Пешахода збілі насмерць у Бабруйскім раёне ноччу – ён стаяў на дарозе без флікера

Надзвычайнае здарэнне адбылося паблізу вёскі Ясны Лес 29 верасня каля 23:30 – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС. 

54-гадовы кіроўца  мікрааўтобуса Mercedes, рухаючыся па аўтадарозе “Магілёў-Бабруйск”,  здзейсніў наезд на мужчыну, які стаяў на праезнай частцы дарогі без святлоадбіўных элементаў.

На фота відаць, што ўдар прыйшоўся ў левае крыло аўтамабіля – з боку кіроўцы. Гэта можа сведчыць пра тое, што пешаход знаходзіўся блізка да цэнтра дарогі.

Мужчына падстрэліў сябе ў жывот з бацькоўскай “аўтаручкі” ў Горках

Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Самаробную прыладу для стральбы завадскімі патронамі 66-гадовы жыхар Горак знайшоў у сваёй гаспадарцы. Прыладу прыхаваў яго бацька ў адной з пабудоваў на падворку. Там жа таксама знайшлося некалькі патронаў рознага калібру. Раней усё гэта належыла бацьку пацярпелага, патлумачыў ён следчым органам.

Выпіўшы, жыхар Горак вырашыў праверыць самаробную агняпальную зброю, але спачатку яна не стрэліла. Калі ж ён павярнуў прыладу руляй да сябе, стрэл адбыўся. З агняпальным раненнем жывата ён быў шпіталізаваны ў раённую лякарню.

Акрамя аўтаручкі-самапалу, у сядзібе былі знойдзеныя таксама два патроны, якія прадстаўляюць сабой цалкам дзейсныя боепрыпасы – паведамляюць у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Па факце знаходжання ў доме мужчыны боепрыпасаў супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Жанчына з двумя праміле алкаголю везла на машыне трох сваіх дзяцей у Магілёве

Пасварыўшыся з мужам, яна вырашыла з’ехаць да маці каля апоўначы.

– Прабачце мяне, я толькі атрымала правы – 

спрабавала жанчына ўгаварыць супрацоўнікаў ДАІ. 

Ролік пра затрыманне нецвярозай кіроўцы размясціла на сваім Тэлеграм-канале прэс-служба абласнога УУС. У паведамленні гаворыцца, што 28 верасня на вуліцы Першамайскай нарад ДАІ спыніў 34-гадовую магіляўчанку за рулём аўтамабіля Fiat. Пры праверцы дакументаў у інспектара ДПС узнікла падазрэнне, што жанчына напярэдадні выпівала спіртное.

Пры гэтым на заднім сядзенні яе аўтамабіля знаходзіліся дзеці ва ўзросце 3-х, 5-ці і 7-мі гадоў. Як патлумачыла жанчына, напярэдадні яна пасварылася з мужам і ехала з дзецьмі да сваёй маці.

Машына правалілася ў ліўнёвы калодзеж на праезжай частцы ў цэнтры Магілёва

Кіроўцы – будзьце асцярожныя!

Аўтамабіль Skoda Kodiaq рухалася па вуліцы Тані Карпінскай у бок спуску да Дубравенкі, калі адбылося незвычайнае здарэнне. Рашотка ліўнёўкі не вытрымала, альбо, магчыма, наогул адсутнічала на праезжай частцы. У выніку аўтамабіль праваліўся правым пярэднім колам у калодзеж, без магчымасці рухацца далей – задняе левае кола бездапаможна завісла ў паветры.

На месцы працуюць супрацоўнікі дарожнай аўтаінспекцыі.

Адзначым, што здарэнне адбылося ў пары сотнях метраў ад гарвыканкама.

 

У Дубравенцы ў Магілёве вылавілі труп мужчыны

Здарэнне адбылося сёння каля 15.00 – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП в Могиёве”. На здымку бачна цела мужчыны, побач з якім знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі і фельчары хуткай дапамогі. Месца, якое можна пазнаць на фота, знаходзіцца каля маста па праспекце Міру, у бок чыгуначнага насыпу.

Афіцыйных каментарыяў пакуль няма.

