Гістарычны мінімум месячных ападкаў быў абноўлены ў Касцюковічах і Мсціславе

На тэрыторыі Магілёўскай вобласці за верасень выпала 13 міліметраў ападкаў, ці ўсяго 26% ад нормы – паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 40-80 працэнтаў нормы ападкаў. У паўночных, усходніх і заходніх рэгіёнах іх выпала значна менш. На станцыях Полацк, Докшыцы, Мсціслаў і Касцюковічы быў абноўлены гістарычны месячны мінімум сумы ападкаў. На фоне недабору ападкаў на крайнім паўднёвым захадзе адзначаўся іх лішак. На станцыі Брэст абноўлены гістарычны сутачны максімум ападкаў – распавялі гідролагі.

Фота: mogilev.media

Ад капітальнага рамонта стала толькі горш – скардзяцца жыхары пасёлка пад Мсціславам

Ужо некалькі гадоў жыхары вуліцы Крутой у аграгарадку Мішні Мсціслаўскага раёна пакутуюць пасля капітальнага рамонту іх дамоў. Мясцовы “Жылкамгас” выканаў працы няякасна – скардзяцца яны і за апошнія гады дайшлі ўжо да чарговага дэпутата – піша “Святло Кастрычніка”.

На прыёме ў дэпутата адна з жыхарак аграгарадка распавяла, што рамонт даху толькі пагоршыў сітуацыю ў яе доме. Цяпер падчас дажджоў вада зацякае ў пад’езд, што прыводзіць не толькі да неэстэтычнага выгляду, але і становіцца прычынай сырасці ў яе кватэры.

– Праводзячы рамонтныя работ на аб’екце будаўнікамі была дэмантаваная ашалёўка сцен. – распавяла іншая жанчына з той жа вуліцы Крутой – Пасля капітальнага рамонту мы чакалі, што сцяны ўцяпляць, але гэтага не адбылося. Адсутнасць уцяпляльніка прыводзіць да сталага прамярзання сцен, з’яўленню цвілі. Зімой у маёй кватэры яшчэ і халодна. 

Іншая праблема жыхароў пасёлка – транспартная. Як аказалася, вяскоўцам стала цяжка дабірацца да абласнога цэнтра. Усё таму, што рух грамадскага транспарту і маршрутак праз іх населены пункт не арганізаваны.

– Сёння мы вымушаныя дабірацца да Магілёва на цягніку. – распавялі жыхаркі пасёлка – Але адлегласць да бліжэйшага прыпынку – больш за 10 кіламетраў. Не ва ўсіх ёсць магчымасць яе пераадолець. Ды і расклад руху цягнікоў не заўсёды зручны. Прыехаўшы ў Магілёў мы не паспяваем вырашыць свае пытанні, як вымушаныя ўжо з’язджаць назад.

Фота: glubinka.by

 

Кіроўца зазявалася – пад Мсціславам машыну выкінула з дарогі

Аднаго з пасажыраў прыйшлося вызваляць з дапамогай спецыяльнага інструмента.

Раніцай 18 жніўня на трасе пад Мсціславам адбылася жорсткая аварыя. Аўтамабіль Citroen, у якім ехалі пяць чалавек, выкінула з дарожнага палатна, машына перакулілася. Як паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама, ДТЗ адбылося па той прычыне, што кіроўца згубіла ўвагу і выехала на сустрэчную паласу руху, а потым і наогул перастала кантраляваць аўтамабіль.

Для таго, каб дастаць з машыны аднаго з пасажыраў, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў. Ён быў шпіталізаваны з траўмамі – піша прэс-служба МНС. У аварыі ніхто не загінуў, дзякуючы рамяням бяспекі – адзначылі супрацоўнікі ДАІ.

аварыя

Фота: МНС

Адзін з лепшых твораў старажытнабеларускага мастацтва аказаўся паходжаннем з Мсціслава

Навукоўцы правялі новую атрыбутацыю знакамітага “Укрыжавання з Галубічаў” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Месца і час яго стварэння аказаліся нечаканымі.

Укрыжаванне з Галубічаў доўгі час лічылася самым старажытным скульптурным творам беларускага мастацтва. У навуковай літаратуры яго датавали XIV стагоддзем і характарызавалі як прыклад раманскага стылю – а гэта нават больш старажытны чым гатычны стыль у сярэдневяковай культуры.

На працягу дзесяцігоддзяў мастацтвазнаўцы былі перакананыя, што скульптура паходзіць з Заходняй Беларусі – вёскі Галубічы ў Віцебскай вобласці. Ёй былі прысвечаныя шматлікія навуковыя публікацыі, у якім хдзначалася, што гэта самы ранні з падобных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. “Паліхромнае драўлянае распяцце з Галубічаў з’яўляецца ўзорам дасведчанасці мясцовага майстра-разьбяра, на чыю творчасць паўплывалі асаблівасці суровага стылю еўрапейскага абарончага дойлідства і пэўныя павевы італьянскага мастацтва. Асаблівасцямі твора з’яўляюцца суровасць вобраза, манументальнасць, лаканізм выразных сродкаў.”

