Ленінская

На Ленінскай у Магілёве цяпер грае джаз

Каваны саксафаніст стаіць на рагу Болдзіна ў поўны чалавечы рост. Праз квартал ад яго – трубач, далей – віяланчэліст. Гэта джаз-бэнд з чорнага металу, у які ператварылася вулічнае асвятленне цэнтральнай часткі вуліцы Ленінскай: замест стандартных слупоў са свяцільнямі – фігуры музыкаў. Гэта самая прыкметная, але не самая цікавая знаходка праекта.

Першы этап рэканструкцыі галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва – ад плошчы Славы да Болдзіна – выходзіць на фінішную прамую. Тратуарная плітка ўкладзеная, малыя архітэктурныя формы зманціраваныя, і цяпер відаць, на што рабілася стаўка.

Урны кажуць «дзякуй»

Галоўная знаходка праекта – не ў маштабе, а ў інтанацыі. На постсавецкіх пешаходных вуліцах звычайна робяць адно з двух: або «еўрапейскі мінімалізм» з шэрай пліткай і геаметрычнымі лаўкамі, або тэматычны лубок з вычварнымі ліхтарамі пад даўніну.

На Ленінскай выбралі трэці шлях – тэатральны і крыху іранічны. 

Самы красамоўны прыклад – урны. Яны зробленыя ў выглядзе джэнтльменаў, а можа і ільфапятроўскіх “пікейных камізэлек”: капелюшы, камізэлькі, кійкі-парасоны. 

Кожны трымае таблічку з адным словам: «Дзякуй». Не «не смецiце», не піктаграму з кошыкам і чалавечкам, не папярэджанне пра штраф.

Падзяка – авансам, тым, хто яшчэ не кінуў смецце міма. І заўважым – тэкст па-беларуску, што для праекта ў нашым абласным цэнтры з пераважна рускамоўным гарадскім асяроддзем вельмі важны момант.

Сцэнаграфія замест добраўпарадкавання

Каля дзіцячай школы мастацтваў № 4 добраўпарадкаванне пераходзіць у сцэнаграфію. Абноўленае пакрыццё, лаўкі, музычныя інсталяцыі ў выглядзе інструментаў – усё сабрана ў адзін ансамбль, як дэкарацыя да спектакля, які вось-вось пачнецца. На сценах дамоў развешаныя гістарычныя здымкі і гравюры старога Магілёва.

У выніку атрымліваецца, што мінак ідзе не па вуліцы, а па музейнай экспазіцыі.

Паводле гэтай жа логікі працуюць і іншыя аб’екты: вялікія каваныя гадзіннікі, фотазоны, фігуры музыкаў джаз-бэнда. 

Кожны з іх дзейнічае не як «элемент гарадскога асяроддзя», а як рэквізіт. З тонкім разлікам на тое, што побач абавязкова стане чалавек са смартфонам.

Тры кіламетры яшчэ наперадзе

Па прамой Ленінская цягнецца на тры кіламетры: ад плошчы Славы да вуліцы Міронава. Пакуль ператварыўся толькі першы яе адрэзак. Рэканструкцыя, як абяцаюць, будзе працягвацца паэтапна, і наперадзе – новыя фотазоны і арт-прасторы.

Калі абраны стыль удасца вытрымаць на ўсёй працягласці, у Магілёва атрымаецца рэдкая для абласных цэнтраў рэч: галоўная вуліца не з тыпавым наборам пліткі і лавак, а з уласным голасам. Або са сваёй музыкай.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва