У Крычаве ўсталявалі новы памятны знак з нагоды 100-годдзя чыгуначнай станцыі

У Крычаве ўсталявалі новы памятны знак з нагоды 100-годдзя чыгуначнай станцыі

Памятны знак да стагоддзя станцыі Крычаў урачыста адкрылі 8 снежня ля будынку станцыі. Але парадокс у тым, што чыгунка ў Крычаве з’явілася раней. 

Спачатку ўсіх прысутных ганаровых гасцей, работнікаў і ветэранаў прывітаў паравоз, які прайшоў па дарозе і даў некалькі ўрачыстых гудкоў. 

Пасля адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага каменя, на які прымацавана невялікая жалезная шыльдачка з тлумачальным надпісам. Чырвоную стужку на адкрыцці перарэзалі першы намеснік начальніка магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі Алег Болбас, начальнік станцыі Крычаў І Сяргей Скачкоў, ветэран працы і ганаровы чыгуначнік Ірына Курачкіна. Апошняя між іншым яшчэ і прамаўляла на публіку, дзелялася сваімі ўспамінамі пра працу, і давала параду сённяшнім супрацоўнікам крычаўскай чыгункі паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Ад рэдакцыі. Сапраўды афіцыйным адкрыццём крычаўскай чыгуначнай станцыі лічыцца 1923 год, аднак першы рабочы цягнік у горад прыбыў яшчэ ў 1921 годзе. Гэта значыць, што ў гэты час чыгуначныя шляхі ў горадзе ўжо былі. Больш за тое, першы здымак драўлянага чыгуначнага вакзала Крычава датуецца 1922 годам, пра што пісалі mogilev.media.

Пагэтаму ўзнікаюць пытанні наконт гістарычнай правільнасці гэтага памятнага знака, бо магчыма 100-годдзе чыгуначнай станцыі Крычава трэба было адзначаць на адзін ці два гады раней.  

Фота “Крычаўскае жыццё”, з адкрытых крыніц.