аздараўленне

Магілёўскіх школьнікаў адправяць на “аздараўленне” ў вайсковую часць

Унутраны загад упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, атрыманы арганізацыяй BELPOL, сведчыць аб узмацненні працы па мілітарызацыі свядомасці школьнікаў.

Загад упраўлення тычыцца правядзення ў 2026 годзе вучэбна-палявых збораў і медыцынскай практыкі. Калі прачытаць яго цалкам, становіцца відавочна: гаворка ідзе ўжо не пра асобныя ўрокі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а пра добра адладжаную сістэму ваеннай сацыялізацыі школьнікаў.

«Аздараўленчы лагер» казарменнага рэжыму

На паперы ўсё выглядае цалкам бяскрыўдна. Дзеці нібыта адпраўляюцца ў перасоўны аздараўленчы лагер. Але далей у дакуменце слова «аздараўленне» амаль знікае. Замест яго – «вучэбна-палявыя зборы», «ваенна-патрыятычны профіль», «страявая падрыхтоўка», «ваенна-тактычныя заняткі».

Атрымліваецца своеасаблівая падмена паняццяў. Юрыдычна – гэта летнік для адпачынку дзяцей, а фактычна – некалькі дзён жыцця паводле армейскага распарадку.

Звычайна дзіцячы лагер асацыюецца са спаборніцтвамі, экскурсіямі, творчымі гурткамі і летнімі канікуламі. У дакуменце замест гэтага прапануецца амаль казарменны рэжым.

Асабліва паказальным выглядае распарадак дня. Пад’ём, ранішняя зарадка, далей ідуць заняткі. У праграме страявая і фізічная падрыхтоўка, ваенна-тактычныя заняткі, вывучэнне ваеннай гісторыі, медыцынская падрыхтоўка. Дзень заканчваецца вячэрняй праверкай і адбоем.

Такі распарадак значна больш нагадвае жыццё салдата тэрміновай службы, чым школьныя канікулы. Пры гэтым усё гэта афіцыйна працягвае называцца аздараўленнем.

Вайсковая часць як прывітанне з будучыні

Адным з галоўных пунктаў праграмы становіцца наведванне вайсковай часці №72471 у Пашкава. Дзецям прапануюць не экскурсію ў музей вайсковай гісторыі і не знаёмства з гістарычнай тэхнікай. Іх вязуць у дзеючую вайсковую часць.

Паводле дакумента, школьнікам павінны паказаць узбраенне і баявую тэхніку, распавесці пра задачы падраздзялення, арганізацыю службы, размяшчэнне асабовага складу і паўсядзённы распарадак вайскоўцаў. Фактычна падлеткаў знаёмяць не столькі з гісторыяй беларускай арміі, колькі з яе сучасным функцыянаваннем.

Такім чынам, вышэйзгаданы загад паказвае, што гаворка не пра адзінкавы эксперымент. Для кожнай школы загадзя вызначаецца колькасць навучэнцаў, прызначаюцца кіраўнікі лагера, адказныя за бяспеку, медыцынскае суправаджэнне, транспарт, справаздачнасць і нават аплату працы педагогаў.

Прапісваецца літаральна ўсё – ад маршрутаў паездак да колькасці дзяцей, якіх павінна накіраваць кожная школа. Так выглядае ўжо не разавая акцыя, а механізм, убудаваны ў сістэму адукацыі.

Школы з вайсковай інфраструктурай

Не менш красамоўная і справаздачнасць, якую павінны рыхтаваць навучальныя ўстановы. Ад школ патрабуюць паведаміць, колькі вучняў прайшлі дапрызыўную падрыхтоўку, колькі ўдзельнічалі ў вучэбна-палявых зборах і практычнай стральбе. Асобна трэба ўказаць, ці ёсць у школе цір, пнеўматычныя вінтоўкі, макеты аўтаматаў Калашнікава, процівагазы, спецыяльна абсталяваныя кабінеты дапрызыўнай падрыхтоўкі і хто выкладае гэты прадмет. 

Фактычна гаворка ідзе пра своеасаблівую інвентарызацыю вайсковай інфраструктуры ў сістэме агульнай адукацыі. Наяўнасць элементаў, якія яшчэ нядаўна лічыліся выключна армейскімі атрыбутамі, становіцца адным з паказчыкаў «нармальнага» функцыянавання школы.

Агульная логіка загаду ўпраўлення па адукацыі ў тым, што школьнікам прапануюць не проста вывучыць тэму пра ўзброеныя сілы на ўроку, іх паступова прывучаюць да армейскага распарадку, знаёмяць з дзейнымі вайсковымі часцямі, вучаць страявой падрыхтоўцы і ўспрымаць вайсковае жыццё як натуральны этап дарастання.

І робіцца гэта, у прыватнасці, праз летнікі, якія нібыта аздараўленчыя, але па сваім змесце яны ўсё больш нагадваюць падрыхтоўку да службы.

Фотаздымак: euvsdisinfo.eu

← Усе навіны Магілёва