Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін у вёсцы Дубна суседзі заўважылі агонь у хаце пенсіянера 1957 года нараджэння. Калі прыехалі ратавальнікі, мужчына ўжо не падаваў прыкмет жыцця. У вёсцы Усакіна таго ж Клічаўскага раёна позна вечарам, каля 24.00 на пажары загінуў пенсіянер 1958 года нараджэння – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны абодвух пажараў яшчэ высвятляюцца.
Жанчына згарэла зажыва ў Бабруйску ў сваёй кватэры на вуліцы Каменскага. Днём 13 кастрычніка муж пенсіянеркі 1958 года нараджэння калоў дровы ў двары іх гаспадаркі. Калі ён вярнуўся ў дом, то пабачыў сваю жонку, ахопленую полымем. На жанчыне загарэлася вопратка, калі яна стаяла каля кухоннай пліты. Мужчына пагасіў агонь і выклікаў хуткую дапамогу, але медыкі канстатавалі смерць жанчыны, паведамляе прэс-служба МНС.
У вёсцы Збышын Кіраўскага раёна былі шпіталізаваныя трое дзяцей – 2014, 2015 і 2017 гадоў нараджэння. Усе яны атруціліся ўгарным газам у выніку заўчаснага закрывання дымахода печкі – паведамляе прэс-служба МНС.
Жанчына не магла самастойна выбрацца з пажару, таму што ледзь рухалася з-за хваробы.
Выратаванне 74-гадовай пенсіянеркі стала для жанчыны сапраўдным цудам. Жыхарка Бабруйска пратаплівала печку ў сваёй кватэры ў аднапавярховым доме на вуліцы Бахарава. У нейкі момант яна заўважыла, што на пячы пачала загарацца мяккая цацка – плюшавы мішка. Пенсіянерка не прыдумала нічога лепшага, як выкінуць мішку ў калідор, на драўляную падлогу, а потым наогул забылася пра яго. Ад цацкі дом і загарэўся.
Калі праз нейкі час жанчына пабачыла, што яе калідор палае, выбрацца з дому самастойна было ўжо немагчыма. Агонь перакрыў выхад, акрамя таго жанчына толькі што перанесла хваробу і ледзь рухалася. Дазваніўшыся да ратавальнікаў, 74-гадовая бабруйчанка заставалася ў ахопленай агнём кватэры да свайго вызвалення. Машына пажарных была на месцы ўсяго праз некалькі хвілін – паведамляе прэс-служба МНС.
Гаспадары двух кватэр у Чэрыкаве заўважылі, што ў іх адсутнасць нехта пранікаў у жытло, але навошта – незразумела. Тумбачкі былі распахнутыя, а на падлозе засталіся сляды, хоць нічога, здаецца, не ўзялі.
Адразу два пранікнення ў жытло праз вакно адбыліся 29 верасня ў Чэрыкаве. Ноччу невядомы прабраўся ў кватэру аднаго з жыхароў горада. Невядомы нешта шукаў у доме – калі гаспадар вярнуўся, то заўважыў, што тумбачкі і шафы раскрытыя. Пра знікненне якіх-небудзь каштоўнасцяў гаспадар кватэры не паведаміў. На ноч вокны размешчанага на першым паверсе памяшкання заставаліся прыадчыненымі на праветрыванне.
Падобнае пранікненне адбылося і днём таго ж дня. Жыхарка Чэрыкава заўважыла, што вакно ў яе кватэру распахнутае, а на падлозе засталіся сляды ад абутку. Пра знікненне чагосьці з дома жанчына на момант звароту ў міліцыю нічога не ведала – піша “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
Разам з тым, нядаўна ў Магілёве быў затрыманы злодзей-фортачнік, які трапляў у жылыя памяшканні, адціскаючы шклопакеты. 35-гадовы мясцовы жыхар на працягу тыдня трапляў праз вакно ў кватэры, дзе выкрадаў грошы і іншую маёмасць. Пры чарговай спробе трапіць у кватэру мужчына сутыкнуўся з гаспадарамі дома і ўцёк, аднак на месцы здарэння пакінуў свае красоўкі. Гэта дапамагло пасля высветліць асобу затрыманага. Высветлілася, што магілёвец датычны як мінімум да трох падобных эпізодаў. Ці звязаны ён з пранікненнямі ў кватэры жыхароў Чэрыкава, пакуль не паведамляецца.
