Чатыры з паловай года калоніі атрымаў начальнік аддзела магілёўскага дзяржпрадпрыемства за хабар, які атрымліваў цягам двух гадоў.
Паводле матэрыялаў справы, з пачатку 2024 года да лютага 2026-га начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння неаднаразова атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, якія пастаўлялі прадукцыю яго дзяржаўнаму прадпрыемству.
Следства сцвярджае, што за адкаты, якія дасягалі 10% ад кошту пастаўкі, ён садзейнічаў перамозе загадзя вызначаных кампаній у працэдурах закупак, а таксама забяспечваў своечасовую аплату іх прадукцыі.
Каб стварыць бачнасць канкурэнцыі, разам з рэальнымі камерцыйнымі прапановамі падаваліся рахункі іншых прадпрыемстваў з больш высокімі коштамі на аналагічны тавар.
За два гады, паводле абвінавачання, агульная сума атрыманага хабару перавысіла 20 тыс. рублёў.
Справу разбіраў Бялыніцкі райсуд. На працэсе абвінавачаны прызнаў віну часткова. У выніку яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры. Былому начальніку аддзела прызначылі чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 22,5 тыс. рублёў і забаранілі пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.
Акрамя пазбаўлення волі і штрафу, суд пастанавіў спагнаць у даход дзяржавы суму, якая адпавядае прыбытку, атрыманаму злачынным шляхам.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
