Жыхары Цішоўкі просяць пашырыць закрытыя могілкі

Жыхары Цішоўкі просяць пашырыць закрытыя могілкі – хаваць прыходзіцца за 30 кіламетраў ад вёскі

Жыхары вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна скардзяцца на забарону пахаванняў на адзіных вясковых могілках – паведамляе раённая газета “Прыдняпроўская ніва”. Вёска знаходзіцца на самым ускрайку абласнога цэнтра і мясцовыя могілкі пару гадоў таму былі перададзеныя на баланс Магілёўскаму гарвыканкаму – дакладней, спецкамбінату, што падпарадкоўваецца выканкаму. А ўжо магілёўская ўлада вырашыла цалкам закрыць для пахаванняў могілкі ў Цішоўцы.

– Душа баліць за тое, што тут пахаваны нашы родныя і блізкія людзі. Нашыя могілкі знаходзяцца ў 300 метрах, і не хацелася б, каб нас – мяне і маіх аднавяскоўцаў, калі прыйдзе час, хавалі за 30 кіламетраў. – звярнуўся ў рэдакцыю выдання адзін з мясцовых жыхароў. 

Вяскоўцы накіравалі ў раённую прэсу зварот пра пашырэнне могілак у Цішоўцы, каб тут зноў стала магчымым пахаванне памерлых. Пакуль жа, паводле заканадаўства, пахаванне магчымае толькі на ўчастках радні, пры наяўнасці дастатковага месца.

Фота з адкрытых крыніц