Падчас перакуру на прадпрыемстве пад Магілёвам адзін з супрацоўнікаў завода ўдарыў другога ў жывот. У выніку ў пацярпелага была парваная селязёнка і ўтварылася ўнутранае кровазліццё. Як высветлілася, прычынай для ўдару стала тое, што раней гэты мужчына пазычыў у агрэсара бутэльку піва, паабяцаўшы наўзамен аддаць бутэльку гарэлкі. За два месяцы ён не вярнуў абяцанае і іншых спосабаў пераканаць даўжніка першы супрацоўнік не пабачыў.
Рашэннем суда Магілёўскага раёна пацярпеламу была прызначаная кампенсацыя ў 5 000 рублёў. Мужчына, які праявіў агрэсію, асуджаны да 3 гадоў хатняй “хіміі” – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.
З’явіліся першыя падрабязнасці пра нападзенне з нажом у Магілёве сёння днём. Праўладныя інфармацыйныя рэсурсы паведамляюць, што затрыманы быў апазнаны як падазраваны ў “экстрэмісцкай дзейнасці” і затрымліваўся супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Падчас затрымання мужчына параніў двух супрацоўнікаў міліцыі нажом. Таксама паведамляецца, што пры ім быў яшчэ адзін нож і пісталет. Асоба мужчыны пакуль невядомая. Працягваем сачыць за навінамі па гэтай справе.
Сёння на скрыжаванні вуліц Пушкінскай і Астроўскага адбылося затрыманне нападніка з нажом. Пакуль афіцыйнай інфармацыі няма, а відавочцы паведамляюць, штоў выніку нападу чалавека з нажом паранена двое. Нападнік затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ.
Сям’я расійскіх вундэркіндаў Цепляковых гулялася ў пясочніцы – кідалася пяском у дзяўчынку і патрабавала ад яе бабулі ўстаць на калені. А потым выскачыў іх бацька, паваліў пенсіянерку ўдарам у скроню і закрычаў: “Пінайце яе!”
Пра тое, што знакамітыя расійскія вундэркінды дзесяцігадовая Аліса і дзевяцігадовы Хеймдаль Цепляковы паступілі вучыцца ў Беларуска-Расійскі універсітэт у Магілёве, рэдакцыя mogilev.media даведалася ад іх аднакурснікаў у студзені 2023 года.
Як вядома нашаму выданню, зараз Аліса і Хеймдаль Цепляковы працягваюць вучыцца на завочным аддзяленні БРУ і ўжо паяўляліся на экзаменацыйных сесіях. Што праўда, Беларуска-Расійскі універсітэт, як высветлілася, гэта не адзінае вну, куды паступілі на вучобу расійскія вундэркінды. Як высветліла “Камсамольская праўда”, 1 кастрычніка 2022 года Аліса Цеплякова была залічана таксама на першы курс Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі.
Патрабавалі ўстаць на калені перад Хеймдалем
Нядаўна знакамітая сям’я магілёўскіх студэнтаў-завочнікаў трапіла ў чарговы скандал. Падрабязнасці здарэння перадае “Маскоўскі камсамолец”. Бацька сямейства Яўген Цеплякоў і яго шматлікае патомства напалі на дзіцячай пляцоўцы на жанчыну, якая гуляла з аднагадовай унучкай. Адвакат пацярпелай паведамляе, што 40-гадовы Цеплякоў паваліў «апанентку» ударам у скронь, а далей жанчыну білі яго дзеці.
63-гадовая Алена Канстанцінаўна гуляла на дзіцячай пляцоўцы ў Маскве з дзіцёнкам сваёй дачкі, калі туды завіталі 7 дзяцей Цепляковых на чале з Алісай. Цепляковы пачалі кідацца пяском і трапілі ва ўнучку. Бабуля зрабіла заўвагу, пасля чаго брат Алісы Хеймдаль Цеплякоў кінуў у дзяўчынку пяском ужо знарок. Бабуля абурылася і прапанавала дзецям пакінуць пляцоўку.
