Уяздныя знакі Хоцімска і Краснаполля няправільна пазначаюць дату заснавання горада

Уяздныя знакі Хоцімска і Краснаполля няправільна пазначаюць дату заснавання горада

На уяздных кампазіцыях абодвух райцэнтраў, якія не адрозніваюцца высокім мастацкім густам, пазначана няправільна дата заснавання мастэчак. І гэта нягледзячы на тое, што сапраўдны час заснавання Хоцімска і Краснаполля гісторыкам вядомы, але мясцовыя ўлады ігнаруюць даследаванні прафесійных даследчыкаў.  

На ўяздным знаку Хоцімска, а таксама на сайце мясцовага райвыканкама заснаванне раённага цэнтра адносяць да 1430 года. Сапраўды, доўгі час была прынята думка аб тым, што гэты населены пункт вядзе сваю гісторыю з першай паловы XV стагоддзя. 

Але гістарычныя даследаванні паказваюць абсалютна іншую карціну мінуўшчыны. Насамрэч Хоцімск быў заснаваны надзе на рубяжы XVІІ-ХVІІІ стагоддзяў, калі пасля заключэння ”вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у 1686 годзе памежная зона абедзьвух дзяржаў перастае быць тэрыторыяй ваенных канфліктаў і пачынае актыўна асвойвацца.

Нягледзячы на тое, што гісторыкі знайшлі матэрыялы пра сапраўдны час заснавання мястэчка, на ўяздным знаку Хоцімска дагэтуль пазначаецца няправільная дата. І гэта нягледзячы на тое, што вясной гэтага года на мясцовым узроўні зацыкліліся на ўяздных знаках: іх актыўна фарбавалі і нават абвясцілі конкурс на стварэнне новай кампазіцыі знака, пра што пісалі mogilev.media.  

У Краснаполлі таксама карціна падобная. На галоўным уяздным знаку пазначана дата заснавання мастэчка 1707 год. На сённяшні дзень існуе некалькі варыянтаў аднаго падання, што Краснаполле нібыта ўзнікла недзе падчас руска-шведскай вайны (1700–1721) і звязаваюцца з ваеннымі падзеямі, якія адбываліся на ўсходзе Рэчы Паспалітай. 

Адпаведна такім жа чынам тлумачыцца і назва горада. Сённяшні райцэнтр атрымаў сваю назву нібыта ад жорсткіх баёў паміж шведамі і рускімі войскамі, маючы пад увагай колер зямлі ад пралітай крыві, хаця, між іншым, гісторыя не ведае пра якія-небудзь баі паміж рускімі і шведскімі войскамі на левабярэжжы Сожа (дзе знаходзіцца райцэнтр Краснаполле). 

Насамрэч Краснаполле было заснавана ў 10–20-х гадах XVIII стагоддзя і звязана не з падзеямі Паўночнай вайны на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, а з магутным працэсам асваення памежжа Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы, які распачаўся на пачатку XVIII стагоддзя. 

Фота з адкрытых крыніц