Запазычанасць

Запазычанасць па заробку ў 2 млн рублёў выявілі пракуроры на Магілёўшчыне

За першае паўгоддзе ў Магілёўскай вобласці своечасова не выплачваўся заробак 1,8 тыс. работнікаў.

Як вынікае з афіцыйных звестак, 1843 работнікі розных прадпрыемстваў своечасова не атрымалі заробленыя грошы. Агульная сума запазычанасці перавысіла два мільёны рублёў. Пры гэтым у пракуратуры падаюць гэтыя лічбы як вынік эфектыўнага пракурорскага нагляду. Аднак самі яны сведчаць пра іншае: праблема з невыкананнем аднаго з асноўных правоў работнікаў у рэгіёне мае далёка не адзінкавы характар.

Паводле пракуратуры, толькі пасля яе ўмяшання прадпрыемствы пачалі выплачваць людзям заробак. Так, у Магілёве кіраўніцтва камерцыйнай арганізацыі, якая выпускае аўтамабільныя камплектуючыя, разлічылася з 18 супрацоўнікамі, выплаціўшы ім каля 36 тыс. рублёў.

Аналагічная сітуацыя склалася і ў Асіповіцкім раёне, дзе пасля патрабавання пракурора сельскагаспадарчае прадпрыемства пагасіла запазычанасць перад 98 работнікамі на суму 177,5 тыс. рублёў.

Кіраўнікі гэтых арганізацый былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Адзін атрымаў штраф у памеры дзесяці базавых велічынь, другі – трыццаці.

Усяго ж за шэсць месяцаў пракуроры Магілёўшчыны былі вымушаныя ўнесці 52 акты пракурорскага рэагавання, а да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 14 службовых асоб.

Фактычна гэтыя лічбы сведчаць не толькі пра «эфектыўнасць пракурорскага нагляду», як гэта падаецца ў афіцыйных паведамленнях, але і пра тое, што нават своечасовая выплата заработнай платы ў рэгіёне нярэдка адбываецца толькі пасля ўмяшання наглядных органаў. Без іх, як вынікае з самой пракурорскай статыстыкі, тысячы людзей маглі б яшчэ доўга чакаць сваіх законна заробленых грошай.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

← Усе навіны Магілёва