У Мікалаеўскай вобласці ліквідавана ўжо 13 500 боепрыпасаў

У Мікалаеўскай вобласці ліквідавана ўжо 13 500 боепрыпасаў, але гэта толькі кропля

На Мікалаеўшчыне піратэхнікі ўпраўлення надзвычайных сітуацый па стане на 4 красавіка знішчылі больш за 13 500 боепрыпасаў – паведамляе news.pn. Але,  гэта толькі невялікая частка ад таго, чым нашпігавана зямля з-за ўзброенай агрэсіі Расіі.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Прадстаўнік ўпраўлення надзвычайных сітуацый кажа, што Украіна “з-за ўварвання расійскіх войскаў, апынулася ў лідэрах па забруджванні тэрыторый выбухованебяспечнымі прадметамі. Рознакаліберныя боепрыпасы, сярод якіх касетныя элементы, супрацьпяхотныя, супрацьтанкавыя міны, рэшткі бомб і ракет раскіданыя паўсюль… размініраванне праходзіць метр за метрам…– гэта цяжкая і карпатлівая праца, якая патрабуе шмат часу”.

Вялікая плошча сельскагаспадарчых угоддзяў, якія прызначаны пад засеў, застаецца ў вобласці непрыдатнай з-за выбухованебяспечных прадметаў.

На тэрыторыі вобласці працуе 20 піратэхнічных разлікаў з розных абласцей. Сапёры размініруюць аб’екты крытычнай інфраструктуры, эканомікі і суб’ектаў гаспадарання, працуюць у жылых кварталах, абследуюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

“Улічваючы тое, што пасля мінулых войнаў да гэтага часу знаходзяць састарэлыя боепрыпасы, а прайшло ўжо шмат гадоў, можна толькі ўявіць колькі часу спатрэбіцца, каб прывесці ў бяспечны стан тэрыторыі нашай дзяржавы пасля баявых дзеянняў сучаснасці” – кажуць сапёры.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».