25-гадовы жыхар аграгарадка Чырвоная Буда ў п’яным стане пасварыўся з жонкай і паспрабаваў падпаліць дом. Ён асуджаны за пагрозу забойствам.
Мужчына са сваёй жонкай і двума малалетнімі дзецьмі быў дома ў той вечар у стане алкагольнага ап’янення. Апоўначы ў іх з жонкай узнікла сварка, і хлопец стаў пагражаць жонцы, што заб’е яе і падпаліць дом. У пацвярджэнне сваіх слоў ён выйшаў у веранду, сарваў са сцяны шпалеры і падпаліў іх. Пасля гэтага малады мужчына плюхнуў на падпаленыя шпалеры бензін з каністры. Уваходныя дзверы загарэліся і ў дом, дзе знаходзілася яго жонка і дзеці, паваліў чорны дым – паведамляепра злачынства раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Жанчына замкнулася знутры на металічны кручок, а каб упусціць паветра ў дом, разбіла вокны ў пакоі. Потым мужчына пабаяўся, што спаліць дом і затушыў пажар. Пасля гэтага сышоў з дому. Пра здзейснены ўчынак ў міліцыю паведаміла сястра пацярпелай, таму хлопца хутка затрымалі. Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся аб сваім учынку, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.
Была заведзена крымінальная справа, згодна якой маладога мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 1 год 6 месяцаў. Пры гэтым прызначэнае пакаранне не будзе прыведзена ў выкананне, калі на працягу года мужчына не здзейсніць новае злачынства, а таксама будзе пастаянна апавяшчаць аддзел міліцыі аб сваім месцазнаходжанні.
На пад’ездах шэрагу дамоў мікрараёна Камсамольскі з’явіліся аб’явы-звароты да жыльцоў пяціпавярховікаў, у якіх пазначаюцца змены ў выкарыстанні прылеглай тэрыторыі да шмакватэрных будынкаў.
У аб’явах напісана, што для бесперабойнага абслугоўвання дома і пад’езда спецыялізаванай тэхнікай, забараняецца распрацоўваць зямлю для пасеву пладова-агароднінных культур за домам бліжэй за пяць метраў.
Адзначым, што агароды, якія знаходзяцца ўсутыч з шматпавярховымі дамамі, з’яўляюцца досыць распаўсюджанай з’явай на тэрыторыі мікрараёна. Цяпер жа сотні жыхароў Крычава пазбаўляюцца магчымасці садзіць агародніну і садавіну на ўласных зямельных участках побач з домам.
Яшчэ ў лютым mogilev.media пісалі, што былы крычаўскі маслазавод ператварыўся ў горы смецця, усе завадскія будынкі знішчаны. За пару месяцаў горы будаўнічага смецця былі вывезены грузавымі машынамі. Цяпер практычна нічога не засталося, што б нагадвала пра існаванне некалі цэлага завадскога комплекса.
На месцах пабудоў знаходзяцца толькі горкі пяска і больш нічога. Адзначым, што прамысловая тэрыторыя хоць і агароджана, аднак уязныя жалезныя вароты адчыненыя. Гэта значыць, што на тэрыторыю былога завода можа зайсці кожны жадаючы, хоць гэта можа ўяўляць пэўную небяспеку.
Трава аварыйнага вадаёма пагарэла, а сам ён цяпер падобны на гарэлае балота.
Каналізацыйная помпавая станцыя №2 знаходзіцца на тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі і забяспечвае перапампоўванне сцёкавых водаў часткі квартала. Гідратэхнічныя збудаванні складаюцца з трансфарматарнай падстанцыі, калодзежа сцёкаў і аварыйнай сажалкі. Апошняя абкладзена вялікімі бетоннымі плітамі пад ухілам.
Вада з аварыйнай сажалкі даволі рэдка выкарыстоўваецца, пагэтаму з цягам часу яна ператварылася ў невялікае балотца, якое парасло травой. Сёлета нехта падпаліў аварыйны вадаём і ўся трава балотнай сажалкі вырагэла, цяпер яна падобна больш да гарэлага балота чым да аварыйнага вадаёма.
У двух кіламетрах ад Крычава масава высякаюцца розныя ўчасткі суцэльнага ляснога покрыва. Ліквідуюцца наступствы леташняга бурана. Каля вёскі Прудок, што знаходзіцца недалёка ад Крычава, знікаюць вялікія кавалкі лясной прасторы. На розных участках спіленага лесу можна ўбачыць шмат складзеных у адно месца пнёў, разнастайнага галля, сучча ды ламачча.
