Смяротны сінтэз – жыхарка Магілёва памерла ад атручэння незамярзайкай

Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме аказалася ў два разы вышэйшай за смяротную дозу. 

Пра гібель 50-гадовай жыхаркі Магілёва паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Жанчына адчула сябе дрэнна на вуліцы, хуткая даставіла яе ў лякарню, дзе быў пастаўлены дыягназ вострага атручэння невядомым рэчывам. Нягледзячы на медыцынскую дапамогу, назаўтра жанчына памёрла. Як высветлілі эксперты, атрутным рэчывам з’яўляўся этыленгліколь, які ўваходзіць у склад незамярзаек, тармазных вадкасцяў і антыфрызаў. Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме жыхаркі Магілёва склала 4 грамы на літр, што ў два разы вышэй за смяротную дозу. Акрамя таго, у крыві быў знойдзены таксама этылавы спірт у канцэнтрацыі менш за 1 праміле.

Спецыялісты судовых экспертыз адзначаюць, што дыяпазон доз этыленгліколю, якія выклікаюць цяжкія атручванні чалавека, досыць шырокі, у большасці выпадкаў смяротнымі дозамі з’яўляліся 100-150 мілілітраў. Чыннікам высокай таксічнасці этыленгліколя з’яўляецца так званы смяротны сінтэз, калі ў выніку ўздзеяння арганізма на рэчыва ўтворыцца больш таксічны прадукт, чым зыходны.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

На пешаходным пераходзе ў Бабруйску збілі двух дзяцей

5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.

Фота: УУС

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае глыбіню ў 1 метр і на 80 сантыметраў яна была запоўненая вадой – паведамляе прэс-служба МНС. Позна вечарам 14 мая тут, у яміне недабудаванага гаража, было знойдзена цела мясцовага жыхара 1953 года нараджэння, што патануў. Прычыны яго гібелі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і прадаваў іх фермеру ў Гомельскую вобласць. Усяго за гэты час супрацоўніку прадпрыемства ўдалося вывезці з птушкафабрыкі каля 18 000 птушанят. Як можна пабачыць на відэа, прадстаўленым прэс-службай МУС, інжынер бітком набіваў кураняткамі яшчыкі і так перавозіў іх на сваім транспарце. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры.

Фота: МУС, скрыншот

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як паведамляе прэс-служба МНС, выбухнула двухлітровая бутэлька з бензінам, якая ляжала каля кастра. У выніку хлопчык атрымаў апёкі 10% цела і быў шпіталізаваны.

Фота ілюстрацыйнае

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям’і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957 года нараджэння і яго жонка 1977 года прымалі ў гасцях сястру з пляменніцай. Усе яны загінулі падчас начнога пажару, які адбыўся каля трэцяй гадзіны ночы, паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве таксіст збіў хлопчыка, які выбег на дарогу з-за аўтобуса

На Тагільскім завулку ў Магілёве вечарам 10 траўня кіроўца аўтамабіля Nissan не змог адрэагаваць на паводзіны 8-гадовага хлопчыка. Дзіцёнак нечакана выскачыў на дарогу з-за аўтобуса, што спыніўся на прыпынку. Хлопчык дастаўлены ў лякарню, праводзіцца праверка абставін здарэння – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Запрасіў на каву, ударыў малатком па галаве і пайшоў пакурыць

Калі жанчына ачуняла, жыхар Магілёўскага раёна папрасіў у яе прабачэння і дапамог апрацаваць рану.

Здарэнне ў духу персанажаў Альбера Камю адбылося ў Магілёўскім ране.  Кампанія адпачывала з алкаголем, а пасля вечарынкі 60-гадовы мужчына запрасіў да сябе на каву 47-гадовую кабету. Калі пара толькі зайшла ў дом, гаспадар абрынуў на галаву госці ўдар малатка і выйшаў пакурыць. Прычын свайго ўчынку ён патлумачыць не змог. Калі жанчына ачуняла, гаспадар ветліва папрасіў у яе прабачэння і дапамог апрацаваць рану. Зараз супраць мужчыны ўзбуджаная крымінальная справа за пакушэнне на забойства.

Спорцікам, якія памылкова кінулі кактэйлі Молатава ў вакно пенсіянеркі ў Магілёве, далі па сем гадоў

У канцы жніўня 2023 года ў Магілёўскім раёне затрымалі двух юнакоў з Мінска, пісалі mogilev.media. 17-ці і 15-ці гадовыя хлопцы кінулі кактэйлі Молатава ў вакно мясцовай жыхаркі, пераблытаўшы адрас з кватэрай даўжніка наркамаркета. 

Падчас атакі ніхто не пацярпеў, пенсіянерка самастойна загасіла агонь і выклікала ратавальнікаў. Пазней АМАП затрымаў двух мінчан. Як высветлілася, яны ўжо паспелі папярэдне “апрацаваць” сваю асноўную ахвяру – пабілі закладчыка, распылілі яму пярцовы газ у твар і здымалі ўсё на тэлефон.

Абодва затрыманыя былі асуджаныя да сямі гадоў. Старэйшы хлопец будзе адбываць іх у калоніі агульнага рэжыму, малодшы ў выхаваўчай калоніі – піша БелТА.

Фота: УУС аблвыканкама, скрыншот

Выкінуў сімку, закапаў у лесе – магілёўскі таксіст спрабаваў завалодаць тэлефонам пасажыра

 П’яны пасажыр забыў свой айфон за 2000 рублёў у салоне таксі ў Магілёве – распавядае прэс-служба абласнога упраўлення ўнутраных спраў. Тым вечарам 20-гадовы магілёвец адпачываў у бары разам з дзяўчынай, а каб дабрацца дахаты пара выклікала таксі. У машыне хлопец забыўся свой гаджэт і звярнуўся з заявай у аддзел міліцыі. Як высветлілася, тэлефон забраў кіроўца таксі. Ён выкінуў сім-карту хлопца, а сам айфон закапаў у лесапаласе. Пазней таксіст планаваў прадаць тэлефон на запчасткі. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама, скрыншот