Але, як высветлілі навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, дзе захоўваецца твор, гэтая атрыбутацыя аказалася памылковай. Лекцыю вядучага навуковага супрацоўніка аддзела старажытнабеларускага мастацтва​ Станіслава Чавуса, прысвечаную распяццю “з Галубічаў” размясціла на сваёй старонцы ў Youtube рэдакцыя “Радыё Марыя”.

Пераблыталі два распяцці

Прычынай для памылковай атыбутацыі вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Станіслаў Чавус называе элементарную блытаніну. Падчас навуковай апрацоўкі твора, калі ён ужо знаходзіўся ў фондах музея пасля Другой Сусветнай вайны, мастацтвазнаўца Ала Лявонава звязала гэты твор з інвентарным нумарам, пад якім значылася “Распяцце Хрыстос з дрэва, рук не хапае…” з Галубічаў. 

инвентаризация
Запіс у інвентарнай кнізе, які заблытаў даследчыкаў.

Сучасныя даследчыкі звярнулі ўвагу на той факт, што пад гэтым нумарам адзначана распяцце значна меншага памеру – усяго 40 сантыметраў у вышыню. Аналіз фондаў дазволіў ім знайсці сапраўднае распяцце з Галубічаў, якое цалкам адпавядае апісанню і гісторыі паходжання. Вось яно.

распятие 

Пасля інтэнсіўных фондавых пошукаў спецыялістам удалося прасачыць храналогію перамяшчэнняў мастацкага твору па музейных калекцыях. Высветлілася, што ў Нацыянальны мастацкі музей ён патрапіў у выніку пасляваеннага вяртання культурных каштоўнасцяў, вывезеных у Германію. Нямецкія інвентарныя надпісы дазволілі прасачыць першапачатковае месцазнаходжанне скульптуры – створаны ў 1920-х гадах у Мінску Беларускі Дзяржаўны музей, куды звозіліся творы мастацтва з усёй Беларусі. 

Як высветлілася, у Беларускі Дзяржаўны музей распяцце трапіла ў выніку перавозу ў сталіцу цэлага комплексу культурных каштоўнасцяў з Мсціслаўскага царкоўна-гістарычнага музея ў 1924 годзе.

Не XIV а XVІ стагоддзе?

Ранейшая мастацтвазнаўчая характарыстыка распяцця абапіралася і на мясцовасць, і на гісторыю пасялення, з якога, як меркавалася, паходзіў твор. Заходнебеларускі рэгіён знаходзіўся пад моцным уплывам еўрапейскіх культурных стыляў ужо з часоў сярэднявечча, а самі Галубічы вядомыя пачынаючы з XIV стагоддзя. Лаканічныя, суровыя рысы скульптуры натыкнулі даследчыкаў на выснову, што распяцце больш старажытнае, чым распаўсюджаныя пазней на беларускіх землях традыцыі Рэнесанса і барока. Пагэтаму і сфармаваўся кансэнсус лічыць гэты твор прыкладам раманскага стылю.

Цяпер жа гэтыя высновы можна смела аспрэчваць і прапаноўваць новыя інтэрпрэтацыі выбітнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Некаторыя з даследчыкаў, звяртаючы ўвагу на спецыфічнае мадэліраванне галавы скульптуры, а таксама асаблівасці выпуклых элементаў на грудзях фігуры выказваюць меркаванні, што найбольш верагодная даціроўка твору – XVІ стагоддзе. Але – як час яго стварэння, так і стыль, і асаблівасці бытнавання цяпер патрабуюць новага, і не менш займальнага даследавання.

Фота: “Радыё Марыя”

Стартаваў Рыцарскі фэст у Мсціславе – вось яго поўная праграма

Сёння ў Мсціславе пачаўся “Рыцарскі фэст” – бадай, лепшае ў Беларусі свята з рэканструкцыяй сярэдневяковай гісторыі. 

Стала вядомая падрабязная праграма фестываля. Будуць масавыя баі, фаер-шоў і нават гумарыстычныя паскакухі на конях. Публікуем праграму цалкам, але арганізатары звяртаюць увагу, што ў мерапрыемствах магчымыя змены.

3 жніўня

ПЛОШЧА ПЯТРА МСЦІСЛАЎЦА

10:00 – Урачыстае адкрыццё свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”

Конкурс сярэднявечнага касцюма “Касцюм эпохі”. Уваход вольны.

