Магілёўскія метадысты зрабілі вышытую мапу рэгіёна

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці завяршылі вышыўку мапы Магілёўшчыны з этнаграфічнымі і культурнымі адметнасцямі і перадалі яе ў Мінск для складання ў агульны вялікі вышыты габелен. 

Майстры з усяго рэгіёна актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні карты. Па ўсталяваным графіку яны прыязджалі ў Магілёў і ўносілі ў гэтую карту тыя элементы, якія дэманстравалі культуру і здабыткі сваёй малой радзіны. 

Яе стваралі ў рамках рэспубліканскага праекта “Культурная спадчына Беларусі”. Згодна задуманай ідэі, майстры народнай творчасці стваралі карты рэгіёнаў, якія будуць сабраны ў адзіную карту Беларусі памерам 3х2,5 м. Карта-габелен стане сімвалам культурнай спадчыны беларускага народа – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Нагадаем, што вышытая карта Магілёўскага краю прадстаўлена рознымі брэндамі. Гэта і «Крычаўскі канёк» Крычаўскага раёна, і «Залатая пчолка» Клімавіцкага раёна, і «Саламяныя павукі» Быхаўскага раёна, і «Блакітная крыніца» Слаўгарадскага раёна, а таксама абрад «Варвараўская свечка», якім рэпрэзентуецца Мсціслаўшчына, пра што некалькі месяцаў таму пісалі mogilev.media. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

На Магілёўшчыне лавілі нелегалаў – 11 дэпартацый, 2 крымінальныя справы

У Магілёўскай вобласці завяршыўся першы этап аперацыі па супрацьдзеянні незаконнай міграцыі пад умоўным найменнем “Нелегал-Трафік” – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама.

У выніку мерапрыемстваў супрацоўнікамі УУС вобласці выяўлена 217 адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх 208 – парушэнняў правілаў уезду, выезду, знаходжання і транзітнага праезду. 

Выдварана ў адміністрацыйным парадку і дэпартавана 11 замежных грамадзян.

Падчас правядзення «Нелегал-2023» узбуджаны 2 крымінальныя справы за парушэнне замежнікамі тэрміну забароны ўезду ў краіну.

Фота з адкрытых крыніц

Эпідэміёлагі забракавалі восем пляжаў на Магілёўшчыне, але на іх усё роўна можна купацца

Актуальная інфармацыя па стане месцаў для адпачынку каля вады – куча парушэнняў і перавышэнняў, і ўсяго адна забарона.

За мінулы тыдзень у рэгіёне былі адабраны 104 пробы вады адкрытых вадаёмаў. З іх не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 18, па санітарна-хімічных – 11. Такой інфармацыяй дзеліцца Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.  

Эпідэміёлагамі накіравана хадайніцтва ў Магілёўскі райвыканкам аб забароне купання і занятку воднымі відамі спорту на на вадасховішчы в. Вільчыцы.

Але нягледзячы на папярэджанні санітарных служб, мясцовымі ўладамі не былі прыняты рашэнні аб забароне купання і занятку воднымі відамі спорту на наступных аб’ектах – на гарадскім пляжы на Дняпры, на пляжы на сажалцы ў Брадах, на Святым возеры, на  затоцы ў раёне Фаціна, Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве. Таксама – на пляжы ў вёсцы Палыкавічы Магілёўскага раёна, на шклоўскім гарадскім пляжы, на пляжы ў вёсцы Путнікі Шклоўскага раёна. 

Таксама на дзвюх зонах рэкрэацый – кар’ер «Пяшчаны» Клімавіцкага раёна, і каля вёскі Падлужжа Кіраўскага раёна ўстаноўлены парушэнні ў частцы іх ўтрымання.

Актуальную інфармацыю аб месцах для купання можна знайсці тут.

Фота з адкрытых крыніц

Скандал у магілёўскім “Дняпры” – варатар “забухаў” і “паслаў каманду на тры літары”

Памочнік галоўнага трэнера магілёўскага футбольнага клуба “Днепр” Сяргей Кузьмініч распавёў рэсурсу football.by балючую гісторыю здрады асноўнага варатара каманды Уладзіміра Журава.