Паабапал дарог знаходзяцца шэраг мясцінаў, дзе ляжыць нарыхтаваная драўніна.
Рогі зніклага тура, дакументы Галынскіх, рэчы паселішча жалезнага веку і нават гарматныя ядры. Распавядаем пра багатыя музейныя зборы, якія знаходзяцца ў сценах крычаўскага палаца XVIII cтагоддзя.
Пятнаццаць год таму былі завершаны працы па рэстаўрацыі і аднаўленню палаца Пацёмкіна-Галынскіх, у які пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. У помніку XVIII cтагоддзя размясцілася новая экспазіцыя, якая ўключае дзевяць залаў. Залы насычаны прадметамі даўніны і каштоўнай інфармацыяй аб мінулым Крычава. Фонды музея налічваюць больш за 20 тысяч адзінак захоўвання.
Рогі тура, гарматныя ядры, кіраса XVIII cтагоддзя
Адным з самых унікальный экспанатаў у экспазіцыі Крычаўскага музея з’яўляюцца рогі тура. У 2-й палове ХХ стагоддзя іх прынёс у музей жыхар Крычава. Спачатку рогі знаходзіліся ў фондах, потым былі адрэстаўраваныя і змешчаныя ў экспазіцыю Рыцарскага зала.
Экспанат цікавы тым, што папуляцыя тураў на Зямлі знікла ў яшчэ ў 20-я гады XVII стагоддзя, калі апошні раз жывёлу зафіксавалі недалёка ад польскага Яктаруба. Датаваць рогі з экспазіцыі цяпер вельмі цяжка, аднак можна дакладна засведчыць, што гэты трафей не маладзейшы за XVII стагоддзе. А магчыма ўвогуле адносіцца да XV-XVI стагоддзяў і мог быць здабыты нават у ваколіцах Крычава.
У экспазіцыі музея прадстаўлены таксама гарматныя ядры, якія ўбачыш далёка не ў кожным музеі. З самага пачатку XVІ ст., калі межы ВКЛ з Масквой наблізіліся да горада, Крычаў пачаў выконваць функцыі сталага абарончага цэнтра, усходняга фарпоста дзяржавы. Па трапным выразе даследчыка Андрэя Мяцельскага “ўся гісторыя Крычава прапахла парахавым дымам”.
Крычаўскі замак вытрымаў аблогі расійскіх войскаў у 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 гадах, а таксама штурм у 1744 г. сялян-паўстанцаў пад кіраўніцтвам Вашчылы.
У Рыцарскім зале музея акрамя рагоў і ядраў экспануецца кіраса – верхняя частка даспехаў, што абараняла цела рыцара ад удару мячом. Экспанат цікавы сваім адносна невялікім памерам, аднак з упэўненасцю можна казаць, што гэта кіраса належала даросламу ваяру.
Чарнільніца і перніца XVII–XVIII стст., зборнік казанняў Сімяона Полацкага “Абед душэўны”
Прыборы для пісьма з фондавай калекцыі «Археалогія» былі знойдзены падчас раскопак на гарадзішчы Замкавая гара. Яны захаваліся настолькі добра, што на паверхні чарнільніцы нават можна разгледзець каляровую эмаль.
Бяспрэчна прыцягвае ўвагу і зборнік казанняў Сімяона Полацкага “Абед душэўны”. Старадрук датуецца 1681 годам і быў выдадзены праз год пасля смерці асветніка ў заснаванай ім маскоўскай друкарні. Гэта першая частка яго казанняў, другая выйшла ў 1683 годзе і звалася “Вячэра душэўная”. У Маскве Сімяон Полацкі жыў з 1664 года. Ён прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Выхоўваў цароў Фёдара Аляксеевіча і Пятра І.
Дакументы з сямейнага архіва роду Галынскіх
Палац, у якім месціцца музей, носіць імя графа Пацёмкіна, але шмат часу, 130 гадоў, да самай рэвалюцыі 1917-га, ім валодаў род Галынскіх. У 1959–1960 гадах, падчас рамонту крычаўскага палаца, пры замене драўляных перакрыццяў, рабочымі быў знойдзены гліняны гаршчок, у якім знаходзілася 49 дакументаў з сямейнага архіва Галынскіх. Яны датуюцца 1719–1905 гадамі. Першапачаткова дакументы патрапілі да тагачаснага дырэктара краязнаўчага музея Міхаіла Мельнікава, а цяпер знаходзяцца ў фондах Крычаўскага гістарычнага музея. Зараз некаторыя з гэтых дакументаў можна ўбачыць у адным з экспазіцыйных залаў.
