Алесь Чайчиц

Магілёў – самы саветызаваны горад: з’явіліся вынікі тапанімічнага даследавання

Беларускі даследчык Алесь Чайчыц параўнаў гарадскую тапаніміку абласных цэнтраў у Беларусі. У Магілёве аказаўся самы высокі працэнт назваў вуліц, ад якіх варта пазбаўляцца.

Вынікі свайго даследавання Алесь Чайчыц агучыў у онлайн-размове з магілёўскім гісторыкам, музейшчыкам і краязнаўцам Аляксеем Бацюковым, які выклаў запіс эфіра ў адкрыты доступ на сваім YouTube-канале

У размове Алесь Чайчыц так абгрунтаваў свой падыход да неабходнасці змены назваў гарадскіх вуліц. На думку даследчыка, наданне вуліцы імя пэўнага чалавека з’яўляецца самай высокай ступенню яго ўшанавання. Назвы вуліц у беларускіх гарадах пры гэтым дзесяцігоддзямі служылі прапагандысцкім мэтам і для індактрынацыі людзей, навязвання ім каштоўнасцяў і фармавання ідэнтычнасці, змушаючы ўспрымаць Беларусь як частку Расіі, а беларускі народ несамастойным, які ўсім абавязаны Савецкаму Саюзу.

Магілёў тапаніміяАбгрунтоўваючы неабходнасць змены назваў вуліц Алесь Чайчыц кіраваўся тымі ж прынцыпамі, па якіх будаваліся працэдуры па дэсаветызацыі тапанімікі ў краінах Балтыі і Украіне. Гэта значыць, што прыярытэт тут аддаваўся дасавецкім, спрадвечным назвам. У выпадку, калі такая назва адсутнічала, то прыярытэтнымі выступалі назвы, звязаныя з самой мясцовасцю, з персонамі, альбо падзеямі, звязанымі з гісторыяй самой краіны альбо рэгіёна. Назвы, ад якіх неабходна пазбаўляцца ў такім выпадку – гэта назвы ў гонар савецкіх палітычных і вайсковых дзеячоў, дзейнасць якіх ніякім чынам не спрыяла развіццю Беларусі і канкрэтна Магілёва, а часам і мела на мэце наогул знішчэнне беларускай ідэнтычнасці.

Доля назваў вуіц, якія патрабуюць замены, па выніках даследавання Чайчыца, складае амаль палову ад агульнай колькасці – гэта самы высокі паказчык сярод іншых параўнаных ім гарадоў.

Алесь Чайчыц

Прааналізаваўшы амаль 1 000 назваў вуліц, даследчык прыйшоў да высновы, што толькі 52% назваў не выклікаюць ніякіх пытанняў – яны звязаныя з мясцовымі традыцыйнымі мікратапонімамі, з імёнамі ўраджэнцаў Магілёва альбо дзеячоў беларускай культуры, што маюць сэнс быць уганараванымі ў такой пачэснай форме, як назва вуліцы.

савецкая тапанімікаАляксей Бацюкоў, які браў інтэрв’ю з даследчыкам, выказаў некаторыя заўвагі што па змесце, паколькі частка выкарыстаных Алесем Чайчыцам назваў аказалася састарэлай. Напрыклад, аўтар не ўлічыў, што ў Магілёве ўжо няма завулка Карла Лібкнехта (яму вернута гістарычная назва Пажарны завулак), гэтаксама як ужо няма Вала Чырвонай Зоркі.

Палемічнай таксама здалася думка пра адназначнае перайменаванне вуліц, названых у гонар вайскоўцаў, што вызвалялі Магілёў у 1944 годзе. Алесь Чайчыц прытрымліваецца меркавання, што гэтыя тапонімы таксама павінны быць замененыя, бо пасля нямецкай акупацыі следавала нічым не лепшая савецкая, у той час як Аляксей Бацюкоў звярнуў увагу на тое, што такія дзеянні могуць прывесці да вострай сацыяльнай рэакцыі.

Цалкам размову можна паслухаць па гэтай спасылцы

← Усе навіны Магілёва