Па Беларусі зноў пойдуць расійскія войскі?

Інсайды паказваюць, што беларускую чыгунку могуць рыхтаваць да прыёму ваенных эшэлонаў з РФ. Адначасова чыгуначнікаў прымушаюць падпісваць дакументы аб неразгалошванні інфармацыі.

На некаторых рэсурсах паведамляецца, што ў Беларусі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы чыгуначнай інфраструктуры. 

Так, напрыклад,  з прыцягненнем службовых асоб аддзяленняў беларускай чыгункі і камендатур ВОСО (служба ваенных паведамленняў узброеных сілаў РФ) ажыццяўляецца праверка месцаў пагрузкі-выгрузкі на чыгуначных станцыях. Праводзіцца рамонт пагрузачна-выгрузных платформ, а таксама падрыхтоўка аўтамабільных падыходаў да пагрузачна-выгрузных месцаў на станцыях.

Таксама паведамляецца, што ідзе рраспрацоўка графікаў руху воінскіх эшалонаў па беларускай чыгунцы.

Адначасова ў сеціве паяўляюцца фотаздымкі ўнутранай дакументацыі, якая рассылаецца ў структуры беларускай чыгункі. Дакументы патрабуюць у тэрмін да 30 верасня ўзяць з усіх работнікаў, у тым ліку з кіраўнікоў, абавязацельства аб неразгалошванні службовай інфармацыі канфідэнцыйнага характару.

Усе гэтыя дзеянні могуць указваць на падрыхтоўку да прыёму воінскіх эшалонаў з РФ.

Паведамляецца, што для руху эшалонаў могуць выкарыстоўвацца наступныя чыгуначныя памежныя пераходы:

  • Краснае (Расія) – Асінаўка (Беларусь).
  • Злынка (Расія) – Закопытье (Беларусь).
  • Заверажжа (Расія) – Езярышча (Беларусь).

Калі гэта так і будзе, па чыгуначных шляхах Магілёўшчыны зноўку могуць пайсці эшэлоны расійскай арміі, што атакуюць Украіну.

На акупаваных тэрыторыях Украіны стартавалі “рэферэндумы” пра далучэнне да Расіі. У Мелітопалі прагучаў выбух

Выбарчыя ўчасткі ў першыя чатыры дні галасавання не працуюць, расійскія арганізатары разносяць бюлетэні па дамах украінцаў.

“Галасаванне” праходзяць у самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама на тэрыторыях Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны, занятых расійскімі войскамі. Так званыя выбарчыя камісіі пачалі працаваць з 8:00 па маскоўскім часе. Мерапрыемства будзе працягвацца пяць дзён – першыя дні яно запланаванае ў фармаце падамавога абходу выбарцаў. 27 верасня выбарчыя ўчасткі будуць працаваць у ДНР з 8:00 да 20:00, а на астатніх тэрыторыях, для якіх гэта яшчэ будзе актуальна – з 8:00 да 16:00. 

У першы ж дзень “рэферэндума” ў Мелітопалі Запарожскай вобласці (акупаваны з 1 сакавіка 2022 года) пралунаў выбух – паведаміў гарадскі галава Іван Фёдараў у сваім Тэлеграм-канале.  

– Людзі баяцца выходзіць з дому. – пракаментаваў гэтую навіну Фёдараў – І страх гэты на руку акупантам – у першы дзень хатняга “галасаванья” на псэўдарэфэрэндуме ім трэба, каб усе сядзелі ціха дома.

У ДНР і ЛНР на “галасаванне” вынеслі на пытанне, ці падтрымліваюць мясцовыя жыхары “ўваходжанне рэспублікі ў склад Расіі на правах суб’екта РФ”. У Запарожскай і Херсонскай абласцях у бюлетэнях змяшчаецца такое пытанне: “Вы за выхад вобласці са складу Украіны, утварэнне вобласцю самастойнай дзяржавы і ўваходжанне яе ў склад Расійскай Федэрацыі на правах суб’екта Расійскай Федэрацыі?”.

Фота: ТАСС

Камандзіры абаронцаў “Азоўсталі” вызвалены з расійскага палону

У Турцыі сёння ноччу абмянялі 215 украінскіх ваенных – на Віктара Мядведчука і 55 расійскіх палонных.

Начны абмен адбываўся пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, а таксама наследнага прынца Саўдаўскай Аравіі Мухамеда бен Салмана. З расійскага палону былі вызваленыя пяць легендарных камандзіраў Збройных сілаў Украіны, што амаль тры месяцы абаранялі Марыўпаль і завод “Азоўсталь” вясной 2022 года – паведамляе агенцтва Unian. Гэта Дзяніс “Рэдзіс” Пракапенка, Святаслаў “Каліна” Панамар, Алег Хаменка, Сяргей “Валына” Валынскі, і Дзяніс Шлега.