П’яны кіроўца збіў чалавека пад Асіповічамі і не спыніўся

На трасе Мінск – Гомель у Асіповіцкім раёне кіроўца грузавога мікрааўтобуса збіў чалавека на ўзбочыне – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы Магілёўскага УУС. Пасля гэтага ён, не спыняючыся, працягваў рух. Неўзабаве кіроўца быў затрыманы каля адной з крам у Асіповічах. Яго аўтамабіль меў сляды дарожна-транспартнага здарэння  Сам кіроўца аказаўся нецвярозым – аналіз паказаў 1,8 праміле алкаголя ў выдыхаемым паветры. 

Збітым чалавекам аказаўся 28-гадовы мінчанін, які знаходзіўся каля свайго няспраўнага аўтамабіля BMW. З нязначнымі траўмамі ён быў адпушчаны медыкамі пасля агляду. Здарэнне адбылося ў цёмны час сутак – каля 20:00.

Кіроўцу грузавіка цяпер чакае пазбаўленне правоў, буйны штраф, а яго дзеянням будзе давацца прававая ацэнка.

 

У Магілёве была начная пагоня за бяспраўнікам на матацыкле

На хлопца склалі 13 пратаколаў.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве экіпаж ДАІ даў сігнал аб неабходнасці спыніцца маладому байкеру – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Хлопец, аднак, толькі паддаў газу і паспрабаваў адарвацца ад патрульнай машыны. У ходзе пагоні ён выяжджаў на паласу процілеглага руху, скіроўваў на ўзбочыну і ўрэшце рэшт пакаціўся ў кювет. Як высветлілася, прычынай уцёкаў была адсутнасць правоў кіроўцы.

Ні матацыкл, ні сам байкер у выніку вымушанага прыпынку не пацярпелі. На маладога чалавека было складзена 13 пратаколаў: за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, выезд на паласу сустрэчнага руху, адсутнасць права кіравання, парушэнні правілаў манеўравання і іншыя парушэнні.

 

Байкер у Бабруйску не справіўся з кіраваннем – матацыкл выбухнуў пад коламі МАЗа

Жудасная карціна дарожна-транспартнага здарэння трапіла на камеры відэаназірання. На відэа, якое публікуе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-служба магілёўскага УУС, бачны момант падзення байкера на праезжую частку. Імгненнем пазней матацыкл сутыкнуўся з коламі грузавіка МАЗ, што ехаў наперадзе, і ўспыхнуў.

Байкер – 33-гадовы жыхар Бабруйска – ударыўся аб прыпаркаваныя на ўзбочыне дарогі аўтамабілі. Са шматлікімі траўмамі ён шпіталізаваны. 

Здарэнне адбылося на вуліцы Дняпроўскай Флатыліі ў Бабруйску.

 

Дрэва ўпала на машыны ў Магілёве з-за непагадзі

Пашкоджаны два аўтамабілі Volkswagen, адзін з іх значна.

Моцны вецер абрынуў старую вярбу на тры аўтамашыны, прыпаркаваныя ў двары дома нумар 48 па вуліцы Астроўскага. 

Пра здарэнне паведамілі ў папулярным магілёўскім Тэлеграм -канале

Дрэва моцна пашкодзіла Volkswagen Polo, выбіўшы яму задняе шкло. Таксама яно нязначна закранула яшчэ адзін Volkswagen – Passat b3. На ім засталася толькі памятаць на правым пярэднім крыле. 

Ужо раніцай вярба была прыбраная камунальнікамі.

Жорсткая аварыя ў Магілёве трапіла на відэа

Здарэнне адбылося на кальцы па вуліцы Грышына, каля спартыўнага комплекса “Алімпіец”. 

Відэа аварыі выклаў адзін з карыстальнікаў папулярнага магілёўскага Тэлеграм-канала. На ім бачна, што кіроўца за стырном Volkswagen Passat вырашыў павярнуць з кальцавой дарогі, знаходзячыся ў сярэдняй паласе, у той час як па крайняй левай рухаўся Audi.

 

Пра пацярпелых у аварыі пакуль не паведамляецца. Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкнення з бардзюрам аўтамабілю Audi вырвала заднюю вось.