У Горках чыноўнік Мікалай Арлёнак і псеўдачыноўнік Алег Бойка па чарзе пераконвалі моладзь у прэстыжнасці працы ў калгасе. Але нават валейбольны матч паказаў прэстыжнасць працы ў аблвыканкаме.
У Горацкім раёне прайшоў абласны форум сельскай працуючай моладзі «Сяло – тэрыторыя развіцця». У ім узялі ўдзел 40 маладых спецыялістаў з сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці.
У тым, што за вёскай будучыня, моладзь пераконвалі старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай Арлёнак і першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Алег Бойка.
І калі аргументы Арлёнка, які ў нядаўнім мінулым кіраваў адным з нешматлікіх прыстойных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, маглі гучаць пераканаўча, то да шапказакідальных лозунгаў штатнага ўскладальніка гірлянд Бойкі наўрад ці хто прыслухаўся.
Як і да выступу намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Савіцкага, які хоць і аддаў дваццаць гадоў жыцця сельскай гаспадарцы вобласці, але зрушыць яе з мёртвай кропкі фактычна так і не здолеў.
Маладым спецыялістам арганізавалі экскурсію па горацкіх прадпрыемствах, правялі дэгустацыю прадукцыі.
Напрыканцы форуму адбыўся таварыскі матч па валейболе паміж камандамі «Горцы» і «Магілёў» – «Мяч дружбы». Спартыўнае спаборніцтва прадказальна выйгралі магілёўцы.
Фота «Магілёўскія ведамасці».