Кіраўніка касцюковіцкага сельгаспрадпрыемства аштрафавалі за невыплату 250 тысяч заробку

Толькі пасля ўмяшання касцюковіцкай пракуратуры 159 работнікаў сельгаспрадпрыемства атрымалі заробак за травень 2026 года.

Пракуратура выявіла, што перад супрацоўнікамі ўтварылася запазычанасць па заработнай плаце на суму больш за 247 тыс. рублёў. Пракурор Касцюковіцкага раёна вынес кіраўніку прадпрыемства прадпісанне з патрабаваннем неадкладна выплаціць грошы. Адначасова матэрыялы былі накіраваныя ў Дзяржаўную інспекцыю працы для прыцягнення службовай асобы да адміністрацыйнай адказнасці.

Пасля ўмяшання нагляднага ведамства прадпрыемства выплаціла работнікам усю запазычанасць. Правы супрацоўнікаў, як паведамляецца, былі адноўлены ў поўным аб’ёме.

Кіраўнік гаспадаркі атрымаў адміністрацыйнае пакаранне – штраф у памеры 30 базавых велічынь, або 1350 рублёў.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура РБ