Жыццёвы шлях Віктара Хурсіка

Жыццёвы шлях Віктара Хурсіка – ад інжынера да Магдалены Радзівіл і гісторыі родных мясцін. 40 дзён памяці

Вынаходнік, беларускі выдавец, гісторык, перакладчык, адраджэнец і нават акупант – такім разнастайным і неардынарным уяўляецца спадчына выдатнага сына Асіповіцкага раёна праз 40 дзён пасля яго канчыны 6 студзеня. 

Віктар Хурсік нарадзіўся 9 траўня 1953 года на чыгуначнай станцыі Ўборак Асіповіцкага раёну. Вычыўся ва Ўборкаўскай, Жорнаўскай і Дараганаўскай школах. Некаторы час з бацькамі жыў у Дараганава.

Затым ён скончыў палітэхнічны тэхнікум і інстытут. Праходзіў тэрміновую службу ў Чэхаславакіі (1972-1974), якая пасля 1968-га была акупавана войскамі краін варшаўскай ваеннай дамовы. 

Пасля службы ў войску Віктар Хурсік працаваў канструктарам-механікам на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава ў Мінску. І ў часы СССР стаў аўтарам двух вынаходстваў у станкабудаванні і ўвогуле любіў праектаваць машынабудаўнічыя канструкцыі. Але не гэтым ён увайшоў у гісторыю краіны. 

Журналіст і выдавец. 

З 1980 года Віктар рэгулярна публікаваўся ў беларускай прэсе, асабліва шчыльна з 1991 па 2009 гады ён супрацоўнічаў з газетай «Звязда». Журналісцкая дзейнасць і грамадска-палітычныя змены вызначылі рэзкі разварот накірунку яго жыцці.  

У час набыцця Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе Віктар Хурсік пачаў займацца выдавецкай справай. Менавіта беларускае адраджэнне паспрыяла таму, што спачатку ён стварыў малое прадпрыемства «Арэлі», затым прыватнае выдавецтва «Пейто», а ў 2003 годзе стаў прыватным выдаўцом і выдаў больш за 350 кніг, у тым ліку 14 брашур пра вёскі Беларусі. 

Сярод аўтараў, якім паспрыяў Віктар Хурсік былі такія вядомыя асобы, як беларускі гісторык Яўген Анішчанка, пісьменніца Лідзія Арабей, паэты Іван Бурсаў, Уладзімір Някляеў, Сяргей Панізнік, пісменнік і краязнаўца Алесь Карлюкевіч, перакладчык Андрэй Каляда і іншыя.

Хурсік прызнаваўся, што адчуваў сябе шчаслівым чалавекам, бо займаўся выданнем гістарычных даследаванняў, друкаваў важныя для нацыянальнай спадчыны кнігі, якія застануцца і пасля яго.

Ураджэнец Асіповіцкага раёну быў сапраўдным пасіянарыем, арганізоўваў іншых, але і сам любіў даследаваць мінуўшчыну, у тым ліку гісторыю родных мясцін. Невыпадкова Віктар быў абраны як членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, так і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Магдалена Радзівіл

Асаблівую ролю ў жыцці Віктара Хурсіка сыграла Магдалена Радзівіл. Яна была арыстакраткай, мецэнаткай, асветніцай і вядомай дзяячкай беларускага культурнага руху напачатку 20 стагоддзя. Напрыклад, дзякуючы яе падтрымцы выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». 

Магдалена Іванаўна была адукаванейшым чалавекам свайго часу, вольна валодала рускай, беларускай, нямецкай, англійскай, польскай мовамі, а на французскай вяла перапіску. Яна кіравала родавым маёнткам Жарноўкі, і адна з яе сядзіб знаходзілася на месцы колішняй вёсцы Дуброва Асіповіцкага раёна.

Сам Віктар Хурсік казаў пра сваё гістарычнае захапленне так: “Калі я пачынаў займацца даследаваннем лёсу Магдалены Радзівіл, у Беларусі пра яе ведалі толькі асобныя знаўцы гісторыі. Я ж нарадзіўся ў яе былым маёнтку і прайсці міма яго ўладальніцы не мог. У 2001 годзе з’явілася мая першая кніжачка пра Магдалену, пазней я прысвяціў ёй шмат газетных публікацый. Потым зразумеў, што яна – маё жыццёвае наканаванне”. 

Галоўным выданнем Віктара Хурсіка можна лічыць кнігу «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл!» (2018). Над гэтым творам ён працаваў цягам 20 гадоў. Для кнігі ён знайшоў і выкарыстаў больш за 300 дакументаў з архіваў Літвы, Польшчы, Расіі і Беларусі. За гэтую кнігу аўтар атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію ў жанры публіцыстыкі.

Краязнаўца, гісторык і пісьменнік. 

Віктар Хурсік за сваё жыццё напісаў шэраг гістарычных кніг: «Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл» (2001), «Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг.» (2002), «Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства» (2006).

Пісьменніцкая дзейнасць праяўлялася і ў яго шматлікіх артыкулах на гісторыка-краязнаўчую тэматыку, якія публікаваліся ў беларускай перыёдыцы.

Таксама наш зямляк выдаў тры кнігі з асабістым перакладам з польскай мовы: «Успаміны Крыштафа Завішы ваяводы Мінскага. 1666-1721» (2011), «Маскоўская ўлада на Літве. 1863-1869» (2013), «Мінскія абразкі. 1850-1863» (2019).

Краязнаўца таксама ўдзельнічаў у стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Асіповіцкі раён». Ён дапамог Дараганаўскаму музею ў зборы архіўных матэрыялаў, паспрыяў краязнаўцу Уладзіміру Кісялёву ў выданні кнігі пра акупацыйнае жыццё Дараганава.

Хурсік стаў ініцыятарам «Магдаленаўскіх чытанняў» у Асіповіцкім раёне, якія ўпершыню прайшлі ў гонар Магдалены Радзівіл у 2017 годзе ў вёсцы Дуброва. Гэтую акцыю можна назваць фестывалем беларускай культуры: у вёсцы ладзіліся паэтычныя чытанні, гучала народная і класічная музыка, мастакі праводзілі выставы фотаздымкаў і жывапісу.

Цяпер «Магдаленаўскія чытанні» ўжо можна назваць традыцыйнымі: ва Ўборку яны ладзіліся таксама ў 2018 і 2019, у 2021-м у фармаце аўтамабільнай экскурсіі па важных мясцінах Беларусі, звязаных з мецэнаткай, а ў 2022-м – у раённым гісторыка-краязныўчым музеі ў выглядзе міні-спектаклю.

Віктар Уладзіміравіч пражыў цікавае захапляльнае жыццё, аддаваў сябе любімай справе, роднаму краю, беражліва ставіўся да беларускай гісторыі і памяці. Згадаем і мы яго добрым словам.

Фота ўзяты са старонак Хурсіка ў сацыяльных сетках.