабруйскія заўзятары былі ў захапленні ад гульні каманды, якая была на тры галавы мацнейшая за суперніка і выйграла з лікам 8-1.
Самай упартай сустрэчай шостага туру другой лігі чэмпіянату Беларусі па футболе Магілёўскага рэгіёна аказаўся матч паміж круглянскай Зарой, якая дома прымала “Дняпро-Юні”.
Гаспадары ўпэўнена пачалі гульню і ўжо на 13-й хвіліне змаглі забіць гол. У далейшым яны таксама валодалі ініцыятывай, аднак першы тайм скончыўся з мінімальнай перавагай гаспадароў. У другім тайме юніоры “Дняпра” змаглі пераламіць хаду матча, навязаўшы свой малюнак гульні круглянскім футбалістам. Спачатку на 49-й хвіліне магілёўскія гульцы зраўнялі лік, а пасля працягвалі навальвацца на браму суперніка. Футбалісты “Зары” контратакавалі і часам дастаткова паспяхова. Аднак на 81-й хвіліне магілёўцы ўсё ж змаглі вырваць гасцявую перамогу, а круглянцы за апошнія дзесяць хвілін так і не змаглі зраўняць лік матча.
Фота: mstlife.by, gorkiv.by, chausynews і з адкрытых крыніц
Артснарад часоў вайны знайшлі на беразе Сожа – на гарадскім пляжы. Тэрыторыя знаходкі ачэплена супрацоўнікамі міліцыі.
На месца здарэння прыбыла сапёрна-піратэхнічная група. Цяпер на гарадскім пляжы спецыялісты правяраюць на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
На дадзены момант гараджанам нічога не пагражае, знойдзены аб’ект знаходзіцца пад аховай.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі на Крычаўшчыне знаходзяць снарад часоў вайны. Два месяца таму ў некалькіх кіламетрах ад Крычава, каля вёскі Сакольнічы, ужо быў знойдзены снарад, пра што пісалі mogilev.media.