Лукашэнка

«Пелеты трэба тут»: Лукашэнка загадвае ацяпляць грануламі, якія не купіла Еўропа

Учора ў Шклове Лукашэнка запатрабаваў «настойліва пераходзіць на ацяпленне пелетамі», а газ пакінуць толькі як рэзерв. Абгрунтаваў у сваім фірмовым стылі: «Вунь у палякаў цяпер завоблачныя цэны на пелеты. Не бяруць. Ну, як хочаце. Пелеты трэба тут. Трэба ацяпляць у Беларусі».

Фраза «не бяруць» – гэта, між іншым, афіцыйнае прызнанне правалу цэлай экспартнай стратэгіі. А пытанне «на чые грошы пабудавана пелетная галіна» ператварае гэтае прызнанне ў анекдот.

Стратэгія: прадаваць Еўропе

Пелетныя заводы ў сістэме лясгасаў краіна будавала з 2019-2020 гадоў з адной мэтай – экспарт у ЕС. Польшча, Германія, краіны Скандынавіі закуплялі беларускія гранулы ўсё большымі аб’ёмамі, валютная выручка радавала Мінлясгас. У ліпені 2022 года Еўрапейскі саюз у адказ на саўдзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны закрыў рынак для беларускай драўніны і пелет. Экспартная мадэль памерла ў адзін дзень.

З таго часу ўлада шукае, куды падзець гранулы. Год таму, абвясціўшы пелеты «золатам» на дрэваапрацоўчым комплексе ў Петрыкаўскім раёне, Лукашэнка запусціў пелетнае паломніцтва чыноўнікаў – намеснік кіраўніка яго адміністрацыі Матусевіч тады прыязджаў у Быхаў на ТАА «ЭнергаЛесТэхКомплекс» і шматзначна намякнуў: «нават ва ўмовах знешняга ціску ў нас ёсць знешнія спажыўцы, мы не агучваем канкрэтныя краіны – не хочам падстаўляць партнёраў». Прайшоў год. Сакрэтныя партнёры, мяркуючы паводле цяперашняга «не бяруць», так нічога і не купілі. Засталася старая надзея «еўрапейцы ачухаюцца і прыйдуць да нас» і новы загад ашалелага старога – ацяпляць пелетамі самім.

Хто заплаціў за заводы?

Самая пікантная частка сюжэта – паходжанне грошай, на якія пабудавана «айчынная» пелетная энергетыка, якой так хваліцца дзед. Мы ўжо разбіралі, хто насамрэч будуе высокатэхналагічную электрастанцыю ў Быхаве: электрастанцыя «ЭнергаЛесТэхКомплекса» і пелетны завод побач фінансуюцца грантамі Еўрапейскага саюза. Гэта не здагадка – сумы і размеркаванне сродкаў паміж установамі і прадпрыемствамі раёна распісаны ў афіцыйным «Плане дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце Быхаўскага раёна да 2030 года».

Такая ж карціна ў Хоцімску: новая кацельня на 9 мегават, два катлы на шчэпцы, будуецца па праграме «Энергазберажэнне» – якую аплачваюць фонды ЕС.

Хоцімская раёнка пры гэтым не стамляецца пісаць пра «прывід ідыятызму», які блукае па Еўропе. Ідыятызм Еўропы, відаць, у тым, што яна будуе кацельні для раёна, газета якога штодня ў яе плюе.

Выніковая канструкцыя

Захад даў грошы на пелетныя заводы і кацельні. Заводы працавалі на экспарт на Захад. Беларусь дапамагла Расіі напасці на Украіну – Захад закрыў рынак. Цяпер Лукашэнка загадвае беларусам ацяпляць грануламі, якія не купіла Еўропа, у кацельнях, якія пабудавала Еўропа, і чакаць, пакуль «еўрапейцы ачухаюцца».

Асобны штрых: за дваццаць гадоў выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі вырасла толькі ў два з паловай разы – і практычна ўвесь гэты рост аплачаны заходнімі фондамі і праграмамі.

Не Крамлём, які ўтрымлівае рэжым, а «калектыўным Захадам», якога штодня праклінае дзяржаўная прэса. Калі б адносіны з ЕС не былі прынесены ў ахвяру саюзу з Масквой, зялёная энергетыка расла б у разы хутчэй – і пелеты было б каму прадаваць.

Пакуль жа формула сумная: газ – расійскі, рыторыка – антызаходняя, кацельні – еўрапейскія, а плаціць за ўсё ў выніку, як заўсёды, беларус.

Фота БелТА.

← Усе навіны Магілёва