Як сцвярджае пацярпелая, ад вундэркіндаў у адказ панесліся пагрозы і мацюкі, Аліса заявіла, што да яе варта звяртацца “ваша высокасць”, і патэлефанавала бацькам. Пакуль тыя беглі на пляцоўку, вундэркінды заклікалі пенсіянерку «устаць на калені перад Хеймдалем» і папрасіць прабачэння.
Пацярпелая расказвае, што бацька Цепляковых, які неўзабаве вылецеў на пляцоўку, ударыў жанчыну ў скронь і крыкнуў дзецям: «Пінайце яе!». Маленькая ўнучка нема рыдала ў старонцы, а яе бабулі дасталася па поўнай – Цепляковы яе білі, штурхалі і абражалі.
Па заключэнні медыкаў 1-й Градскай бальніцы ў Маскве, бабуля Алена Канстанцінаўна атрымала закрыты чэрапна-мазгавы пералом, страсенне мазгоў, шматлікія ўдары і траўму калена.
“Напала на цяжарную дзяўчыну” – тым часам, Алісе дванаццаць
Па словах пацярпелай, Цеплякоў размахваў кулакамі як «сапраўдны баксёр», вочы ў яго былі вытарашчаныя з арбіт, і ён быў падобны на вар’ята.
Як распавёў “Маскоўскаму камсамольцу” адвакат пацярпелай Антон Папкоў, падчас нападу Яўген Цеплякоў крычаў, што пенсіянерка Алена Канстанцінаўна напала на “цяжарную дзяўчыну”.
– Можа, ён гэта маму Наталлю меў на ўвазе, я спецыяльна ўдакладніў, – растлумачыў адвакат – Але не, крычаў ён гэта пра Алісу…
Зараз Алісе Цепляковай дванаццаць гадоў – яна нарадзілася 23 ліпеня 2012 года. Сям’я Цепляковых налічвае адзінаццаць чалавек, і ўсе яны жывуць у аднапакаёвай кватэры ў Маскве. Маці даглядае за дзецьмі, а бацька афіцыйна працаўладкаваны як выхавацель хатняга дзіцячага садка. Як вядома, Яўген Цеплякоў любіць даваць сваім дзецям імёны ў гонар багоў і міфічных герояў. Акрамя Алісы, у сям’і выхоўваюцца яшчэ восем дзяцей:
Хеймдаль;
Лейя;
Тэра;
Айлунг;
Фейлунг;
Тэсей;
Сулейман;
Альрык Фініст Арыён.
АБНОЎЛЕНА: Яўген Цеплякоў у сваім каментарыі для тэлеканала REN.TV заявіў, што гісторыя пра напад – гэта фэйк. Быццам бы пенсіянерка “сочыць за намі даўно. Наколькі я чуў, вельмі моцна не любіць шматдзетныя сем’і проста за тое, што ў іх ёсць дзеці”.
Разам з тым, той жа тэлеканал апублікаваў запіс з камер відэаназірання, на якім з цяжкасцю, але бачна валтузня на дзіцячай пляцоўцы. На кадрах можна адрозніць, што бойка сапраўды адбываецца, і ў ёй удзельнічаюць некалькі чалавек.
Смяротная аварыя адбылася ў Магілёве блізка да восьмай гадзіны вечару 7 верасня на вуліцы Лазарэнкі, каля школы №4. Паварочваючы на вуліцу Бурдэнкі, кіроўца мікрааўтобуса не заўважыў сустрэчнага матацыкліста і не аддаў яму перавагі. У выніку сутыкнення байкер загінуў на месцы, а кіроўца чырвонага аўтамабіля Ford выскачыў з кабіны і стаў уцякаць. Відавочцы, якія апублікавалі першыя фотаздымкі з месца аварыі ў гарадскім пабліку “ДПС Магілёў ДАІ” выказалі меркаванне, што кіроўца быў п’яны. Бліжэй на дванаццатай гадзіны ночы прэс-служба УУС аблвыканкама выступіла з заявай, што кіроўца затрыманы.