Былых магілёўскіх журналістаў Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова сёння ўнеслі ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Раней журналісты былі асуджаныя на тэрміны ў 4 і 3 гады калоніі.
Нагадаем, што Алесь Сабалеўскі задоўга да свайго затрымання адышоў ад журналісцкай дзейнасці, а паказанні з яго ў міліцыі выбівалі.
Акрамя іх спіс дапоўніўся яшчэ дзвюмя імёнамі жыхароў Магілёўскага рэгіёна. Гэта Андрэй Рэбякоў і Станіслаў Шэпель, абодва з Быхаўскага раёна. Пра Рэбякова ў адкрытым доступе інфармацыі практычна няма, а Станіслаў Шэпель – гэта хлопец з шматдзетнай сям’і, які ў 18 гадоў быў асуджаны па артыкуле аб “здрадзе дзяржаве”. Поўны спіс асоб, уключаных у так званы “спіс экстрэмістаў” праваабаронцы з арганізацыі “Вясна” публікуюць тут.
Беларускі расследвальніцкі цэнтр выпусціў новае даследаванне пра памылку ў зняцці еўрапейскіх санкцый з бабруйскага прадпрыемства «Белшына». Як паказалі расследвальнікі, кампанія працягвае супрацоўнічаць з Міністэрствам абароны Расіі, а ў 2023 годзе дыстрыб’ютарам прадпрыемства стаў «Торговый дом “БелАЗ”», які знаходзіцца пад кантролем Дзмітрыя Лукашэнкі.
Бабруйскае прадпрыемства «Белшына» ў сакавіку 2024 года дамаглося прыняцця судовага рашэння, якое зняла з завода еўрапейскія санкцыі. Тады суд вырашыў, што кампанію бяздоказна абвінавацілі ў садзейнічанні агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, а таксама ў тым, што прадпрыемства з’яўляецца “кашальком” сям’і Лукашэнкі.
Каманда незалежнага медыярэсурса Беларускі расследвальніцкі цэнтр апублікавала вялікі матэрыял, у якім давяла, што зняццё санкцый з бабруйскага прадпрыемства было памылкай. Ужо пасля ўвядзення санкцый «Белшына» актыўна прысутнічала на расійскім рынку, у тым ліку пастаўляючы сваю прадукцыю абаронным прадпрыемствам. А з 2023 года бабруйскі вытворца працуе ў Расіі праз дыстрыб’ютара, які знаходзіцца пад кантролем сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя.
Гісторыя падпарадкавання «Белшыны» сям’ёй Лукашэнкі, якую расказваюць даследчыкі БРЦ, коратка выглядае так. У лютым 2023 года генеральнага дырэктара прадпрыемства Андрэя Бунакова са скандалам пасадзілі ў турму, абвінаваціўшы ў карупцыі. Нібыта працуючы на расійскім рынку праз дыстрыб’ютара «Импориа Тайерс», бабруйчане пастаўлялі шыны па заніжаных коштах, чым наносілі шкоду ўласнаму прадпрыемству. У выніку месца «Импориа Тайерс» заняў «Торговый дом “БелАЗ”», які на 45% належыць Прэзідэнцкаму спартоваму клубу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Пры гэтым “Гандлёвы дом “БелАЗ”” купляў у “Белшыны” звышбуйнагабарытныя шыны для расійскага рынку па кошце ніжэйшым за той, па якім «Белшына» прапаноўвала свайму ўласнаму гандлёваму дому ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Што да супрацоўніцтва з расійскім Міністэрствам абароны, даследвальнікі БРЦ прыводзяць факты, што з 2022 па 2023 год дыстрыб’ютар бабруйскага завода «Белнефтехим-Рос» і Мінабароны Расіі падпісалі некалькі кантрактаў на суму больш за 1,5 млрд расійскіх рублёў ($19,5 млн). Толькі за першае паўгоддзе 2023-га «Белнефтехим-Рос» прадаў Міністэрству абароны тавараў на суму больш за $11 млн.