Усяго з палону ўдалося абмяняць 118 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны, 10 замежных грамадзян, якія былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ў самаабвешчанай ДНР, а таксама па 9 памежнікаў і паліцэйскіх. Сярод вызваленых украінскіх ваенных былі і тыя, хто перажыў тэрарыстычны акт у лагеры для ваеннапалонных у Яленаўцы – падкрэсліў у сваім відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Наўзамен украінскі бок перадаў расійскаму палітыка Віктара Мядведчука, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама 55 вайскоўцаў РФ.

H&M сыдзе з Беларусі, распрадаўшы рэшткі тавару

H&M (Hennes & Mauritz) – шведская кампанія з найбуйнейшай у Еўропе раздробнай сеткай продажу адзення. Яе крамы ў Беларусі закрыліся ў сакавіку. Пазней планавалася, што гандаль адновіцца ў жніўні.

16 верасня з’явіліся інфармацыя аб адкрыцці крамаў 19 верасня. У каментары аднаму з незалежных інтэрнэт-выданняў у прэс-службе кампаніі адзначылі, што продаж сапраўды адновіцца, але ненадоўга.

«Мы часова зноў адкрыем нашы тры крамы для продажу пакінутых тавараў і будзем трымаць іх адкрытымі на працягу абмежаванага перыяду часу», – давялі ў прэс-службе.

Сетка H&M прыйшла ў Беларусь тры гады таму. У Беларусі тры яе крамы H&M. Два ў Мінску – і адзін у Гродне.

З пачатку вайны ва Ўкраіне больш за 130 кампаній і сэрвісаў спынілі ці абмежавалі працу ў Беларусі. Сярод іх такія вядомыя кампаніі і сэрвісы, як Henkel, Bolt, ІКЕА, JYSK, Adobe, Intel, Airbnb, Booking, Cisco, DHL Express І многія іншыя.

У Еўропе з аўкцыёну прадалі канфіскаваную праз вайну ва Ўкраіне яхту расійскага мільярдэра

Яхту мільярдэра Дзмітрыя Пумпянскага прадалі на першым публічным аўкцыёне канфіскаванага актыву з пачатку вайны ва Украіне.

Аўкцыён праходзіў у Гібралтары, які належыць Вялікай Брытаніі. Уварванне Расіі ва Украіну прымусіла ўлады краіны замарозіць раскошныя судны ў партах па ўсім свеце.

Пяціпалубная 72-метровая яхта Axioma – плывучы палац з пейзажным басейнам і 3D-кінатэатрам, была канфіскаваная ў сакавіку на брытанскай тэрыторыі ў Міжземным моры.

Яе выставілі на продаж пасля таго, як адна з кампаніяў запатрабавала вярнуць пазыку ў 20,5 мільёна еўра, прывязаную да судна.

Кошт і імя пераможцы аўкцыёну застаюцца канфідэнцыйныя, іх апублікуюць праз 2 тыдні.

Як вынікае з публікацыі выдання Bloomberg, продаж яхты выклікаў жывы інтарэс у патэнцыйных яе пакупнікоў. Ён прыцягнуў 63 стаўкі.

Санкцыі супраць Пумпянскага Еўрасаюз увёў 10 сакавіка, а праз пяць дзён – Вялікая Брытанія. Падставай для гэтага стала тое, што яго Трубная Металургічная Кампанія супрацоўнічае з расійскімі ўладамі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі. 24 лютага, у дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну Дзмітрый Пумпянскі разам з іншымі бізнесменамі сустракаўся з Пуціным.

Пумпянскі, маёмасць якога ацэнваецца ў 2,1 мільярда долараў, як і іншыя алігархі, спрабаваў рэструктурызаваць свае ключавыя актывы. Ён пазбавіўся сваёй долі ў кампаніі, якая з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам стальных труб у Расеі, і выйшаў з рады дырэктараў.

фота: bwbx.io

Фінскі ўладальнік «Лідскага піва» распрадае беларускія актывы

Фінская кампанія Olvi асудзіла вайну ва Ўкраіне і заявіла ў сакавіку, што ўжо спыніла экспарт прадукцыі ў Расію і Беларусь. Тады ж пачала працэс сыходу з беларускага рынку і спыніла інвестыцыі ў Беларусь.

Кампаніі належаць 96,36% акцыяў «Лідскага піва» і цягам бліжэйшага году яна наважаная прадаць беларускія актывы. Пры гэтым прызнае, што страта паспяховага беларускага бізнесу моцна ўдарыць па яе фінансавых паказчыках, аднак збіраецца давесці прынятае ў сакавіку рашэнне да канца.