На наступны дзень пасля вяселля аднаго з гульцоў каманды, Красіміра Капава, Жураў перастаў паяўляцця на трэніроўках і не з’явіўся на вырашальную гульню Першай лігі Чэмпіяната Беларусі з віцебскім “Макслайнам””.

– Жураў, груба кажучы, забухаў. – расказаў трэнер Сяргей Кузьмініч – І мне хочацца, каб ён панёс за гэтае пакаранне. У нас меўся быць матч з “Макслайнам” на выездзе, а ён перастаў з’яўляцца на трэніроўках. Прапусціў з-за гэтага два запар дні трэніровак – пятніцу і суботу, уключаючы і перадгульнявы занятак, напярэдадні нашай нядзельнай сустрэчы. Натуральна, і на саму гульню ён таксама не паехаў.

Каманда вымушана была разлічваць на маладых галкіпераў, якія не выратавалі – “Днепр” прайграў 5:2, хоць у пачатку сустрэчы вёў з лікам 0:2. Але не толькі паражэнне ставяць у віну Уладзіміру Жураву, але яшчэ і чалавечыя адносіны.

– Скажу больш. – працягвае Кузьмініч – Усе ж ведаюць, што на “Днепр” накладзена забарона на трансферы, якая заканчваецца 9 ліпеня. І вось зімой Жураў хацеў паляпшэння асабістых умоў кантракта. А нам з-за гэтай забароны дзявацца асабліва не было куды. І вось [галоўны трэнер] Герашчанка гатовы быў даплочваць Жураву гэтую частку са сваіх грошай – з уласнай кішэні. Быццам бы да гэтага не дайшло, але сам факт. А тут такая здрада – і самога футбола, і ўсіх нас…

Журава ў дзень выяздной гульні знайшлі прадстаўнікі каманды.

– Нам сказалі, што адбываецца. А потым наш трэнерскі штаб прыехаў туды, дзе знаходзіўся Жураў, і ўбачылі ўсё гэта самі. Ён проста спаў п’яны за сталом. Што за ўстанова? Нейкае гарадское, летняга тыпу. Потым начальнік каманды спытаў у Журава, ці не хоча ён папрасіць прабачэння. А той хлопцаў, груба кажучы, на тры літары паслаў. Што зараз з ім будзе? Не ведаю. Будзе каля магазіна стаяць.

Уладзімір Жураў ужо адлічаны з каманды “Днепр”.

Фота: fc-dnepr.by

Ліцэй МУС адкрыецца ў Магілёве ў наступным годзе – падпісаны ўказ

Яшчэ ў саквіку стала вядома, што першы абласны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў з’явіцца ў Магілёве ў 2024 годзе. Цяпер жа адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве выявілі небяспечны расійскі сідр і медавуху

Сідр “Чорная вішня” і “Блакітная лагуна”, а таксама медавуха “Класічная” расійскага завода па вытворчасці він і напіткаў “Каскад”, як высветлілася, утрымлівалі ў сваім складзе сінтэтычныя фарбавальнікі і аказаліся ў два разы мацней, чым заяўлена на этыкетках.

Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідеміялогіі паведамляе, што выяўленыя ў крамах “За півам” на Пушкінскім праспекце ў Магілёве, і “Вясёлы лось” па вуліцы Якубоўскага напіткі ўтрымліваюць рэчывы, не прамаркіраваныя на этыкетцы. 

Так, сідр “Чорная вішня” Злынкаўскага завода “Каскад” (Расія, Бранская вобласць) меў у сваім складзе сінтэтычныя фарбавальнікі азарубін і бліскучы сіні, не паказаныя на маркіроўцы прадукцыі. Таксама выяўлены кансервант – бензойная кіслата, не прадугледжаны ў вытворчасці сідру. Пры заяўленай моцнасці напоя ў 6%, ён аказаўся амаль у два разы мацней – 11%.