Сярод пакупнікоў бабруйскай прадукцыі ў Расіі – ТАА «ШЕРП» і ТАА «АЗ “НАЗ”» (экс-«Автозавод “ГАЗ”»), а таксама АТ «Автомобильный завод “Урал”». ТАА «Нижегородский ТД “Белшина”» прадаваў шыны АТ «БАЗ», ПАТ «КАМАЗ», АТ «СЭГЗ» і АТ «СКБ», якое знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза. Усе пералічаныя кампаніі вырабляюць вайсковую тэхніку, што можа сведчыць пра тое, што прадукцыя «Белшыны» шырока выкарыстоўваецца ў расейскай вайсковай прамысловасці.
На вайскова-тэхнічным форуме «Армия-2023», які праходзіў у Падмаскоўі, паводле БРЦ, былі прадстаўленыя ўзоры расійскай ваеннай тэхнікі, абсталяваныя шынамі «Белшына». Сярод іх, напрыклад, самаходная гаўбіца «Мальва» — адна з перадавых распрацовак расейскага войска. Такія гарматы выкарыстоўваюцца ў нападах на Харкаўскую вобласць.
Праваабарончыя арганізацыі накіравалі ў Міжнародны крымінальны суд інфармацыю пра дыскрымінацыю ўкраінскіх дзяцей у беларускіх санаторыях. У спіс трапілі два дзіцячыя лагеры ў Магілёўскім рэгіёне.
Тры міжнародныя праваабарончыя арганізацыі – Freedom House, Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека і цэнтр ZMINA – паведамілі Міжнароднаму крымінальнаму суду інфармацыю пра парушэнне правоў дзіцяці і прыкметы ўдзелу ў ваенных злачынствах у беларускіх аздараўленчых лагерах. Гаворка вядзецца пра даказаныя выпадкі “палітычнай індактрынацыі і мілітарызаванага перавыхавання” – гаворыцца ў звароце праваабаронцаў. Гэтыя формы ўздзеяння на псіхіку дзяцей разглядаюцца як інструменты выкаранення ідэнтычнасці.
У агульны спіс “лагераў для перавыхавання” трапілі 67 устаноў з Расійскай Федэрацыі, 18 беларускіх дзіцячых аздараўленчых лагераў і 13 – размешчаных на тэрыторыі Крыма і іншых акупаваных украінскіх рэгіёнаў.
У спіс беларускіх арганізацый, звязаных з уздзеяннем на псіхіку ўкраінскіх дзяцей, уваходзяць дзве ўстановы з Магілёўскай вобласці. Гэта дзіцячы лагер “Дубравенка”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, і лагер “Зара”, падпарадкаваны булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай”.
Магілёўскія палітзняволеныя навукоўцы датэрмінова былі выпушчаныя на свабоду – паведамляюць крыніцы mogilev.media.
Былы прафесар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання сацыёлаг Юрый Бубнаў і былая дацэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, эколаг Ганна Скрыган, асуджаныя па палітычных матывах на два гады калоніі кожны, раней тэрміну былі вызваленыя з турмы. Прафесара Юрыя Бубнава бачылі ў кампаніі сяброў у адной з кавярняў горада. Таксама вядома, што эколаг Ганна Скрыган знаходзіцца дома.
Доктар сацыялагічных навук, прафесар Юрый Бубнаў быў асуджаны 12 студзеня і асуджаны ў траўні 2023 года да двух гадоў калоніі. З улікам знходжання ў СІЗА, яму заставалася сядзець яшчэ каля двух месяцаў. Таксама ў траўні 2023 года на сваёй радзіме ў Расіі была затрыманая магілёўская эколаг, кандыдат геаграфічных навук Ганна Скрыган. Яна была асуджаная таксама да двух гадоў калоніі. У верасні яна выйшла на волю – паведамляюць праваабаронцы.
З’явіліся першыя падрабязнасці пра нападзенне з нажом у Магілёве сёння днём. Праўладныя інфармацыйныя рэсурсы паведамляюць, што затрыманы быў апазнаны як падазраваны ў “экстрэмісцкай дзейнасці” і затрымліваўся супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Падчас затрымання мужчына параніў двух супрацоўнікаў міліцыі нажом. Таксама паведамляецца, што пры ім быў яшчэ адзін нож і пісталет. Асоба мужчыны пакуль невядомая. Працягваем сачыць за навінамі па гэтай справе.
