Са старшыні Саюза палякаў Анжалікі Борыс знялі абвінавачванне, яе адпусцілі з-пад арышту

Як даведаліся беларускія СМІ, старшыню Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. Там ёй уручылі дакумент аб спыненні крымінальнай справы “ў сувязі з адсутнасцю склада злачынства”. Яна таксама была вызваленая ад хатняга арышту, пад якім жыла з сакавіка мінулага года. Да таго яна амаль год знаходзілася ў зняволенні. 

Анжаліка Борыс была затрыманая ўвесну 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай меншасці ў Беларусі – журналістам Андрэям Пачобутам, дзяячкамі Ірынай Бярнацкай, Марыяй Цішкоўскай і Ганнай Панішавай. Зараз у турме застаецца Андрэй Пачобут, прысуджаны да 8-гадовага турэмнага тэрміну. 

Фота з адкрытых крыніц.

Больш за 80% украінцаў выступаюць за ўступленне ў НАТА і ЕС

Падтрымка ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны Альянс і Еўрасаюз сярод украінцаў вырасла да рэкорднага ўзроўню – 82% і 85% адпаведна, сведчаць вынікі Усеўкраінскага апытання Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (МРІ).

Назіраецца рост прыхільнікаў НАТА. Іх цяпер 82%. Гэта на 10% больш, чым было ў чэрвені і на 23%, чым у красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў НАТА падтрымліваюць на Захадзе (87%) і Цэнтры (85%) краіны. Ніжэй падтрымка на Поўдні – 80% і на Усходзе – 72% апытаных. 

Самая высокая падтрымка ўступлення ў НАТА ў старэйшай узроставай групе – сярод людзей 51+ падтрымка дасягае 86%. У групе 18-35 гадоў падтрымка найменшая – 78%.

Уступленне ў ЕС вітаюць 85% апытаных у параўнанні з 80% у чэрвені і красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў ЕС падтрымліваюць на Захадзе краіны – 89%, на Усходзеі – 80%.

Найбольш тых, хто за ўступленне ў ЕС, ва ўзроставых групах 18-35 і 51+.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Сейм Літвы прыняў праект закона па прыпыненні выдачы віз беларусам – у першым чытанні

У дачыненні да грамадзян краін-агрэсараў у вайне з Украінай, а да гэтага ліку літоўскія парламентарыі адносяць беларусаў і расіян, прапануецца прыняць абмежавальныя меры па атрыманні літоўскіх віз і віду на жыхарства.

“Пераважная большасьць грамадзян Расіі падтрымліваюць ваенныя дзеянні і агрэсію сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасьць ляжыць і на грамадзянах гэтых краін. Каб змяніць іх паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза – так патлумачыла законапраект намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне паведамляе афіцыйны сайт літоўскага Сейма.

Законапраект прадугледжвае прыпыненне прыёму візавых заявак грамадзян Расіі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавай анкеты. Таксама прыпыняецца прыём заяў на афармленне нацыянальных літоўскіх віз грамадзянамі Расіі і Беларусі праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой. 

Паводле законапраекта будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Расіі і Беларусі на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Адносна тых грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо падалі заявы на дазвол, працэдура надання права часовага пражывання будзе спыненая.

Пасля абмеркавання праект у першым чытанні ухвалілі 113, супраць не прагаласаваў ніводзін, устрымаліся 9 членаў Сейма. Калі ён будзе прыняты ў другім чытанні, то атрымае сілу закона.

Фота з адкрытых крыніц.

Мядзведзеў пагражае ракетным ударам па суду ў Гаазе

Намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у тэлеграм-канале паведамленне з пагрозай прымяніць кропкавы ўдар гіпергукавой ракеты па будынку суда ў Гаазе ў адказ на выдачу міжнародным судом ордэра на арышт Пуціна.

Па словах Мядзведзева, Міжнародны крымінальны суд дарэмна “паднімае руку на найбуйнейшую ядзерную дзяржаву”. І далей ён празрыста намякнуў, што адна з гіпергукавых ракет Расіі можа кропкава ўдарыць па будынку суда ў Гаазе.

