У Кіраўску за набыццё 193 грамаў мефедрона для сябе магілёвец атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 4500 рублёў.
27-гадовы жыхар Магілёва спрабаваў пераканаць суд, што амаль дзвесце грамаў мефедрона ён выпадкова знайшоў у лесе і пакінуў выключна для ўласнага ўжывання. Суд у гэтую гісторыю не паверыў і палічыў яго ўдзельнікам арганізаванай групы, якая займалася распаўсюджваннем псіхатропаў праз інтэрнэт.
Паводле матэрыялаў справы, мужчына далучыўся да дзейнасці наркакрамы ў якасці так званага закладчыка. Не пазней за 29 снежня 2025 года ён атрымаў больш за 193 грамы мефедрона, пасля чаго на маршрутцы выехаў з Магілёва ў Бабруйск.
У Кіраўску маршрутны аўтобус спынілі супрацоўнікі міліцыі, якія, як сцвярджаецца, загадзя валодалі інфармацыяй пра перавозку забароненых рэчываў. Падчас асабістага надгляду ў мужчыны знайшлі 41 скрутак з мефедронам.
На судзе абвінавачаны сваёй віны не прызнаў. Ён настойваў, што ніякіх адносін да інтэрнэт-крамы не меў, а пакет з псіхатропам выпадкова знайшоў у лясным масіве і пакінуў сабе толькі для асабістага ўжывання.
Аднак, паводле суда, гэтай версіі супярэчылі іншыя доказы. У мабільным тэлефоне магілёўца следчыя выявілі праграмы, якімі, паводле іх версіі, карыстаюцца ўдзельнікі наркамаркетаў, фотаздымкі тайнікоў з геаграфічнымі каардынатамі, а таксама перапіску з іншымі ўдзельнікамі арганізаванай групы. У сукупнасці са сведчаннямі іншых асоб гэта дазволіла суду зрабіць выснову, што мужчына займаўся раскладкай псіхатропаў.
Суд Кіраўскага раёна прызначыў яму 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, асуджаны павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (4500 рублёў).
У даход дзяржавы канфіскавалі і мабільны тэлефон, які следства палічыла адным з інструментаў здзяйснення злачынства.
Магілёвец паспрабаваў абскардзіць прысуд, але Магілёўскі абласны суд не знайшоў падстаў яго змяняць. Апеляцыйную скаргу пакінулі без задавальнення, і прысуд уступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