21 верасня ў палацы ў Жылічах прайшоў другі «Вераснеўскі фэст». Падзея сабрала каля 300 танцораў з розных гарадоў Беларусі. У праграме былі бальныя танцы ў палацавых залах, канцэрты і майстар-класы па танцах, а таксама кірмаш, катанне на конях і дзіцячыя забавы ў парку. Падзея скончылася гала-канцэртам з удзелам салістаў Мінскага опернага тэатра.
Збіраліся назваць праспектам Адзінства, а назвалі праспектам 17 верасня. А што гэтая дата значыць для Магілёва?
У Магілёве завяршылі пракладку дарогі-дублёра, што злучае вуліцу Касманаўтаў і Мінскую шашу. Год таму, 12 верасня была запушчаная другая частка дарогі – пісалі mogilev.media. Новы ўчастак трасы, які ідзе ад вёскі Гарадшчына да вуліцы Грунвальдскай і аркі 750-годдзя Магілёва, атрымаў назву “праспект 17 верасня”, хоць яшчэ ў красавіку былі планы даць яму назву “праспект Адзінства”.
17 верасня ў гісторыі Магілёва – гэта своеасаблівая дата. У першую чаргу яна звязаная з тым, што наш горад згубіў шанец стаць сталіцай. Як цудоўна вядома, у гэты дзень у 1939 годзе Чырвоная армія ўступіла ў Другую Сусветную вайну ў якасці саюзніцы гітлераўскай Германіі. Частка тэрыторыі Польшчы была далучаная да Савецкай Беларусі. Дзяржаўная мяжа перасунулася на захад і ў выніку быў спынены працэс пераносу сталіцы Беларусі з Мінска ў Магілёў.
Заўтра ў Магілёве адбудзецца чарговае абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media.
У адказ на планы гарвыканкама па будаўніцтве музейнага комплекса на платформе petitions.by была створана петыцыя “Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара”.
Як праект музея парушае заканадаўства
Аўтары петыцыі падрабязна патлумачылі, якія заканадаўчыя нормы і нарматывы будуць груба парушаныя ў выпадку рэалізацыі праекта з музеем цару. Прывядзем іх тут цалкам.
Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (далей ПЗА), зацверджанага ў 2023 годзе тэрыторыя магілёўскага замчышча, на якім быў разбіты парк, знаходзіцца ў межах першага ўчастка ахоўнай зоны. Згодна з рэгламентамі гэтай зоны забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам, падчыстую знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада – колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI – XIX стагоддзях. Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаванняў (XII – XIII стст.). Культурны пласт гістарычнага цэнтра з’яўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці пад шыфрам 512Е000001, таму яго разбурэнне супярэчыць рэгламентам ПЗА. Да таго ж чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаванняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманне гістарычнага цэнтра, што таксама забаронена ПЗА.
Паводле іншага рэгламенту на гэтай тэрыторыі забаронена ўзвядзенне новых будынкаў перыметральнай забудовы кварталаў пры наяўнасці архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў аб страчанай гістарычна значнай забудове. У дадзеным выпадку гістарычна значнымі ў перыметральнай забудове квартала замчышча з’яўляліся ягоныя вежы і сцены.
Яшчэ адзін пункт ПЗА на гэтым участку ахоўнай зоны забараняе змяненне (ці страта) элементаў гістарычнага ландшафту ўздоўж берагоў р. Дубравенка, р. Дзебра, карэннага правага берага р. Днепр, тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. Рэалізацыя прадстаўленага праекта прывядзе да вынішчэння амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорка, на якім паўстане асноўны паверх музейнага комплекс. Гэта ўсё з’яўляецца відавочным і непапраўным змяненнем гістарычнага ландшафту парку.
Такім чынам – гаворыцца ў петыцыі – прадстаўлены праект не можа быць прыняты да рэалізацыі праз грубае парушэнне рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра.