Скарб дакументаў быў закладзены, верагодна, Уладзіславам Галынскім у 1905 годзе з-за небяспекі сялянскіх хваляванняў, бо 15 жніўня 1905 года быў разгромлены маёнтак Галынскіх у Кадзіна.
Сярод старых дакументаў разнастайныя паперы: лісты, распіскі, таварныя накладныя, дамовы, адрасы і нават дзіцячыя малюнкі. Адзначым, што амаль два дзясяткі дакументаў адносяцца яшчэ да часоў Рэчы Паспалітай. Наогул жа большая частка дакументаў напісана па-польску і асноўную масу іх складаюць лісты разнастайнай тэматыкі і зместу.
Асабліва замілоўваюць дзіцячыя малюнкі апошняга ўладара палаца Юзафа Галынскага, які пасля рэвалюцыі з’ехаў у Польшчу, дзе пражыў да глубокай старасці і памёр у 1973 годзе.
Фрагмент унутранага ўбрання касцёла і кавалкі ляпніны палаца
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя цэнтральную частку Крычава знішчыў жудасны пажар. Згарэлі амаль усе пабудовы, у тым ліку і драўляны касцёл разам з плябаніяй. Часова набажэнствы вяліся на першым паверсе ў круглым зале так званага Пацёмкінскага палаца, валодаў якім на той час заможны крычавец Стэфан Галынскі.
На яго ж грошы, а таксама на грошы вернікаў, у 1855–1860 гадах быў пабудаваны новы каменны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Стварыў гэты архітэктурны цуд у стылі неаготыкі таленавіты італьянскі архітэктар. Дзякуючы яго майстэрству, касцёл зрабіўся найпрыгажэйшай пабудовай у горадзе.
Аднак у савецкі час каталіцкую святыню зачынілі. Першапачаткова будынак крычаўскага касцёла выкарыстоўваўся як «народны дом», у якім дэманстраваліся кінафільмы і працаваў самадзейны тэатр, але ў 1934 годзе касцёл быў падарваны. Ад храма амаль нічога не засталася, акрамя невялічкага фрагмента ўнутранага ўбрання касцёла ў выглядзе маленькага анёла, які цяпер экспануецца ў адным з залаў музея.
Падчас рэстаўрацыі палаца былі знойдзены не толькі дакументы з асабістага архіва Галынскіх, але і нямала элементаў аздаблення палаца. У прыватнасці, была знойдзена кафля з рознымі матывамі XVIII-ХIХ стагоддзяў, а таксама кавалкі ляпніны, якія аздаблялі шматлікія залы палаца. Гэтыя экспанаты дапамагаюць наведвальнікам хаця б крыху ўявіць як раней выглядалі унутраныя інтэр’еры крычаўскай перліны.
Знаходкі з гарадзішча Гарадзец і медаль за лепшага сялянскага каня
Гарадзішча Гарадзец з’яўляецца першым умацаваным паселішчам на тэрыторыі сучаснага Крычава, з якога па-сутнасці і ўзнік горад. Археалагічныя даследаванні помніка паказалі, што паселішча на Гарадцы з’явілася яшчэ ў жалезным веку і існавала з ІІІ ст. да н.э. да ІV ст. н.э. Яно было заснавана прадстаўнікамі балцкай днепра-дзвінскай культуры.
У музейнай экспазіцыі якраз прадстаўлены шэраг цікавых рэчаў жыхароў Гарадца жалезнага веку. Сярод іх багата касцяных вырабаў (праколкі, наканечнік стралы, глянцавая падвеска ў выглядзе стылізаванай рыбкі, плоская праколка з рога з адтулінай для падвешвання), грузікі дзякаўскага тыпу, а таксама свідраваныя і клінападобныя каменныя сякеры. Прычым гэтыя экспанаты няправільна прадатаваны супрацоўнікамі ўстановы, бо музейная этыкетка сведчыць, што адносяцца старадаўнія прадметы да ІХ-ХІІ стагоддзяў.