Гэтаксама, 11-12% этылавага спірту замест шасці выявілася ў сідру “Блакітная лагуна” і медавусе “Класічнай” таго ж завода. У сідры таксама знайшлі непрамаркіраваны на этыкетцы сінтэтычны фарбавальнік.

Фота з адкрытых крыніц

Дажджы, навальніцы, да +26°С – прагноз надвор’я на доўгія выходныя

На ўікенд і доўгія выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы каля +20°С, ноччу да +15°С, днём +24° +27°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 3 хвіліны да 17 гадзін 1 хвіліны на 3 ліпеня – сонца ўзыйдзе ў 4:32, зойдзе ў 21:34.

30 чэрвеня, пятніца, апошні дзень чэрвеня, надвор’е абяцае быць воблачным у першай палове. Уноч да +15°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература падрасце да +26°С. У другой палове дня прагназуюцца дажджы з навальніцамі. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, паўночнага ўсходу, хуткасць вятроў да 5-6 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У суботу, у першы дзень ліпеня, на большай частцы рэгіёна прагназуюцца дажджы. Уноч і уранні да +17°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +27°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду і паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў да 4 м/с. Поўня. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 2 ліпеня, прагназуецца воблачнае надвор’е. У другой палове дня пройдуць дажджы, уноч і раніцай да +15°С, удзень паветра прагрэецца да +24°С, у асобных раёнах да +25°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночна-заходнія і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю 3-4 м/с. Поўня.

Ранак панядзелка, 3 ліпеня, пачнецца з даждлівага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +15°С, з паўднёва-заходнімі вятрамі хуткасцю да 3-9 м/с. У другой палове дня – воблачна, пераважна без ападкаў, тэмпература да +24°С.

Фота: mogilev.media

Хронікі даўняга Магілёва – лекавае віно ў аптэках, рамонт ратушы і зграя бадзяжных сабак

Працягваем гартаць старыя падшыўкі. Цяпер – мясцовыя навіны за 28 чэрвеня 1912 года.

1 ліпеня перакрыюць рух транспарту на аўтадарозе Пашкава-Гаі

Рух транспарту будзе перакрыты з 9:00 да 16:00 – паведамляе УУС аблвыканкама. 

Гэта звязана з урачыстым адкрыццём пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Батальён міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава”. Стаянка транспарту будзе арганізавана па вуліцы Шклоўская шаша Магілёва і ў вёсцы Гаі. Падвоз грамадзян будзе ажыццяўляцца з 10:00 да 15:00 ад Прывакзальнай плошчы (аўтобусамі №77 з шыльдамі “Чыгуначны вакзал – в. Гаі”) да павароту на в. Гаі.

Наведвальнікі мерапрыемства могуць карыстацца паслугамі грамадскага транспарту.

Фота: УУС

Пайшлі клубніцы, першая маліна і вішні – што па чым на рынках у Магілёве

На Мінскім рынку ў Магілёве за пяцілітровае вядзерца клубніцы просяць 30 рублёў. На прывакзальным кірмашыку за такое самае – 22.

Першыя ягады маліны можна сустрэць ужо бадай на ўсіх міні-рынках горада, хоць і няшмат. Звычайна прадаюць па два-тры стаканчыкі і прыгаворваюць, што гэта першы ўраджай сёлета. За адзін стаканчык 6 рублёў.

Трохі патаннела маладая бульба, але ўсё залежыць ад памераў. Вось такая бульбачка сярэдняй дробнасці каштуе 3,0-3,5 за кіло, а яшчэ некалькі дзён таму было чатыры рублі – пісалі mogilev.media.

Клубніцы – 8 рублёў за кілаграм буйная, і 6 сярэдняя.

Сем рублёў просяць за кілаграм чарэшні.

Лясная ягада па-ранейшаму рэдкая і дарагая. Паўлітровая баначка землянікі каштуе восем рублёў. Чарніцы сустракаюцца рэдка і чамусьці крыху танней – па 6 за слоік. Таксама можна сустрэць першую вішню.

Ну, і россыпы зеляніны на любы густ.

Фота: mogilev.media