Нязгодных запрасілі пяць чалавек
У адказ на петыцыю Магілёўскі гарвыканкам запрасіў нязгодных з праектам музея на чарговае абмеркаванне праекта. Ад усіх заяўнікаў патрабуецца прыйсці не больш чым пяці падпісантам. Сустрэча запланаваная на заўтра, 11 верасня ў 14.20 у кабінеце 320 гарвыканкама.
Сям’я расійскіх вундэркіндаў Цепляковых гулялася ў пясочніцы – кідалася пяском у дзяўчынку і патрабавала ад яе бабулі ўстаць на калені. А потым выскачыў іх бацька, паваліў пенсіянерку ўдарам у скроню і закрычаў: “Пінайце яе!”
Пра тое, што знакамітыя расійскія вундэркінды дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы паступілі вучыцца ў Беларуска-Расійскі універсітэт у Магілёве, рэдакцыя mogilev.media даведалася ад іх аднакурснікаў у студзені 2023 года.
Як вядома нашаму выданню, зараз Аліса і Хеймдаль Цепляковы працягваюць вучыцца на завочным аддзяленні БРУ і ўжо паяўляліся на экзаменацыйных сесіях. Што праўда, Беларуска-Расійскі універсітэт, як высветлілася, гэта не адзінае вну, куды паступілі на вучобу расійскія вундэркінды. Як высветліла “Камсамольская праўда”, 1 кастрычніка 2022 года Аліса Цеплякова была залічана таксама на першы курс Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі.
Патрабавалі ўстаць на калені перад Хеймдалем
Нядаўна знакамітая сям’я магілёўскіх студэнтаў-завочнікаў трапіла ў чарговы скандал. Падрабязнасці здарэння перадае “Маскоўскі камсамолец”. Бацька сямейства Яўген Цеплякоў і яго шматлікае патомства напалі на дзіцячай пляцоўцы на жанчыну, якая гуляла з аднагадовай унучкай. Адвакат пацярпелай паведамляе, што 40-гадовы Цеплякоў паваліў «апанентку» ударам у скронь, а далей жанчыну білі яго дзеці.
63-гадовая Алена Канстанцінаўна гуляла на дзіцячай пляцоўцы ў Маскве з дзіцёнкам сваёй дачкі, калі туды завіталі 7 дзяцей Цепляковых на чале з Алісай. Цепляковы пачалі кідацца пяском і трапілі ва ўнучку. Бабуля зрабіла заўвагу, пасля чаго брат Алісы Хеймдаль Цеплякоў кінуў у дзяўчынку пяском ужо знарок. Бабуля абурылася і прапанавала дзецям пакінуць пляцоўку.
Як сцвярджае пацярпелая, ад вундэркіндаў у адказ панесліся пагрозы і мацюкі, Аліса заявіла, што да яе варта звяртацца “ваша высокасць”, і патэлефанавала бацькам. Пакуль тыя беглі на пляцоўку, вундэркінды заклікалі пенсіянерку «устаць на калені перад Хеймдалем» і папрасіць прабачэння.
Пацярпелая расказвае, што бацька Цепляковых, які неўзабаве вылецеў на пляцоўку, ударыў жанчыну ў скронь і крыкнуў дзецям: «Пінайце яе!». Маленькая ўнучка нема рыдала ў старонцы, а яе бабулі дасталася па поўнай – Цепляковы яе білі, штурхалі і абражалі.
Па заключэнні медыкаў 1-й Градскай бальніцы ў Маскве, бабуля Алена Канстанцінаўна атрымала закрыты чэрапна-мазгавы пералом, страсенне мазгоў, шматлікія ўдары і траўму калена.
“Напала на цяжарную дзяўчыну” – тым часам, Алісе дванаццаць
Па словах пацярпелай, Цеплякоў размахваў кулакамі як «сапраўдны баксёр», вочы ў яго былі вытарашчаныя з арбіт, і ён быў падобны на вар’ята.
Як распавёў “Маскоўскаму камсамольцу” адвакат пацярпелай Антон Папкоў, падчас нападу Яўген Цеплякоў крычаў, што пенсіянерка Алена Канстанцінаўна напала на “цяжарную дзяўчыну”.