– Суддзі МУС раздухарыліся дарма. Глядзіце, маўляў, мы адважныя, не аб…ся падняць руку на найбуйную ядзерную дзяржаву. Нажаль, спадары, усе ходзяць пад Богам і ракетамі. – напісаў у сваім канале Дзмітрый Мядзведзеў.

ФРГ арыштуе Пуціна, калі ён прыедзе на нямецкую зямлю, іншыя краіны далучаюцца

Міністр юстыцыі Германіі Марк Бушман абвясціў, што выканае ордэр на арышт прэзідэнта Расіі У. Пуціна, калі ён ступіць на нямецкую зямлю – паведамляе Zeit.

У выпадку прыезду Пуціна Міжнародны крымінальны суд хутка звернецца да Інтэрпола і дагаворных дзяржаў і запатрабуе выканання ордэра.

– Тады Нямеччына будзе абавязаная арыштаваць прэзідэнта Пуціна, калі ён заедзе на нямецкую тэрыторыю, і перадаць яго ў Міжнародны крымінальны суд – сказаў міністр.

У адрозненне ад нацыянальных праваахоўных органаў, Міжнародны крымінальны суд можа таксама прымаць меры супраць кіраўнікоў дзяржаў, дадаў Бушман.

Раней канцлер Германіі Олаф Шольц прывітаў рашэнне МУС і заявіў, што ордэр на арышт Пуціна паказвае, што ніхто не стаіць над законам.

Mogilev.media ўжо паведамляў, што Палата дасудовай вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда выдала ордэры на арышт прэзідэнта Расіі У. Пуціна і М. Львовай-Бяловай, якая з’яўляецца ўпаўнаважаным прэзідэнта РФ па правах дзіцяці.

Сёння стала вядома таксама, што міністры юстыцыі з больш як 40 краін сустрэнуцца ў панядзелак у Лондане, каб абмеркаваць павелічэнне падтрымкі Міжнароднага крымінальнага суда і расследавання ваенных злачынстваў ва Украіне.

На фота – міністр юстыцыі ФРГ М. Бушман. 

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна

Палата дасудовай вытворчасці II Міжнароднага крымінальнага суда 17 сакавіка выдала ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў сувязі са злачынствамі ва Украіне – піша “Еўрапейская праўда”. 

Суд выдаў ордэры на арышт Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай, ўпаўнаважанай прэзідэнта Расіі па справах дзіцяці. 

Пуціна і Львову-Бялову падазраюць у здзяйсненні ваеннага злачынства – незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію, якая адбывалася мінімум з 24 лютага 2022 года.

“Палата дасудовай вытворчасці на падставе хадайніцтваў пракуратуры ад 22 лютага 2023 года пастанавіла, што існуюць дастатковыя падставы лічыць, што кожны падазраваны нясе адказнасць за ваеннае злачынства незаконнай дэпартацыі насельніцтва і незаконнага перамяшчэння насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію, што нанесла шкоду ўкраінскім дзецям”  – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Палата зазначае, што лічыць ордэры на арышт таемнымі “з мэтай абароны пацярпелых і сведкаў, а таксама з мэтай забеспячэння расследавання”.

– Тым не менш, прымаючы пад увагу, што паводзіны, пра якія ідзе гаворка ў гэтай сітуацыі, верагодна, працягваюцца, і што дасведчанасць грамадскасці пра ордэры можа спрыяць прадухіленню далейшага здзяйснення злачынстваў, Палата лічыць, што ў інтарэсах правасуддзя ўпаўнаважыць сакратарыят апублікаваць наяўнасць ордэраў, імёны падазраваных, злачынствы, за якія выдадзены ордэры, і меры адказнасці, устаноўленыя Палатай – абвясціў выконваючы абавязкі прэзідэнта Міжнароднага крымінальнага суда Пётр Гофманскі.

Што дае ордэр на арышт

Генпракурор Украіны Андрэй Косцін заявіў, што ордэр Міжнароднага крымінальнага суда азначае, што за межамі Расіі Пуціна павінны арыштаваць і перадаць у суд.

“А сусветныя лідэры тройчы будуць думаць, перш чым ціснуць яму руку або садзіцца з ім за стол перагавораў. Свет атрымаў сігнал, што расійскі рэжым з’яўляецца злачынным і яго кіраўніцтва і паслугачы будуць прыцягнуты да адказнасці” – растлумачыў украінскі генпракурор.

