Начальніца планава-эканамічнага аддзела крычаўскага «Камунальніка» ўшанавана чарговай граматай за «вялікі асабісты ўклад», у той час як усе яе «заслугі» ўяўляюць вузка-судовы інтарэс.
Штатную «дэпутатку» Крычава Святлану Галаўнёву ўзнагароджваюць пастаянна. У пачатку 2023 года яна атрымала падзячны ліст абласнога «савета дэпутатаў», які падзякаваў начальніцу планава-эканамічнага аддзела УКПП «Камунальнік» «за шматгадовую і добрасумленную працу».
У канцы 2025 года Святлана Аляксандраўна зноў была адзначана. На гэты раз яна атрымала падзякі Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў. Падстава – актыўная і плённая “дэпутацкая” і грамадская дзейнасць.
Фармулёўкі толькі на першы погляд здаюцца абцякальнымі. На самай справе Галаўнёва вельмі карысная – і тым, што па родзе службы асабліва нікуды не лезе, і тым, што заўсёды гатовая сфальсіфікаваць выбары любога ўзроўню.
Уласна кажучы, справа нават не ў Галаўнёвай. Проста на яе прыкладзе лёгка ўбачыць, наколькі нахабна, ужо нічога не саромеючыся, улады Беларусі дэманструюць народу, што ад яго меркавання нічога не залежыць.
Прыклад. У 2019 годзе начальніцу аддзела «Камунальніка» вылучыў у выбарчую камісію працоўны калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Крычаўскім раёне, які, відавочна, добра ведаў пра заслугі Галаўнёвай.
А вось вынікі галасаванняў 2020, 2022 і 2025 гадоў Святлана Галаўнёва падрабляла ўжо ў статусе старшыні ўчастковых выбарчых камісій.
А як жа ўсё ж-такі з заслугамі Галаўнёвай на яе асноўнай пасадзе?
Пра іх сказана ў зводках абласнога Камітэта дзяржаўнага кантролю:
- у 2021 годзе кантралёры КДК выявілі незаконнае атрыманне крычаўскім УКПП «Камунальнік» сродкаў раённага бюджэту на агульную суму больш за 190 тысяч рублёў;
- у 2022 годзе, пакуль Святлана Аляксандраўна займалася фальсіфікацыяй “рэферэндуму”, яе камунальным прадпрыемствам зноў зацікавіўся КДК. Высветлілася, што на гэты раз «Камунальнік» выстаўляў да аплаты большую колькасць цеплавой энергіі, чым магла выпрацаваць яго кацельня;
- у 2025 годзе былі рассакрэчаныя новыя махінацыі: «Камунальнік» незаконна атрымаў больш за 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў і нахімічыў з працэдурай закупак, спрабуючы «распыліць» ужо 2,4 мільёна рублёў падаткаплацельшчыкаў.
Пры жаданні, спіс ашуканстваў крычаўскага УКПП «Камунальнік» можна працягваць. Ці магла начальніца ПЭА не ведаць пра тое, што адбываецца на яе прадпрыемстве? На жаль, ведала і ўдзельнічала ў фінансавых махінацыях з такім жа імпэтам, з якім фальсіфікавала волевыяўленне крычаўскіх выбарцаў.