ВУЛ. САВЕЦКАЯ

вул. Савецкая, 11 (будынак былой гасцініцы, кафэтэрый “Казка”)

13:30 – 22:00 – Выстава “Паляванне на ведзьмаў”. Кошт квітка – 5 руб., 3 руб. 

Фотазона. Кошт квітка – 2 руб., 1 руб. 50 кап.

13:30-20:00 – Квест “Скарбы сярэднявечча”. Кошт квітка – 4 руб. 

вул. Савецкая (бакавы бок аптэкі)

10:00 – Інтэрактыўна-тэатралізаваныя пляцоўкі “Мсціслаў старажытны”.

10:00-11:00, 12:30-13:30, 14:00-15:00, 17:00-18:00 – Беларускі лялечны тэатр “Батлейка” (Выступленне лялечных тэатраў бібліятэк Мсціслаўскага раёна). Кошт квітка – 1 руб. 50 кап.

ВУЛ. ЮРЧАНКІ (скрыжаванне вул. Савецкай і вул. Юрчанкі)

10:00-22:00 – Выстава матылькоў “Пырхаючыя кветкі”. Кошт квітка – 5 руб.

ВУЛ. САВЕЦКАЯ, ПІРАГОЎСКАЯ, ЮРЧАНКІ

10:00 – Праца гандлю.

10:00 – Праца “Гарады майстроў”, атракцыёнаў, кірмашы.

ВУЛ. КАМСАМОЛЬСКАЯ (ПАЖАРНАЯ КАЛАНЧА)

10:30-22:00 – Наведванне назіральнай пляцоўкі. Экспазіцыя “На службе пажарнай”. Кошт квітка – 2 руб., 1 руб.

ВУЛ. КАЛІНІНА, 21 (тэрыторыя Дзіцячай школы мастацтваў)

12:00-19:00 – Сярэднявечны квэст “Таямніцы старога горада” Кошт квітка – 3 руб. 50 кап.

РАЁННЫ ЦЭНТР КУЛЬТУРЫ (вул. Пралетарская, 42)

23:00-02:00 – Святочная начная дыскатэка. Кошт квітка – 4 руб.

ЗАМКАВАЯ ГАРА

11:30-22:00 – Выстава-продаж, майстар-класы па мастацкай коўцы (Цэнтральны ўваход на Замкавую гару, каля ўваходнай брамы).

11.30 -= Прэзентацыя, дэгустацыя страў сярэднявечнай кухні “Багатырская трапезная” (Альтанкі).

11:30-22:00 – Выстава “Зброя ўсіх стагоддзяў” (Вежа-данжон). Кошт квітка – 7 руб.

Экскурсія “У віхуры стагоддзяў”. Выстава “Па слядах маманта” (Раскоп старажытнага гарадзішча). Кошт квітка – 2 руб., 1 руб.

11:30-13:10 – Сярэднявечная казка “Легенда пра Мсціслаў” конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”. Бугурты, баі пешых рыцараў у фармаце 3*3 ці 1*1. Кошт квітка – 6 руб.

14:00-15:40 – Паказальныя выступленні, трукавае шоу клуба “Шатландская пяхота” (г. Маладзечна). Канцэрт фолк-групы “Хмяльны вір” (г.Мінск), майстар-клас па сярэднявечных танцах. Кошт квітка – 6 руб.

16:30-18:10 – Гумарыстычнае конна-трукавае шоу “Няўдалыя Сваты” клуба “Залатая шпора”. Тактычныя бугурты “Захоп сцяга”, “Ахова Караля” і г.д. Масавыя бітвы. Турнір лучнікаў. Кошт квітка – 6 руб.

19:00-20:40 – Рыцарскія забавы (XV стагоддзе) конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”. Масавыя баі, тактычныя манеўры. Тэатралізаваны штурм замка. Кошт квітка – 6 руб.

21:30-23:30 – Фаер-шоу “Атама” (г. Віцебск). Фаер-шоу вогненнага цырка “Крэсіва” (г.Мінск). Канцэрт гурта “Без панікі” (г.Мінск). Канцэрт гурта “Дудары” (г.Мінск). Кошт квітка – 10 руб.

4 жніўня

00:10-03:30 – Выступ этнатэатра “Кетры” (г. Мінск). Фаер-шоу клуба “Маоры” (г. Магілёў). Канцэрт гурта “Тровальвальд” (г. Мінск). Канцэрт “РэдФокс бэнд” (г.Мсціслаў). Дэманстрацыя мастацкага фільма “Магіла льва”. Кошт квітка – 8 руб.