У піваварным холдынгу лічаць, што ажыццяўленню плана не павінна перашкодзіць чэрвеньская забарона беларускіх уладаў на адчужэнне доляў айчынных прадпрыемстваў, якімі валодаюць уласнікі з «недружалюбных» краін, піша рэсурс MyFin.

Кампанія звяртае ўвагу на тое, што для завяршэння гэтага працэсу патрабуюцца асобныя дазволы ад мясцовых улад і беларускага антыманапольнага рэгулятара, пры гэтым улады маюць пераважнае права набыцця кампаніі.

Холдынг ужо пачаў шукаць магчымага пакупніка і весці перамовы аб адчужэнні бізнесу.

«Нягледзячы на новыя абмежаванні, кіраўніцтва кампаніі мяркуе, грунтуючыся на даступнай у дадзены момант інфармацыі і праведзеных з мясцовымі ўладамі перамовах, што продаж актываў магчыма ажыццявіць у адпаведнасці з папярэдне вызначаным 12-месячным тэрмінам» – пазначана ў фінансавай справаздачы кампаніі за сёлетнія студзень-чэрвень, на якую спасылаецца рэсурс Myfin.

Ілья Карнавухаў з Дрыбіна пабіў нацыянальны рэкорд па бегу і мог бы прэтэндаваць на месца ў дзясятцы на Алімпійскіх гульнях

Вынік, паказаны спартсменам, мог бы даць яму магчымасць увайсці ў топ-10 бегуноў, калі б ён паказаў яго на мінулых Алімпійскіх гульнях, у Токіа. 

Паказаць жа дастойны вынік на міжнародных спаборніцтвах Ілья Карнавухаў наўрад ці зможа бліжэйшым часам – беларускіх спартсменаў не хочуць бачыць на сусветных форумах з-за саўдзелу нашай краіны ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Ілья Карнавухаў спецыялізуецца на сярэдняй дыстанцыі ў 1 500 метраў. Папярэдні нацыянальны рэкорд на гэтай дыстанцыі трымаўся 30 гадоў, належаў Азату Ракіпаву і складаў 3 хвіліны, 36 секунд і 16 сотых секунды. Паказчык Карнавухава – 3:35,95 што хутчэй на 21 сотую секунды. 

Для параўнання – нарвежац Якаб Інгебрытсэн на Алімпійскіх гульнях у Токіа паказаў алімпійскі рэкорд з хуткасцю 3:28,32.

«Галоўнае для мяне, як для любога спартоўца, – біць асабістыя рэкорды. – расказваў Ілья дрыбінскай раёнцы «Савецкая вёска» – Думаю, што мяжы яшчэ не дасягнуў. І дзе яна – гэта цікава».

Сёлета на спаборніцтвах World Athletics Indoor Tour – Czech Indoor Gala Ostrava 2022 у чэшскай Астраве спартсмен ужо пабіў нацыянальны рэкорд на тую ж адлегласць для закрытых памяшканняў.

Ілья Карнавухаў – выпускнік Магілёўскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявым відам спорту, цяпер студэнт «Беларуска-Расійскага універсітэта».

фота з рэсурсу: dribin.by

 

«Улічваючы непрадказальную будучыню» кампанія H&M Group згортвае бізнес у Расіі

Шведская кампанія з найбуйнейшай у Еўропе сеткай раздробнага гандлю адзежы прыпыніла дзейнасць у Расіі 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасля пачатку вайны ва Ўкраіне. Тады такі крок называўся часовым.

Цяпер жа на сайце кампаніі адзначана, што яна «вырашыла пачаць працэс згортвання бізнесу», «улічваючы бягучыя аперацыйныя праблемы і непрадказальную будучыню».

«Пасля ўважлівага аналізу мы лічым немагчымым з улікам бягучай сітуацыі працягваць наш бізнес у Расіі. Мы глыбока засмучаныя тым, што гэта паўплывае на нашых калег, і вельмі ўдзячныя за ўсю іх цяжкую працу і самаадданасць. Акрамя таго, мы хочам падзякаваць нашым кліентам за іх падтрымку на працягу многіх гадоў», – паведаміла генеральны дырэктар H&M Group Хелена Хельмерсан.

У рамках працэсу згортвання плануецца часова аднавіць працу крамаў на абмежаваны перыяд часу для продажу запасаў прадукцыі ў Расіі.

Расія для H&M Group – 6 па велічыні рынкам. Яе крамы з’явіліся тут у 2009 годзе. Усяго іх было 170. Сыход з расійскага рынку абыдзецца кампаніі ў 190 мільёнаў долараў стратаў.

фота: yandex.net