– Можа, ён гэта маму Наталлю меў на ўвазе, я спецыяльна ўдакладніў, – растлумачыў адвакат – Але не, крычаў ён гэта пра Алісу…
Зараз Алісе Цепляковай дванаццаць гадоў – яна нарадзілася 23 ліпеня 2012 года. Сям’я Цепляковых налічвае адзінаццаць чалавек, і ўсе яны жывуць у аднапакаёвай кватэры ў Маскве. Маці даглядае за дзецьмі, а бацька афіцыйна працаўладкаваны як выхавацель хатняга дзіцячага садка. Як вядома, Яўген Цеплякоў любіць даваць сваім дзецям імёны ў гонар багоў і міфічных герояў. Акрамя Алісы, у сям’і выхоўваюцца яшчэ восем дзяцей:
Хеймдаль;
Лейя;
Тэра;
Айлунг;
Фейлунг;
Тэсей;
Сулейман;
Альрык Фініст Арыён.
АБНОЎЛЕНА: Яўген Цеплякоў у сваім каментарыі для тэлеканала REN.TV заявіў, што гісторыя пра напад – гэта фэйк. Быццам бы пенсіянерка “сочыць за намі даўно. Наколькі я чуў, вельмі моцна не любіць шматдзетныя сем’і проста за тое, што ў іх ёсць дзеці”.
Разам з тым, той жа тэлеканал апублікаваў запіс з камер відэаназірання, на якім з цяжкасцю, але бачна валтузня на дзіцячай пляцоўцы. На кадрах можна адрозніць, што бойка сапраўды адбываецца, і ў ёй удзельнічаюць некалькі чалавек.
Сёння ноччу адразу некалькі расійскіх беспілотнікаў тыпу “шахед” заляцелі ў паветраную прастору Беларусі. Прынамсі два з іх былі збітыя ў небе над Гомелем – відэа з падзеннем ахопленых агнём парэшткаў з’явілася ў мясцовых пабліках.
Першыя сведчанні пра збіццё беспілотнікаў над Гомелем былі апублікаваныя ў гарадскім канале “Чат дорожных происшествий” – піша выданне Флагшток – каля першай гадзіны ночы.
Неўзабаве было лакалізаванае месца падзення абломкаў аднаго са збітых беспілотнікаў-камікадзэ – Навабеліцкі раён у квартале завулкаў 6-ты і 8-мы Ільіча. То бок, збітыя расійскія шахеды ў прамым сэнсе падалі на горад. Паведамляецца, што недалёка ад гэтага месца – на вуліцы 3-яй Транзітнай – пажарная каманда тушыла ўзгаранне. Таксама пажар на зямлі назіраўся ў месцы верагоднага падзення другога беспілотніка – у прыватным сектары на вуліцы Белага, каля магазіна “Суседзі”.
Прыкладна праз поўгадзіны пасля з’ўлення інфармацыі пра першых збітых шахедаў, украінскі маніторынгавы канал “Мікалаеўскі Ванёк” паведаміў пра трэці беспілотнік, што ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне Хойнікаў.
Сістэма апавяшчэння, якую безперапынна мантуюць і выпрабоўваюць з 2022 года, не змагла папярэдзіць гамяльчан падчас атакі расійскімі БПЛА – заўважыла пры гэтым выданне Флагшток.
Раніцай 5 верасня Узброеныя сілы Беларусі праводзілі ў ваколіцах Гомеля мерапрыемству па пошуку неразарваных боепрыпасаў. Верагодна, гаворка ідзе пра ракеты, якімі авіяцыя збівала шахедаў – мяркуюць у маніторынгавым канале “Беларускі Гаюн”.
Са сваім афіцыйным каментаром выступіла Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Як бачым, у гэтай заяве адсутнічае ключавая дэталь – фіксацыя, што беспілотнікі былі расійскімі.
Нагадаем, што 29 жніўня ў небе над Беларуссю ўжо збівалі – верагодна, упершыню – расійскі беспілотнік-камікадзэ.