Сёння – гадавіна “Трубяцкой разні”, калі было знішчана амаль усё насельніцтва Мсціслава

22 ліпеня 1654 года ў самым пачатку вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай войска расійскага князя Аляксея Трубяцкога штурмам узяло горад Мсціслаў і здзейсніла масавае забойства мясцовых жыхароў, якое ўвайшло ў гістарычную памяць як “Трубяцкая разня”. Паводле ацэнак сучаснікаў, акупантамі было знішчана ад 10 000 да 15 000 чалавек. Шматлюдны і росквітны горад на ўсходзе Магілёўшчыны ў выніку катастрофы заняпаў і больш ужо не вярнуў сваю былую веліч.

Беларускі гісторык Міхаіл Без-Карніловіч пісаў пра тое, што памяць пра «разню Трубяцкога» ў Мсціславе захоўвалася ў народных паданнях нават у сярэдзіне XIX стагоддзя. Расійскі гісторык Аляксей Лобін мяркуе, што прычына, па якой рускія войскі здзейснілі настолькі маштабнае забойства, звязаная з тым, што горад аказаў моцнае супраціўленне.

На выяве: Разня манахаў-кармелітаў рускімі салдатамі, фрагмент фрэскі з Кармеліцкага касёла ў Мсціславе.

Аб’яўлены даты Мсціслаўскага рыцарскага фэста

Рыцарскі фэст у Мсціславе сёлета пройдзе 3 і 4 жніўня – расказала начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. Як і заўсды, ён пройдзе на Замкавай гары, некаторыя лакацыі будуць размеркаваныя на ўсім горадзе. Чакаецца гандаль сувенірамі ручной работы, рок-фестываль, бугурты, тэатралізаваны штурм замка, вогненнае шоў. Госці фестываля – у асноўным расійскія клубы рэканструкцыі з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў.

Фота: “Святло Кастрычніка”, архіў

Трох чалавек выратавалі на вадзе на Магілёўшчыне, двое патанулі

Карціна здарэнняў аднолькавая – адважныя мужчыны заплывалі за буйкі, а потым іх пакідалі сілы, рухі станавіліся хаатычнымі.

Задуха на выхадных і ў панядзелак прывяла да цэлай серыі здарэнняў на вадзе па ўсёй Магілёўскай вобласці. Жаданне ахаладзіцца прывяло да трагедыі ў Мсціславе – тут у рацэ Віхра на вуліцы Лясной патануў малады хлопец 2006 года нараджэння. У Бабруйску трое маладых хлопцаў вечарам 1 ліпеня вырашылі пераплыць Бярэзіну ў раёне Рачнога порта. Двое з іх вярнуліся на бераг, а трэці, 2007 года нараджэння, патануў.

Адразу трох чалавек выцягнулі з вады ратавальнікі – на Святым возеры ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і ў Бабруйску на Бярэзіне. Кожны раз супрацоўнікі выратавальнай службы канстатавалі адну і тую ж карціну. Мужчына пайшоў плаваць, заплыў далёка за буйкі, а сілаў каб вярнуцца не хапіла. 

У Палыкавічах, напрыклад, ахвярай вады ледзь не стаў 51-гадовы мужчына. Да будынка выратавальнага паста падбег мужчына і паведаміў, што яго таварыш паплыў на супрацьлеглы бок, але ні на беразе, ні на паверхні вады яго не відаць. Прыкладна ў 15 метрах ад зрэзу вады ратавальнік заўважыў мужчыну, які стараўся плыць. Рухі яго рук і галавы былі хаатычнымі. Мужчыну дасталі на бераг.

Такая самая карціна назіралася на пляжы на Святым возеры ў Магілёве і на Бярэзіне ў Бабруйску, дзе выратавалі 26-гадовага хлопца і пенсіянера адпаведна.

Фота: mogilev.media

Пад Мсціславам будуць давывучаць радовішча фасфарытаў – усё з-за санкцый

Кааліны, базальты, туфы, фасфарыты – каб замяніць імпартную мінеральную сыравіну, недасягальную для беларускіх прадпрыемстваў з-за санкцый, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя анансавала паўторнае вывучэнне ўжо вядомых радовішчаў.

Гэта радовішчы гіпсу і ангідрыту “Брынеўскае”, даўсаніт-баксітавых руд “Заазёрнае” ў Гомельскай вобласці, фасфарытаў “Мсціслаўскае” на Магілёўшчыне, базальтаў і туфаў “Навадворскае”,  кааліну “Сітніца” ў Брэсцкай вобласці, бентанітавых глін “Астражанскае” на Міншчыне.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк у сваім інтэрв’ю рэсурсу БелТА патлумачыў, што новыя выведкі на ўжо вядомых радовішчах вымушаныя, яны праводзяцца з-за санкцыйнага ціску, разрыву гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з былымі краінамі-партнёрамі.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Мсціславам згарэла вясковая крама

Ноччу 29 траўня пажар ахапіў сельскую краму ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару згарэў дах, пашкоджана ўнутранае начынне, пагарэла многа тавару. Прычына высвятляецца, пацярпелых няма.

Фота: МНС