Агульныя страты расійскай арміі перавысілі 200 000 чалавек – заяўляе украінскі Генштаб

За суткі сілы абароны Украіны знішчыла каля 610 расейскіх акупантаў, збілі 9 крылатых ракет, паразілі 16 артылерыйскіх сістэм праціўніка – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Генштаба Украіны. Усяго агульныя страты РФ па падліках украінскага боку перавысілі 200 тысяч чалавек і складаюць 200 590 чалавек.

Фота: АР

“Гістарычная ноч” – украінцы збілі ўсе “Кінжалы” ў небе над Кіевам

Начная атака на Кіеў, здзейсненая каля 04:00 раніцы 16 мая расійскімі войскамі, выявіла нечуваную раней здольнасць украінскіх сілаў супрацьпаветранай абароны збіваць любыя ракеты ворага.

“Выключная па сваёй шчыльнасці” атака, пра якую пісалі mogilev.media праводзілася з выкарыстаннем розных відаў боепрыпасаў з розных накірункаў у кароткі прамежак часу.

Сярод паведамленняў пра збітыя ракеты нечаканай стала інфармацыя пра знішчэнне ўсіх шасці з выпушчаных ракет тыпу “Кінжал”. Украінскі аналітык, эксперт і дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц ужо аб’явіў гэты выпадак гістарычным, піша Unian:

– Сёння адбылася гістарычная ноч, таму што вораг спрабаваў выкарыстаць усе хітрасці і магчымасці, каб прадушыць нашу СПА. Яшчэ не было такога, каб у адным паветраным нападзе выкарыстоўвалася 6 ці больш “Кінжалаў”. Размова ідзе аб 18 ракетах, з іх 6 “Кінжалаў”.

“Кінжал” заяўляўся прадстаўнікамі расійскіх ваенных ведамстваў як гіпергукавая ракета, якую немагчыма збіць. Яна здольная несці ядзерны боезарад. У адрозненне ад расійскіх, заходнія эксперты выказваюць меркаванне, што да ліку гіпергукавых ракет “Кінжал” адносіць нельга. Эксперт у галіне ядзернага нераспаўсюджвання Джэфры Льюіс адзначае што “Кінжал” больш карэктна называць балістычнай ракетай паветранага базавання, заявіўшы што “ён гіпергукавы толькі ў тым сэнсе, што амаль усе балістычныя ракеты гіпергукавыя”.

Тым не менш, да вайны ва Украіне лічылася, што такая цэль, як “Кінжал” з-за выкарыстання ёй балістычнай траекторыі а таксама з-за высокай хуткасці палёту практычна немагчыма выявіць і збіць у паветры. Выкарыстанне украінскімі вайскоўцамі комплексу супрацьпаветранай абароны Patriot выявіла здольнасць абраніцца нават ад падобнай звышнебяспечнай зброі.

На фота – бамбардзіроўшчыкі МіГ-31К з ракетамі “Кінжал”. Фота з адкрытых крыніц.

Расія здзейсніла “выключную па сваёй шчыльнасці” начную атаку на Кіеў

У ноч на 16 траўня расійскія войскі ажыццявілі чарговы масавы абстрэл сталіцы Украіны. Атака праводзілася рознымі відамі боепрыпасаў з розных накірункаў і стала самай шчыльнай за ўвсеь час вайны па колькасці зарадаў, выпушчаных адначасова за кароткі прамежак часу – напісаў у сваім Тэлеграм-канале начальнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.

Па папярэдняй інфармацыі начальніка КГВА, пераважная большасць варожых цэляў у паветранай прасторы Кіева была выяўлена і знішчана.

“Вораг здзейсніў комплексную атаку з розных напрамкаў адначасова з прымяненнем БПЛА, крылатых ракет і, верагодна, ракет балістычнага тыпу. Яна была выключнай па сваёй шчыльнасці” – заявіў Папко.

Мэр Кіева Віталь Клічко пацвердзіў выбухі ў сталіцы, піша агенцтва Unian.

“Некалькі – у Саломенскага раёне. А ў Шаўчэнкаўскі, на тэрыторыю заапарка, ўпалі абломкі ракеты. Усе службы накіроўваюцца на месцы. Падрабязнасці – пасля” – заявіў ён.

Паводле папярэдняй інфармацыі, усяго Кіеў атакавалі 18 ракет і БПЛА, усе 18 былі збітыя.

Заяўляецца, што Кіеў атакавалі 6 “Кінжалаў”, 9 “Калібраў” і тры ракеты наземнага базавання (С-400, “Іскандэр-М”). Таксама збіта 9 БПЛА.

Фота: Reuters/Gleb Garanich

Украінскія войскі атрымалі першы поспех пад Бахмутам – генерал Сырскі

Камандуючы Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі назваў першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута.

“Прасоўванне нашых войскаў на Бахмуцкім напрамку – гэта першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута. – заявіў Сырскі – Апошнія некалькі дзён паказалі, што мы можам рухацца наперад і знішчаць ворага нават у такіх звышскладаных умовах.”

