Прадпрымальніца з Крычава падарыла цэнтру культуры «чырвоную дарожку». Схільны да пазёрства кіраўнік мясцовай “вертыкалі” Шарай удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі.
У Крычаве індывідуальная прадпрымальніца зрабіла незвычайны падарунак раённаму Цэнтру культуры – ўручыла новы дыван, які будзе «чырвонай дарожкай» для артыстаў і гасцей сцэны.
На перадачы падарунка прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксей Шарай. Ён падзякаваў прадпрымальніцу за актыўную грамадзянскую пазіцыю і клопат пра родны горад. “Любоў да малой радзімы праяўляецца ў дробязях” адзначыў старшыня.

І гэта не проста словы, а прынцыповая пазіцыя Шарая. Ён вялікі аматар дробязяў і імкнецца ператварыць кожную з іх у падзею сусветнага масштабу з яго асабістым удзелам.
Нядаўна старшыня райвыканкама выязджаў у поле і мацаў салому, а яшчэ раней асабіста прыбыў да дома, вакол якога скасілі траву і пазіраваў на фотасесіі. У прастамоўі такія паводзіны начальніка называюцца пазёрствам.