Адно вакно

Клічаўскія ўлады назвалі рост колькасці адміністрацыйных працэдур дасягненнем

Людміла Заяц, работніца Патоцкага сельвыканкама Клічаўскага раёна, пахваліла службу «Адно акно», якая дапамагла ёй з «працэдурамі», а начальніца аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Клічаўскага райвыканкама Таццяна Лявіцкая паведаміла: «калі ў 2018 годзе такіх працэдур было 105, то сёння іх 226».

Чаму тут радавацца? Таму, што за восем гадоў колькасць адміністрацыйных працэдур, якія патрабуюць хаджэння ў «Адно акно», падвоілася?

У краіне, якая нібыта сур’ёзна займаецца лічбавізацыяй, гэтая лічба павінна змяншацца. Павелічэнне больш чым удвая – відавочная прыкмета таго, што бюракратыя не скарачаецца, а разрастаецца.

Вось і казка пра тое, што «любы грамадзянін можа звярнуцца з заявай не толькі па месцы жыхарства, але і ў любым іншым горадзе», – сведчанне вяртання ў каменны век.

У суседніх краінах большасць такіх працэдур даўно выконваецца ўвогуле без асабістага візіту. 

У Польшчы працуе праграма mObywatel з пасведчаннем асобы, дзяржаўнымі рэестрамі і электроннымі подпісамі ў тэлефоне. У Эстоніі практычна ўсе дзяржаўныя паслугі даступныя праз адзіны партал e-Estonia. У Літве праз партал e-paslaugos.lt падаецца асноўная частка дакументаабароту грамадзяніна з дзяржавай.

У Беларусі таксама фармальна існуе Адзіны партал электронных паслуг portal.gov.by. Але ні Заяц, ні Лявіцкая не згадваюць пра яго ніводнага разу – людзі па-ранейшаму прыходзяць сваімі нагамі.

Калі казаць шчыра, то з бюракратыяй і ў Еўропе вялікія праблемы, але Беларусь пераплюнула ўсіх – у тым ліку і па колькасці ценявых дармаедаў.

У матэрыяле прыведзены дзве красамоўныя лічбы: «летась паступіла 2260 заяў, за пяць месяцаў гэтага года – 869». Гэта прыкладна 7-8 заяў за дзень агулам. Прыём вядуць два спецыялісты. Гэта значыць, што на кожнага прыпадае па чатыры заявы за дзень.

Як бы не надарвацца!

Фота: «Беларусь Сегодня».

← Усе навіны Магілёва