Пляцоўку для вулічнага варкаўта адкрылі на вуліцы Ціміразеўскай у Магілёве

Першы спартыўна-гульнявы ​​кластар “Street Workout” акрылі на базе Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Пляцоўка для заняткаў вулічнай гімнастыкай пабудавана ў рамках рэалізацыі праекта Банка развіцця па будаўніцтве спартыўна-гульнявых кластараў для падтрымкі агульнадаступнага спорту і актыўнага ладу жыцця жыхароў горада. Банк аказаў бязвыплатную дапамогу ў яе стварэнні, паведаміў mycity.by

У інфраструктуры новага аб’екта – спартыўная пляцоўка з бясшвовым палімерным пакрыццём, сучасныя спартыўныя трэнажоры, гульнявы ​​блок «Урбанбол» і пляцоўка для гульні ў стрытбол.


Вулічны варкаут (Street Workout) – гэта моладзевы кірунак у спорце, аматарскія трэніроўкі на брусах, турніках, рукаходах, шведскіх сценках з уласнай вагой. Яго філасофія ў тым, каб кожны чалавек мог займацца атлетыкай, самавыяўляцца, прыдумляць цікавыя і бяспечныя трэніроўкі, паляпшаючы сваё здароўе.


Банк развіцця па рашэнню Урада Беларусі накіроўвае частку прыбытку на стварэнне інфраструктуры для масавых заняткаў спортам. Такія вулічныя пляцоўкі забяспечваюць умовы для актыўнага ладу жыцця людзей, дазваляюць грамадзянам краіны карысна бавіць вольны час.

Пакуль у Магілёве, у рамках праекта Банка развіцця, будуць усталяваны дзве пляцоўкі для заняткаў вулічнай гімнастыкай. На другой пляцоўцы, каля сярэдняй школы №25, ужо вядзецца мантаж абсталявання. А ў Магілёўскай вобласці сёлета плануецца пабудаваць яшчэ дзве такія спартыўныя пляцоўкі – завяршаюцца працы па іх абсталяванні ў Бабруйску і Асіповічах.

На пляцоўцы можна будзе праводзіць падрыхтоўчую частку вучэбна-трэніровачнага працэсу для спартсменаў-навучэнцаў вучылішча алімпійскага рэзерву па любому з 21 відаў спорту, якія там культывуюцца. 

На адкрыцці жыхарам Магілёва паабяцалі вольны доступ для заняткаў на пляцоўцы. Засмучае толькі яе месцазнаходжанне за плотам вучэльні. Хочацца верыць, што гэта будзе сапраўдны Street Workout, што доступ гарадской моладзі не будзе штучна абмяжоўвацца.