Рэакцыя Расіі

Прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава заявіла, што ордэр Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна не будзе мець для Расіі “ніякага значэння, у тым ліку з прававога пункту гледжання”.

Прарасійскія сілы ў Малдове выйшлі на пратэсты

У нядзелю, 12 сакавіка, прарасійскія сілы ў Малдове ад партыі “Шор” выйшлі на пратэсты ў цэнтры Кішынёва. 

Удзельнікі акцыі патрабуюць, каб улады аплацілі рахункі грамадзян, якія выралі – піша news.pn са спасылкай на Newsmaker.

З сабой мітынгоўцы, пераважна пенсійнага ўзросту, узялі плакаты з крытыкай дзейнай улады і праваслаўныя іконы. У канцы мітынгоўцы маюць намер дайсці да будынка парламента, перад тым абышоўшы некалькі вуліц.

Расійскія прапагандысты з “ТАСС” ужо дакладваюць аб першых сутыкненнях грамадзян з паліцыяй. Newsmaker адзначае, што ад удзелу ў акцыях адмовіліся партыя PACE і асацыяцыя сілавых органаў Scutul Poporului – гэта адбылося, калі ўлады 11 сакавіка папярэдзілі аб магчымых масавых беспарадках падчас пратэстаў. Сапраўды, некалькі вуліц часткова былі перакрыты паліцыяй.

Грузінскія пратэсты перамаглі – закон аб іншаагентах адкліканы парламентам

Пратэсты ў Грузіі, якія працягваліся два дні, прывялі да перамогі мітынгоўцаў. Кіруючыя партыі краіны выступілі з афіцыйнай заявай пра адкліканне скандальнага законапраекта – паведамляе партал “Навіны Грузіі”.

Парламенцкая большасць раніцай 9 сакавіка аб’явіла, што адклікае з парламента законапраект аб “іншаагентах”, які выклікаў хвалю акцый пратэсту ў краіне і сур’ёзную занепакоенасць заходніх партнёраў.

“Мы прынялі рашэнне безумоўна адклікаць падтрыманы намі раней законапраект без якіх-небудзь агаворак” – гаворыцца ў сумеснай заяве кіруючай партыі і руху “Сіла народа”, які ініцыяваў прыняцце закона.

Аўтары заявы пішуць, што рашэнне прынятае з мэтай захавання міру ў краіне. Яны адзначаюць, што законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве з-за працы “машыны хлусні” і яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена як адыход ад еўрапейскага курса.

Фота: РИА Новости

У Тбілісі аднавіліся пратэсты, людзі зноў ідуць да парламента

У сталіцы Грузіі Тбілісі, як і абяцала ўранні апазіцыя, у 15:00 па мясцоваму часу пачалося шэсце пратэстоўцаў супраць закона аб «іншаагентах» – паведамляе news.pn са спасылкай на грузінскія СМІ.

У дадзены момант людзі ідуць па вуліцы да будынка парламента калонай, з расцяжкай і лозунгам “No Russian Law”.

Як вядома, 7 сакавіка ў Грузіі парламент падтрымаў у першым чытанні праект закона аб “замежных агентах”. У адказ на гэта пад будынкам грузінскага парламента сабраліся тысячы пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць прыняцця законапраекта. Супраць іх грузінскія сілавікі прымянілі вадамёты і слёзатачывы газ, адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.

Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая зараз знаходзіцца  ў Нью-Йорку з афіцыйным візітам, падтрымала пратэстоўцаў супраць законапраекта аб «замежных агентах», заявіла, што тыя, хто сёння стаіць на праспекце Руставелі супраць закона прадстаўляюць свабодную Грузію і паабяцала накласці на яго вета, калі дакумент будзе прыняты ў парламенце рэспублікі. Яна дадала, што “закон нікому не быў патрэбны… акрамя дыктату Масквы… Сёння тыя, хто падтрымлівае гэты закон, і тыя, хто галасаваў за гэты закон, парушаюць Канстытуцыю…, адводзяць нас усіх з Еўропы». 