Таксама Сырскі зазначыў, што Украіна ваюе меншым рэсурсам, чым вораг. Разам з тым, украінцам удаецца разбураць планы расійскіх акупантаў.

“Зрэшты, гэта толькі частковы поспех. І менавіта так яго трэба ўспрымаць. Аперацыя па абароне Бахмута працягваецца” – прыводзіць словы камандуючага агенцтва Unian.

У сваім штодзённым дакладзе аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што расійскім акупантам не ўдалося дабіцца ніякіх прасоўванняў у Бахмуце.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія сілы правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў самім Бахмуце, за 9 кіламетраў на паўночны захад ад Бахмута ў раёне Грыгараўкі, Багданаўкі і Хромавага а таксама за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута ў раёне Белай Гары і Прадцечына.

Ваенны аналітык Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што пад Бахмутам украінская армія пачала браць расіян у клешчы. 

“Для таго, каб зразумець, што адбываецца пад Бахмутам, трэба паглядзець на карту, на якой ясна бачна, што ўзброеныя сілы Украіны рухаюцца, пачынаюць сціскаць абцугі вакол такга “языка”, які накіраваны ў бок Іваноўскага. Гэта населены пункт на паўднёвы захад ад Бахмута і там ёсць такі “язык”, занятая расійскімі войскамі, і там пачынаюць сціскаць “абцугі”. ВСУ падразаюць з поўначы і з поўдня” – прыводзіць словы аналітыка Unian.

На сайце DeepStateMap прадэманстраваная дынаміка баёў пад Бахмутам (на фота). Сінім колерам выдзеленыя тэрыторыі, адваяваныя ўкраінскімі войскамі за апошнія некалькі дзён.

Фота: “Украінская праўда”.

Пад Бранскам была збіта расійская авіягрупа, якая атакавала Украіну – падрабязнасці

Днём 13 мая ў ваколіцах горада Клінцы Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты Мі-8, а таксама самалёты Су-34 і Су-35. Самалёты пры гэтым падымаліся ў паветра для нанясення ўдараў па тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны, а верталёты выкарыстоўваіся для прыкрыцця і на выпадак неабходнасці падбіраць пілотаў самалётаў.

Як пісалі mogilev.media, першая атака на расійскі верталёт адбылася апоўдні 13 мая ў небе над горадам Клінцы, у якім размяшчаецца вялікая вайсковая база. Верталёт Мі-8 разбіўся ў прыватным сектары горада, экіпаж загінуў. Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў пра разбурэнне пяці дамоў у Клінцах у выніку падзення верталёта – перадаюць “Навіны Бранска”.

Крушэнне самалёта Су-34 адбылося следам за падзеннем верталёта і пэўны час прычына аварыі была няяснай. Да вечара 13 мая правяралася інфармацыя пра магчымае збіццё альбо аварыю яшчэ двух “бартоў” расійскай арміі – самалёта і верталёта. Пазней інфармацыя пацвярдзілася – сумарна 13 мая ў Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты і два самалёты.

Як мяркуецца, самалёты павінны былі нанесці ўдары па цэлях у Чарнігаўскай вобласці (Украіна), а верталёты іх падстрахаваць, у тым ліку падабраць экіпажы – піша “Свабодная прэса”.

У сацсетках з’явіўся выкладзены мясцовымі жыхарамі відэазапіс атакі на адзін з верталётаў. Мяркуючы па ім, па Мі-8 нанеслі ўдар з зямлі. Для пошуку магчымых дыверсантаў у Бранскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Вынікі пакуль невядомыя. Гэтаксама, няма дакладнай інфармацыі, адкуль быў ненесены ўдар па іншых верталёце і самалётах – з зямлі, ці з паветра.

Як паведамляе тэлеграм-канал Baza, у выніку крушэння загінулі дзевяць чалавек. У верталёце Мі-8 у Клінцах знаходзіліся тры члены экіпажа. Другі верталёт Мі-8 упаў ва Унецкім раёне. Там таксама знаходзіліся тры члены экіпажа. У вёсцы Ніжняе загінулі два пілоты знішчальніка-бамбардзіроўшчыка Су-34. У вёсцы Сурэцкі Муравей загінуў пілот знішчальніка Су-35.

Па масштабах, страта расійскай арміяй цэлай авіягрупы за адзін дзень, супастаўляльная толькі з масавымі стратамі ў самым пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Бранскам збілі верталёт, упаў самалёт. Магчыма, упалі яшчэ верталёт і самалёт

Днём 13 мая ў небе Бранскай вобласці адбылося падзенне двух адзінак вайсковай тэхнікі. Каля палудня ў горадзе Клінцы, дзе размяшчаецца вялікая ваенная база, быў збіты верталёт Мі-8.

“Навіны Бранска” паведамляюць, што перад падзеннем верталёт доўга кружыў над горадам, а потым загарэўся і камянём упаў у прыватны сектар. Экіпаж – два чалавекі – загінуў.

