У паліклініках горада велізарныя чэргі – паведамляюць нашы чытачы.
А вось афіцыйныя крыніцы сцвярджаюць пра зніжэнне захворваемасці. Так, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Булай паведаміла:
– У Магілёўскай вобласці працягваюць рэгістраваццца лабараторна пацверджаныя выпадкі COVID-19 і грыпу H1N1. Сезонны рост захворваемасці на вострарэспіраторныя вірусныя інфекцыі назіраецца ў вобласці, але за апошні тыдзень адзначана зніжэнне тэмпаў прыросту захворваемасці.
Вірус грыпу H1N1 мае некаторыя асаблівасці – адзначае Ала Булай. Яна звяртае ўвагу на такую характарыстыку, як здольнасць хуткага распаўсюджвання, акрамя таго, ёсць кантынгенты, якія найбольш схільныя да захворвання – гэта дзеці розных узроставых груп, але асабліва малодшага ўзросту; асобы 60 гадоў і старэйшыя, людзі з хранічнымі захворваннямі.
Што да вакцыны супраць грыпа, то ў гэтым сезоне даступны ў магілёўскіх паліклініках прэпарат уключае ў сябе штам H1N1 і вірус грыпу А і В.
Наш каментар. На жаль Ала Булай не прывяла статыстыку па каронавірусу і грыпу ў Магілёўскай вобласці. Нам вядома толькі бягучая статыстыка па каранавірусе па краіне ў цэлым на 24 снежня 2022 года.
Па колькасці заражэнняў 994037 (10,5% насельніцтва) каронавірусам Беларусь займае 74-75 радкі ў сусветным рэйтынгу захворваемасці. У свеце ахоп хворымі крыху ніжэйшы за нацыянальны паказчык – каля 9% зямлян. У Беларусі смяротных выпадкаў па каронавірусу 7118 (0,7%), у свеце – 8,6%
Трэба прызнаць, што беларускія лічбы вельмі прыкладныя, бо ў цяперашні час, на працягу паўгода, урадавыя арганізацыі не падаюць афіцыйную інфармацыю аб колькасці асоб, якія захварэлі, выздаравелі, памерлі ад COVID-19 на працягу сутак.
Наша даведка. Тым часам, у свеце агульная колькасць пацверджаных выпадкаў захворвання каранавірусам расце: 17 снежня яна склала лічбу 647,9 мільёнаў чалавек, пра што паведамляла Сусветная арганізацыі аховы здароўя, у суткі назіраўся прырост амаль на 800 000 чалавек. Але за тыдзень сітуацыя крыху палепшылася і на 24 снежня сутачны прырост знізіўся да 750 000. Зараз на планеце хворых на COVID-19 661 мільён. На сёння ад інфекцыі памерла ўжо каля 6,7 мільёнаў чалавек.