Паводле звестак МУС, да раніцы былі затрыманы 66 удзельнікаў акцыі, пацярпелі каля 50 праваахоўнікаў. Але ў Тбілісі палічылі, што пры разгоне дэманстрацыі, затрыманнях, паліцыя перавысіла паўнамоцтвы на акцыі. Пачатае расследаванне – паведамляе sputnik-georgia. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту або зброі”, у Грузіі гэта караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з пазбаўленнем права займаць пасады або займацца дзейнасцю на тэрмін да 3 гадоў.

Пратэсты ў Грузіі – кактэйлі Молатава, сутыкненні, новая акцыя прызначана на сёння

Вечарам і ноччу 7 сакавіка адбывалася масавая акцыя пратэсту перад парламентам Грузіі, якая перарасла ў сутычкі з паліцыяй. Грузінская апазіцыя выступае супраць прынятага ім закона аб іншаагентах.

Масавыя пратэсты ў Тбілісі пачаліся 7 сакавіка пасля прыняцця парламентам у першым чытанні закона аб “замежных агентах”. Лідэры апазіцыі заклікалі сваіх прыхільнікаў выходзіць на вуліцы, на плошчы перад парламентам сабралася некалькі тысяч чалавек. Падчас акцый адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. На праспекце Руставелі пратэстоўцы кінулі ў паліцыянтаў “кактэйль Молатава”. Агонь патушылі вадамётамі.

Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая знаходзіцца з візітам у ЗША, падтрымала пратэстоўцаў: «Звяртаюся да вас, да тых, хто сёння ўвечары стаіць на [праспекце] Руставелі, як я стаяла сама шмат разоў. Я побач з вамі, таму што вы прадстаўляеце свабодную Грузію. Краіну, якая знаходзіцца ў свабоднай Еўропе і ніхто не зможа ў яе гэта адабраць. Гэты закон нікому не патрэбны, ён напісаны пад дыктоўку Масквы».

Паведамляецца, што супрацоўнікі паліцыі прымянялі супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і вадамёты. Былі таксама непацверджаныя звесткі пра страляніну гумовымі кулямі. У пікавыя хвіліны супрацістаяння ўдзельнікі акцыі атакавалі парламент, імкнучыся ўварвацца ўнутар. “У Парламент Грузіі ўжо ляціць усё запар, уключаючы камяні, бясконцыя гукі шкла.” – пісаў Тэлеграм-канал Тбілісі чат. Каля другой гадзіны ночы паліцыя адцясніла мітынгоўцаў ад будынка грузінскага парламента.

Апазіцыя ў Грузіі анансавала новую акцыю пратэсту супраць прыняцця закона аб “іншаагентах”. Мітынг адбудзецца ў другой палове дня ў сераду, 8 сакавіка, перад будынкам парламента ў Тбілісі, заявіў журналістам лідэр апазіцыйнай партыі “Стратэгія Агмашэнебелі” Гіоргій Вашадзэ.

Спрэчны закон

7 сакавіка большасць дэпутатаў грузінскага парламента падтрымала ў першым чытанні адзін з законапраектаў аб рэгістрацыі “замежных агентаў” – “Аб празрыстасці замежнага ўплыву”, якім няўрадавыя арганізацыі і частка СМІ аб’яўляюцца “агентамі замежнага ўплыву”. Першапачаткова планавалася, што гэты законапраект будзе разглядацца 9 сакавіка, аднак нечакана ён быў унесены ў парадак дня 7 сакавіка. Па дадзеных выдання “Навіны-Грузія”, абмеркаванне пачалося пры адсутнасці большай часткі прадстаўнікоў апазіцыі.

Спрэчны законапраект унёс у парламент Грузіі грамадскі рух “Сіла народа”, які з’явіўся неўзабаве пасля пачатку ўварвання РФ ва Украіну. Гэтая партыя абазначыла адной са сваіх мэт супрацьстаянне “прапагандзе ліберальнай ідэалогіі” і “жаданню Захаду ўцягнуць Грузію ў вайну”. Законапраекты падтрымала кіруючая партыя “Грузінская мара”, якая разам з “Сілай народа” займае ў парламенце абсалютную большасць месцаў. Аўтары законапраектаў прапануюць уключаць у рэестр “замежных агентаў” НДА і СМІ, якія атрымліваюць не менш за 20 працэнтаў фінансавання ад замежнай дзяржавы (не лічачы рэкламных кантрактаў).

Фота з адкрытых крыніц