Адразу пасля гэтага паявілася інфармацыя пра падзенне ваеннага самалёта Су-34, экіпаж якога таксама загінуў. Калі ў выпадку з верталётам дакладна вядома, што ён быў збіты, то абставіны падзення самалёта яшчэ высвятляюцца. Ад месца падзення Мі-8 да месца падзення Су-34 – 40 кіламетраў.

У Клінцоўскім раёне ўведзены план “Перахоп” – верагодна, шукаюць дыверсантаў.

Тэлеграм-канал Baza піша, што правяраецца інфармацыя пра магчымае падзенне яшчэ аднаго Су-34. Раней канал “112” паведаміў, што збітых верталётаў Мі-8 магло быць два. «Асцярожна, навіны» пішуць, што другі верталёт упаў ля вёскі Сурэцкі Муравей за 10 кіламетраў ад Клінцоў.

Фота: “Навіны Бранска”

Расія ноччу атакавала Украіну, у Мікалаеве жылы дом трапіў пад удар

Ноччу расійскія войскі ўдарылі беспілотнікамі па чатырох рэгіёнах Украіны – Кіеўшчыне, Хмяльніччыне, Львоўшчыне і Мікалаеўшчыне. Найбольш сур’ёзна пацярпеў горад Мікалаеў, тут быў уражаны пяціпавярховы жылы дом (на фота) і будынак хлебазавода, ёсць параненыя – перадаюць news.pn.

У Хмяльніцкай вобласці ёсць пападанне ў аб’ект інфраструктуры. Ён знаходзіцца па-за межамі населеных пунктаў і ў выніку ўдару будзе зменены расклад руху цягнікоў.

У Кіеўскай вобласці збіты беспілотнік упаў на жылы дом – паведамляе агенцтва Unian.

Фота з адкрытых крыніц

Украінская армія пачала контрнаступ – заяўляюць ваенкоры і аналітыкі

Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.

“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.

Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.

Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў. 

Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.

Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула. 

Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.

Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай,  што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.

У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.

Фота з адкрытых крыніц

На Магілёўшчыне перакопваюць і завальваюць дрэвамі дробныя дарогі ў Расію

Дробныя дарогі на памежжы з Расіяй на тэрыторыі Магілёўскай вобласці пачалі перакопваць і завальваць дрэвамі. Гэта адбываецца на фоне ўвядзення шчыльнага пашпартнага кантролю на мяжы ўсіх грамадзян, якія прыбываюць у Беларусь з Расіі. Такі кантроль пачаўся 5 мая, хутка пасля серыі дыверсій на чыгуначных шляхах у Бранскай вобласці. 

Шматлікія СМІ паведамлялі пра ўзнікненне доўгіх чэргаў з аўтамашын на расійскім баку мяжы. Цяпер жа, верагодна, вырашана перакрыць альтэрнатыўныя шляхі пранікнення ў Беларусь з тэрыторыі Расіі. Дробнымі дарогамі на памежжы пераважна карыстаюцца мясцовыя жыхары, а таксама кантрабандысты.

Вечарам 9 мая стала паяўляцца інфармацыя пра чэргі і з адваротнага боку мяжы. Так, “Фонтанка” піша пра чэргі з аўтамабіляў на 4-5 гадзін на трасе з Віцебска праз прапускны пункт Лабок. “Стаю больш за 4 гадзіны – паведаміў выданню адзін з аўтамабілістаў – наперадзе бачная мяжа, белы знак, КПП і за ім 100 метраў прыкладна. Гэта значыць, мяркуючы па колькасці машын наперадзе, яшчэ паўтары-дзве гадзіны стаяць.”

Фота ілюстрацыйнае

Расія абстраляла Кіеў раніцай 9 мая, усе ракеты збітыя

У 04:00 раніцы 9 мая па сталіцы Украіны Кіеву была здзейснена масавая атака крылатымі ракетамі, але ўсе 15 з 15-ці былі збітыя сістэмай супрацпаветранай абароны.

Усяго ноччу з 8-га на 9-е мая расійскія войскі здзейснілі два масавых абстрэлы тэрыторыі Украіны. Як паведамляе агенцтва Unian каля 22:00 8 мая з марскіх носьбітаў ракет у Чорным моры па ўсходняй тэрыторыі Украіны былі выпушчаныя 8 ракет “Калібр”. 

Бліжэй да чатырох гадзін раніцы 9 траўня расійскія акупанты выпусцілі 17 крылатых ракет паветранага базіравання тыпу Х-101/Х-555 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі – чатырох Ту-95МС з раёна Каспійскага мора.

Усе 15 ракет, якія былі накіраваныя на Кіеў у межах другой хвалі атакі, былі збітыя, падзення абломкаў на жылыя дамы выяўлена не было. Папярэдне – атака на сталіцу Украіны абыйшлася без ахвяр і пацярпелых.

Паведамляецца, што сумарна за дзве атакі украінская супрацьпаветраная абарона паспяхова паразіла 23 крылатыя ракеты з 25-ці.

Фота: Unian