Цікавым экспанатам з калекцыі “Фалерыстка” з’яўляецца медаль за лепшага сялянскага каня канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Такая ўзнагарода выпускалася ў часы расійскага цара Мікалая ІІ, партрэт якога выяўлены на адным з бакоў медаля. Цяпер медная ўзнагарода дыяметрам пяць сантымертаў і вагой 50 грам знаходзіцца ў адной з вітрын музейнай экспазіцыі.
Фота dkmf.by, potyomkin.by, mogilev.media і з адкрытых крыніц
Яшчэ ў студзені mogilev.media пісалі пра кепскі стан маста праз рэчку ў Крычаве. І вось цяпер камунальныя службы горада адрэагавалі і падлаталі бетонныя пліты. Усе дзіркі на мосце праз невялікую рэчку Крычаўку залатаны жалезнымі пласцінамі, якія прыварылі да арматуры плітаў.
Больш за тое, да жалезнай агароджы маста ў некалькіх месцах былі прывараны дадатковыя рашоткі, для таго каб зменшыць з’яўленне няшчасных выпадкаў на гэтым участку.
Цяпер жыхары горада змогуць адносна спакойна хадзіць па мосце, не моцна хвалюючыся за сваё здароўе і бяспеку. Нагадаем, што дагэтуль пліты маста знаходзіліся ў кепскім стане ўжо не першы год і выглядалі страшнавата, бо рассыпаліся літаральна на вачах.
Снарад часоў Другой сусветнай вайны быў знойдзены паблізу вёскі Сакольнічы Крычаўскага раёна. Вайскоўцы яго ліквідавалі.
Супрацоўнікі міліцыі адразу ачапілі месца знаходкі. Спачатку сюды прыбыў прадстаўнік крычаўскага ваеннага камісарыята, які вызначыў тып і калібр снарада – 125 мм.
Пасля была выклікана вайсковая группа 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады для размініравання небяспечнай знаходкі. Па прыбыцці дадзеная група праверыла мясцовасць у радыусе 50 метраў ад месца выяўлення снарада на глыбіню 30 сантыметраў з дапамогай мінашукальніка і шчупаў на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў. На шчасце, дадаткова выяўлена нічога не было. Сам снарад быў вывезены вайсковай групай на падрыўную пляцоўку і знішчаны – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Унук 92-гадовай крычаўлянкі замовіў колатыя дровы ў крычаўскай раённай канторы па збыце і рэалізацыі паліва, але на прадпрыемстве іх пакалолі абыяк, а ад прэтэнзій адмахнуліся.
Замоўленыя дровы прыбылі своечасова, аднак калі мужчына пачаў іх складаць, высветлілася, што паколаты яны няякасна. Практычна адну траціну трэба было дадаткова калоць самому. Спрабуючы разабрацца, мужчына звярнуўся ў дзяркантору, дзе замаўляў дровы. Аднак там яму здзекліва адказалі, што гэтае пытанне іх не датычыцца, бо за тое, як дровы паколатыя, адказвае кольшчык дроў, а не адміністрацыя арганізацыі — піша пра гэты выпадак раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
На гарадскіх могілках ў Крычаве гібеюць і разбураюцца каштоўныя надмагіллі.
Гістарычная каштоўнасць крычаўскіх могілак па вуліцы Чэхава ў тым, што на іх змяшчаюцца надмагільныя помнікі пачатку ХХ стагоддзя. Па ўсіх могілках іх можна налічыць больш за дзясятак, аднак значная частка якіх зруйнавана і разбурана. Ад іх засталася толькі ніжняя частка, на якой часам выяўлены праваслаўны крыж.
Захаваліся дагэтуль толькі некалькі надмагілляў. Усе яны аднатыпныя. Прадстаўляюць сабой бетонныя двухярусныя канструкцыі, якія ўвенчаны таксама бетонным крыжом, на некаторых экзэмплярах крыж не збярогся. Амаль на ўсіх помніках нядрэнна чытаюцца эпітафіі на дарэвалюцыйнай расійскай мове. Аднак нават тыя надмагіллі, што захаваліся да нашагу часу падкрысе гібеюць і развальваюцца.
Яскравым прыкладам з’яўляецца надмагільны помнік пачатку ХХ стагоддзя, які быў пастаўлены ў гонар настаўніка Шаўкунова Рыгора Іванавіча. Гэты помнік яшчэ пяць год таму быў суцэльным, аднак патрабаваў тэрміновай рэстаўрацыі. На сённяшні ж дзень частка надмагілля абсыпалася, эпітафія на ім чытаецца толькі часткова.