У прыгарадзе Магілёва будаўнікі пашкодзілі газавую трубу. Дзясяткі дамоў засталіся без газу

Зранку прыпынена падача газу ў мікрараён шматпавярховых дамоў аграгарадка Палыкавічы. Цяпер ідуць аварыйныя работы.

Прычына аварыі: будаўнікі, якія пракладалі каналізацыйныя сеткі. У выніку пашкоджана магістральная труба. Аварыйная служба часова нават перакрывала дарогу да аграгарадка.

Газ адключаны ў 8 пяціпавярхоўках і некалькіх дзясятках катэджаў на вуліцах Сяргеева, Завадская, Прыгарадная і Першамайская.

«Адно будуюць, другое ламаюць, – пракаментуе здарэнне мясцовы жыхар. – Снайперы! Яны ж яшчэ ні разу не прамазалі. Кожным разам штосьці парвуць: не тэлефон так газавую трубу. У мяне ў машыне газавы балон і плітка, неяк перазімую».

Больш песімістычна настроена была бабуля: «Газу няма. Я пайшла за запалкамі ў ХІТ. А цяпер думаю, нашто мне яны, калі газу ж няма. І калі ж яго дадуць? Мне ж унука і дзеда карміць трэба!»

Газ абяцаюць уключыць пад вечар. Але трэба праверыць паветраныя пробкі. Апытаць жыхароў, ці няма ўцечкі.

Веры ў абяцанне газаўшчыкоў у тутэйшых няма. Так, саркастычна ацаніла сітуацыю яшчэ адна суразмоўніца: «Кажаце ўвечары будзе газ. А ўвечары гэтага месяца ці наступнага? Штосьці я сумняваюся. Рабочыя больш цыгарэты паляць чым працуюць. Вунь паглядзіце».

Сапраўды, работы ідуць няспешна, але ж ідуць.