Актывіст паказаў, як у Магілёўскім гарвыканкаме мухлююць са зваротамі грамадзян

Сітуацыя, калі магілёўскія дзяржаўныя органы не выконваюць устаноўлены рэгламент пры прыёме і рэгістрацыі зваротаў грамадзян, на жаль, застаецца актуальнай. Аўтар Тэлеграм-канала “Блог гарадскога актывіста з Магілёва” наглядна паказаў, як у гарвыканкаме падтасоўваюць даныя.

Што патрабуе закон

Згодна з пунктам 5 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 г. № 1786 «Аб парадку вядзення справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», існуюць дакладныя тэрміны рэгістрацыі зваротаў:

  • калі зварот пададзены ў працоўны час у будні дзень – яго павінны зарэгістраваць у гэты ж дзень; 
  • калі зварот пададзены па-за працоўным часам або ў выхадны – рэгістрацыя павінна адбыцца на наступны працоўны дзень.

Гэтыя правілы прызначаныя для таго, каб абараніць правы грамадзян і забяспечыць празрыстасць працы дзяржаўных структур.

Як гэта адбываецца на практыцы

На прыкладзе зварота магілёўскага актывіста, які ён выклаў у сваім блогу, бачна, што зварот быў пададзены 9 верасня, але паведамленне аб яго рэгістрацыі прыйшло толькі 17 верасня, праз восем дзён.

Пры гэтым у картцы звароту пазначана дата рэгістрацыі – 09.09.2025. Такое «супадзенне» выклікае пытанні, бо выглядае, што супрацоўнікі арганізацыі маглі свядома падкарэктаваць дату, каб схаваць парушэнне тэрмінаў.

Обращения граждан Могилев
Могилев горисполком обращения граждан

Што рабіць грамадзянам

Калі вы сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, варта:

  • звярнуць увагу на паведамленні ў асабістым кабінеце ці на пошце; 
  • праверыць, ці супадаюць даты падачы і рэгістрацыі; 
  • пры выяўленні парушэнняў – падаць скаргу ў вышэйстаячы орган. 

У гэтым выпадку скарга ўжо была накіравана яшчэ да фактычнай рэгістрацыі звароту. Цяпер застаецца чакаць адказу.

Замест высновы

Права на зварот – адна з асноўных гарантый для грамадзян. Калі чыноўнікі парушаюць устаноўлены парадак, гэта падрывае давер да дзяржаўных інстытутаў. Таму адстойваць свае правы неабходна нават у, здавалася б, «дробязях».